Міністр юстыцыі дэклараваў неабходнасць змагання з «нацменамі». Сам ён родам з Данбаса, а ўсю кар'еру рабіў у міліцыі
Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка на пасяджэнні калегіі Міністэрства 4 лютага заявіў, што «да ліку найважнейшых ахоўных функцый дзяржавы адносіцца недапушчэнне дзейнасці некамерцыйных арганізацый, якія могуць спрыяць нанясенню шкоды нацыянальным інтарэсам рэспублікі». Пры гэтым ужыў у дачыненні да іх слова «нацмены», то-бок «нацыянальныя меншасці».
04.02.2022 / 21:26
БелТА цытуе словы міністра:
«Міністэрства юстыцыі, адпаведныя рэгіструючыя органы павінны стаць надзейнай перашкодай для ўсякага роду так званых нацменаўскіх ячэек і правадніком для канструктыўных грамадскіх арганізацый».
Ці азначае гэта, што ў вышэйшых кіраўнічых колах ужо схільныя разглядаць змаганне з грамадзянскай супольнасцю як змаганне міжнацыянальнае, з беларусамі як такімі?
Сам Хаменка нарадзіўся на Данбасе ў 1966-м, у горадзе Ясінаватая, што цяпер знаходзіцца пад кантролем непрызнанай ДНР.
Да прызначэння міністрам юстыцыі Сяргей Хаменка кар'еру рабіў у МУС: унутраныя войскі, Дэпартамент аховы і падобнае.
Пры гэтым у міліцэйскім асяродку Хаменку крытыкавалі за няўменне выказвацца. Магчыма, ён проста не разумее значэння слова «нацмен», але ўставіў яго — як герой аднаго твора, у якога хвалі пераліваліся цераз борт «імклівым дамкратам».