Парламент Казахстана адмяніў неабходнасць узгаднення з Назарбаевым асноўных напрамкаў палітыкі
Мажыліс (ніжняя палата) парламента Казахстана прыняў заканадаўчыя папраўкі, якія адмяняюць неабходнасць ўзгаднення з экс-прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі.
02.02.2022 / 09:14
Папраўку ў закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя канстытуцыйныя законы Рэспублікі» прапанавала верхняя палата парламента (Сенат) 27 студзеня.
Такім чынам, закон лічыцца прынятым парламентам і будзе накіраваны на подпіс прэзідэнту Касым-Жамарту Такаеву, паведамляе «Новая газета».
Статус елбасы замацаваны ў законе, прынятым у 2000 годзе, а неабходнасць узгаднення з ім дзяржпалітыкі была замацаваная папраўкамі 2010 года.
Адначасова з гэтым прыняты Канстытуцыйны закон прадугледжвае змены ў артыкул закона «Аб першым прэзідэнце», згодна з якімі Назарбаеў не будзе ўзначальваць Асамблею народа Казахстана (АНК) і Раду бяспекі краіны. Назарбаеў перадаў паўнамоцтвы кіраўніка АНК Такаеву ў 2021 годзе, пасады кіраўніка Рады бяспекі ён пазбавіўся падчас пратэстаў.
Першаму прэзідэнту, паводле паправак, якія былі апублікаваныя 20 студзеня, захаваюць права ўваходзіць у склад Канстытуцыйнай рады рэспублікі і выступаць ва ўрадзе і парламенце.
У Казахстане 2 студзеня з-за павышэння цэн на газ пачаліся масавыя пратэсты. Яны хутка распаўсюдзіліся па ўсёй краіне і перараслі ў сілавыя сутыкненні. Самыя жорсткія сутычкі ішлі ў былой сталіцы краіны Алматы. Урад Казахстана пайшоў у адстаўку, а прэзідэнт увёў надзвычайнае становішча на ўсёй тэрыторыі краіны. Пасля пачаліся перастаноўкі на кіруючых пасадах у органах улады і буйных кампаніях.
18 студзеня Назарбаеў упершыню пасля пратэстаў з'явіўся на публіцы. Ён назваў сябе пенсіянерам і заявіў, што студзеньскія пратэсты і беспарадкі ў краіне сталі «атакай на Казахстан з мэтай разбурыць асновы дзяржавы».