Кітай заявіў пра неабходнасць вярнуцца да Мінскіх пагадненняў
Міністр замежных спраў Кітая Ван І ў размове з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам заявіў, што для вырашэння канфлікту на ўсходзе Украіны бакі павінны вярнуцца да выканання Мінскіх пагадненняў.
27.01.2022 / 11:11
Мінск. 11 лютага 2015 года. Фота ТАСС
«Для вырашэння ўкраінскага пытання ўсё роўна прыйдзецца вярнуцца да Мінскіх дамоўленасцяў, гэта зыходная кропка. Гэта асноватворны дакумент, прызнаны ўсімі бакамі, і яго палажэнні трэба выконваць», — адзначыў Ван І. Ён таксама заклікаў пазбегнуць эскалацыі канфлікту і не раздзімаць крызіс.
«Рэгіянальная бяспека не можа быць гарантаваная за кошт ўмацавання і пашырэння ваенных блокаў», — заявіў кітайскі міністр. Паводле яго слоў, бяспека адной дзяржавы не можа забяспечвацца за кошт бяспекі іншых краін.
Таксама Ван І асудзіў «менталітэт халоднай вайны» і заклікаў ЗША, ЕС, Украіну і Расію вырашыць спраблемы з дапамогай дыпламатыі.
Мінскія пагадненні — дакумент, скіраваны на вырашэнне крызісу на ўсходзе Украіны. Быў узгоднены ў Мінску 11-12 лютага 2015 года кіраўнікамі Расіі, Украіны, Нямеччыны і Францыі.