Рэцэпт на выходныя: пастухоў пірог
Пастухоў пірог — класічная брытанская страва, вядомая мінімум з 18 стагоддзя. Прапануем вам правераную версію гэтага традыцыйнага рэцэпту. Асаблівы смак яму надае толіка чырвонага віна, але можна рабіць і без яго.
12.02.2022 / 10:00
Фота: BBC Food
Каб зрабіць пастухоў пірог, вам спатрэбіцца:
- 50 мілілітраў аліўкавага алею
- вялікая цыбуліна (трэба яе тонка парэзаць)
- 650 грамаў ялавічнага фаршу
- 2 чайныя лыжкі таматнай пасты або пюрэ
- чайная лыжка мукі
- 150 мілілітраў чырвонага віна
- чабор ці іншыя любімыя спецыі
- 400 мілілітраў ялавічнага булёну
- вустэрскі соус (можна замяніць яблычным ці 9%-ным воцатам, бальзамічным воцатам ці соевым соусам)
- соль
- молаты чорны перац
- 900 грамаў бульбы
- 115 грамаў масла
- 125 мілілітраў малака
- Разагрэйце палову алею ў вялікай патэльні з тоўстым дном. Памясціце ў патэльню цыбуліну і смажце яе, пакуль яна не стане мяккай. Дастаньце цыбулю з патэльні.
- Выліце ў патэльню рэштку алею і вярніце яе на агонь. Калі патэльня разагрэецца, смажце на ёй фарш на працягу 4—5 хвілін ці пакуль ён не набудзе карычневы колер. Дадайце цыбулю і таматнае пюрэ, перамяшайце і тушыце ўсю сумесь на працягу хвіліны. Дадайце муку і тушыце яшчэ хвіліну. Уліце віно і дадайце чабор.
- Дадайце ў сумесь булён, перамяшайце. Варыце сумесь на малым агні 45 хвілін ці пакуль фарш не стане мяккі. Дадайце вустэрскі соўс. Пакіньце сумесь на вельмі малым агні, каб яна не астыла.
- Разагрэйце духоўку да 180 градусаў (гэтую страву можна гатаваць і на грыле). Пакладзіце бульбу ў каструлю з падсоленай вадой і давядзіце яе да кіпення. Варыце бульбу на малым агні 12—15 хвілін ці пакуль яна не стане мяккай. Высушыце бульбу і вярніце яе ў каструлю. Растаўчыце бульбу, дадайце масла і малако, перамяшайце, каб атрымалася аднародная маса.
- Размясціце мясную начынку ў форме для выпякання і пакладзіце зверху яе бульбяное пюрэ. Пастаўце форму ў духоўку і выпякайце пірог 8—10 хвілін да гатоўнасці (пакуль яго верх не стане карычнева-залатым). Падаваць пірог можна з зялёным гарошкам.