У Белым доме з'явілася кошка — яна «вядзе» твітар пра свае прыгоды ФОТА
У Белым доме кошка пасялілася ўпершыню з 2009 года. Фатаграфіі жывёлы апублікаваў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. «Сардэчна запрашаем у сям'ю Байдэнаў», — напісаў ён.
30.01.2022 / 08:33
Кошка, якую назвалі Уілаў, далучылася да Камандора — шчаняці нямецкой аўчаркі, якога падаравалі Байдэнам у снежні. У жывёл ёсць уласны твітар The Oval Pawffice («Авальны лапінет»), на якія падпісана больш за 200 тысяч чалавек. Там публікуюць фатаграфіі жывёл і расказваюць пра іх прыгоды ў Белым доме, піша TJ.
У адным з допісаў Уілаў «распавяла», што ёй два гады, а раней яна была бадзяжнай кошкай. Да Байдэнаў жывёла трапіла пасля таго, як заскочыла на сцэну падчас выступу Джыл Байдэн у Пенсільваніі. Сваё імя яна атрымала ў гонар горада Уілаў Гроўв — менавіта там яна нарадзілася і жыла.
Прывітанне, людзі. Мяне зваць Уілаў Байдэн, мне два гады, і я толькі што стала Першай кошкай. Нягледзячы на тое, што майго брата клічуць Камандор, і ён буйнейшы за мяне, я ўпэўненая, што буду галоўнай. Мяў!
Раней я жыла на ферме, што нармальна для бяздомных. Мая мяўма назвала мяне Уілаў ў гонар Уілаў Гроув, дзе я нарадзілася. Джыл Байдэн заўважыла мяне пасля таго, як я ўскочыла на сцэну і перапыніла яе прамову.
Лапа да лапы, мяўкаць і брахаць, мы цяпер брат і сястра, кацяня Уілаў радуе маё маленькае шчанячае сэрца.
Папярэдняй Першай кошкай ЗША была Індыя — яна жыла ў сям'і прэзідэнта Джорджа Буша-малодшага да 2009 года. У Барака Абамы былі сабакі, а Дональд Трамп не заводзіў жывёл у Белым доме.