Toyota абвясціла аб стварэнні пасажырскага месяцахода з робатарукой. Ён будзе прыдатны і для асваення Марса
Фірма Toyota разам з японскім агенцтвам аэракасмічных даследаванняў распрацоўвае месяцаход, які павінен дапамагчы людзям каланізаваць Месяц да 2040 года. Пра гэта піша apnews.com са спасылкай на заяву чыноўнікаў і кампаніі.
28.01.2022 / 20:28
Графічная ілюстрацыя, зробленая кампаніяй Toyota Motor Corporation.
Месяцаход назвалі Lunar Cruiser — Месячны крэйсер. Гэта адсылка да ўседарожніка Toyota Land Cruiser. Чакаецца, што апарат распрацуюць да канца 2020-х гадоў. А на Месяц ён мусіць адправіцца да 2030 года.
Мяркуецца, што гэтую машыну можна будзе пасля выкарыстоўваць і на Марсе.
«Мы разглядаем космас як новую галіну для працы нашай кампаніі. Выправіўшыся ў космас, мы зможам пачаць працу над іншымі тэхналогіямі, якія акажуцца карыснымі для чалавечага жыцця ў новых умовах», —
сказаў кіраўнік праекта Lunar Cruiser Така Ката.
Паводле задумкі кампаніі, людзі змогуць есці, працаваць, спаць і мець зносіны адзін з адным на Месяцы, не выходзячы з Lunar Cruiser.
Месяцаход абсталююць рабатызаванай рукой, якая зможа хапаць і падымаць прадметы. Яе распрацавала кампанія Gitai Japan. Прылада мае зменныя насадкі для працы з рознымі інструментамі.