ЗША папярэдзілі Беларусь пра «рашучы і хуткі адказ», калі Украіну атакуюць з нашай тэрыторыі
Пра гэта заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента Нэд Прайс на штодзённым прэс-брыфінгу.
26.01.2022 / 09:17
Фота: Reuters
«Мы далі зразумець Беларусі, што, калі яна дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для атакі на Украіну, то сутыкнецца з хуткім і рашучым адказам з боку ЗША, нашых саюзнікаў і партнёраў», — распавёў ён.
Нэд Прайс таксама дадаў, што ў такой сітуацыі НАТА можа пайсці на нарошчванне сіл у краінах — членах альянса, якія мяжуюць з Беларуссю.
Нагадаем, 24 студзеня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што да яго давялі пазіцыю Дзярждэпартамента ЗША.
— Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: ды калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, дазволіце гэта, то, то мы ўвядзём санкцыі. Калі вы гэта ядзерную зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэта. Разумееце, ментарскі нейкі тон у дачыненні да Беларусі. ( … ) Нам не трэба ніякай вайны. Але гэтыя ж амерыканцы рукамі палякаў, латышоў і самі асабіста падштурхоўваюць нас да гэтых дзеянняў. Мы былі донарам бяспекі ў рэгіёне. Нас заўсёды паважалі за гэта. Навошта вы нас у 2020 годзе штурхаеце і робіце агрэсарамі. Па іх тэрміналогіі. Навошта гэта трэба было? А сёння яны нам пагражаюць, — сказаў у панядзелак Лукашэнка.