Макрон: Наступныя дні будуць вырашальнымі для Украіны, а незалежнасць Беларусі павінна быць захаваная
Эманюэль Макрон, падсумоўваючы вынікі сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, заявіў, што наступныя дні будуць вырашальнымі ў пытанні дээскалацыі на расійска-ўкраінскім памежжы. Прэзідэнт Францыі выказаў здагадку, што сустрэча з Пуціным у Маскве 7 лютага мела пэўны прагрэс.
08.02.2022 / 08:30
«Наступныя некалькі дзён будуць вырашальнымі і запатрабуюць інтэнсіўных абмеркаванняў, якія мы будзем праводзіць разам», — адказаў Макрон журналістам пасля вячэры з Пуціным, паведамляе Unian са спасылкай на Reuters.
Пуцін заявіў, што некаторыя ідэі Макрона могуць справакаваць крызіс:
«Шэраг яго ідэй, прапаноў, пра якія, мабыць, яшчэ рана казаць, думаю, цалкам могуць стаць асновай нашых будучых сумесных крокаў».
Макрон зноў пагаворыць з Пуціным пасля сустрэчы з украінскім кіраўніцтвам. Сёння прэзідэнт Францыі наведае Кіеў.
Пры гэтым Макрон адзначыў, што незалежнасць Украіны, Малдовы і Беларусі, дзе Расія праводзіць вайсковыя вучэнні, павінна быць захаваная, і што ён, у сваю чаргу, таксама ўпэўнены ў прагрэсе.
«Разам… Я ўпэўнены, што мы дасягнем выніку, нават калі гэта будзе няпроста», — адказаў Макрон.
Пуцін, па яго словах, настойвае на юрыдычных абавязацельствах NATO і ЗША адносна неўступлення Украіны ў Альянс, бо гэта, па яго перакананні, можа пагражаць нацбяспецы краіны.
Падчас сустрэчы з Макронам Пуцін пацвердзіў, што патрабуе ад Кіева выканання Мінскіх пагадненняў, маючы на ўвазе выдачу «асаблівага статусу» Данбасу на ўмовах Масквы: «Іншай альтэрнатывы проста няма. У Кіеве то кажуць, што будуць выконваць, то кажуць, што гэта разбурыць іх краіну. І прэзідэнт дзеючы нядаўна заявіў, што яму ніводны пункт не падабаецца з гэтых Мінскіх пагадненняў. Ну, падабаецца, не падабаецца — цярпі мая прыгажуня! Трэба выконваць».