Фільм тыдня: «Першы сустрэчны». Рамантычная камедыя з Джэніфер Лопез — ідэальны варыянт, каб проста расслабіцца

Карціна «Першы сустрэчны» (Marry Me) выходзіць у мінскі пракат 10 лютага, якраз напярэдадні Дня святога Валянціна. Стужка была гатовая яшчэ ў жніўні 2020 года, але ж выхад карціны адклалі праз пандэмію. Тлумачым, чаму яе варта паглядзець. 

09.02.2022 / 19:52

Фота: kinopoisk.ru.

Мора пачуццяў: каханне, здрада, новае каханне

Гэта гісторыя вядомай (выдуманай) спявачкі Кэт Вальдэз, якая чакае шлюбу з каханым Басціянам. Не абы кім, а таксама поп-зоркай.

Для цырымоніі пара выбірае незвычайныя абставіны: Кэт і Басціян жадаюць пабрацца шлюбам на вялікім канцэрце перад натоўпам фанатаў.

За некалькі хвілін да ўрачыстасці Кэт атрымлівае жахлівую інфармацыю, што Басціян ёй здрадзіў. Але ж яе ўсё роўна чакае цырымонія! І Кэт прымае нечаканае рашэнне — выйсці замуж за незнаёмца, першага, хто трапіў ёй на вочы сярод фанатаў на тым самым канцэрце, — простага выкладчыка матэматыкі.

Забойны акцёрскі склад

Якімі б яркімі ні былі Кэт і Басціян, іх ролі выконваюць не меншыя зоркі (а то і большыя).

За Кэт «адказвае» Джэніфер Лопез — спявачка, якая не патрабуе прадстаўлення. Але ж нагадаем, што Лопез яшчэ і вопытная актрыса. Вось некалькі самых вядомых стужак з яе ўдзелам: «Селена», «З мяне хопіць», «Давайце патанцуем».

Што да здрадніка Басціяна, яго ў стужцы сыграў калумбійскі спявак Малума, выканаўца спеваў у жанры рэгетон. Ён не такі знакаміты ў нас, як Джэй Ло, але ж гэта адзін з найлепшых лацінаамерыканскіх спевакоў, калі глядзець па продажах альбомаў і сінглаў.

Фота: New York Times / Universal Pictures.

Ролю выкладчыка матэматыкі, за каго выйшла Кэт, выконвае таксама зорка. Гэта Оўэн Уілсан, і вы дакладна бачылі яго ў столькіх камедыях, што цяжка падлічыць. Уілсан здымаўся ў такіх стужках, як «Знаёмства з бацькамі», «Знаёмства з Факерамі», «Ноч у музеі» (усе тры часткі), «Вялікі год». Дададзім да гэтага некамедыйныя, але не менш вядомыя «Армагеддон» і «Вакол свету за 80 дзён» — і гэта далёка не ўвесь пералік.

 Выдатны саўндтрэк

«Першы сустрэчны» — фільм са спевакамі і пра спевакоў, таму натуральна, што ад карціны чакаюць добры саўндтрэк. Частку песень для альбома запісала Джэніфер Лопез, частку — Малума, плюс на дыску ёсць тры іх сумесныя трэкі.

Лопез тлумачыць, што ёй не хацелася выдаваць чарговы дыск «ад Джэй Ло». Яна жадала ўвасобіць сваю гераіню ў музыцы, зрабіць нешта адметнае.

Схадзіце і паглядзіце, як атрымалася.

Фільм тыдня: «Паралельныя маці». Новая стужка Альмадовара, якой 9 хвілін апладзіравалі у Венецыі

Што паглядзець. «Мюнхен: на мяжы вайны» — шпіёнскі трылер пра Мюнхенскую змову, які пакідае адчуванне дэжавю

Nashaniva.com