Ветэрынар, дзякуе вайскоўцам, спіць спакойна. Расказваем пра новага міністра сельскай гаспадаркі

Больш за месяц беларусы жылі без міністра сельскай гаспадаркі. А сёння замест Івана Крупко, які прабыў на пасадзе амаль два гады, прызначылі Ігара Брыло. Расказваем, што пра яго вядома.

10.02.2022 / 17:38

Ветэрынар з Барысава

Брыло 49 гадоў. Ён выпускнік барысаўскай сярэдняй школы № 19, скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут.

Пачынаў працу ў Барысаўскай райветстанцыі. Потым быў галоўным ветурачом мясцовага мясакамбіната, галоўным ветурачом Барысава, узначальваў Смалявіцкую бройлерную птушкафабрыку.

Паралельна скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, мае званне дацэнта.

Працаваў намеснікам дырэктара на эксперыментальнай базе ў Жодзіне, у «Беларусьгандлі», на Барысаўскім хлебакамбінаце. Пасля два гады правёў на пасадзе намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама.

У 2013-м стаў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, у красавіку 2021-га — першым намеснікам міністра.

Фота ў майцы Russia і прэс-сакратарка, якая мацюкалася

Міжволі Ігар Брыло ў 2019 годзе трапіў у скандал. Ён выклаў у Інстаграме здымак, на якім ён пазіруе ў майцы «Russia» на барысаўскім прадпрыемстве «Здравушка».

СМІ звярнулі ўвагу на гэты выпадак, пасля чаго чыноўнік закрыў свой акаўнт. А прэс-сакратарка Міністэрства сельскай гаспадаркі Зінаіда Берашчэнка абмацюкала журналіста «Нашай Нівы», які звярнуўся па каментарый.

Пасля Берашчэнка выбачалася «за эмацыйнасць», але яе звольнілі.

Рэвалюцыі не будзе

У сваіх публічных выступах Брыло звычайна хваліўся дасягненнямі беларускай селскай гаспадаркі, адзначаў яе стабільнасць, прыводзіў лічбы экспарту. Ды і ў першым жа каментарыі на пасадзе міністра ён адзначыў:

«Тая тэндэнцыя развіцця АПК, якая ідзе ў апошнія гады… Мы, напэўна, і будзем яе прытрымлівацца. Нейкіх асаблівых, рэвалюцыйных зменаў мы рабіць не будзем».

«Мы спім спакойна»

Як і большасць чыноўнікаў, пасля пратэстаў 2020 года Брыло не мог не выказацца пра палітычную сітуацыю ў краіне. 

Многія з тых, хто ў мінулым годзе перайшоў на іншы бок дарогі, ужо ўсё пераасэнсавалі, усвядомілі памылкі і вярнуліся, казаў ён.

«Гэта адбылося таму, што яны зразумелі, што было б у гэтым хаосе, які хацелі ў нас зрабіць. А гэта быў бы хаос, — запэўніваў Брыло. — Так, і мне хочацца нешта палепшыць, і я бачу праблемныя пытанні. Але я б хацеў іх абмяркоўваць з патрыётамі сваёй краіны ўнутры Беларусі. А меркаванне кагосьці з боку асабіста для мяне — ні пра што».

Таксама ён адзначаў, што аграрыі амаль не пратэставалі пасля выбараў 2020 года. І патлумачыў чаму — магчыма таму, што ў сельскай гаспадарцы не самыя высокія зарплаты, ды і праца не самая прывабная, калі параўноўваць з працай у чыстых сталічных офісах. 

«Гэтыя людзі, можа быць, не могуць сабе дазволіць схадзіць кудысьці ў рэстаран, у нейкі спа-цэнтр або фітнэс-цэнтр. Але гэтыя людзі насамрэч засталіся верныя Прэзідэнту […]. Напэўна, людзі бачылі стаўленне прэзідэнта да сельскай гаспадаркі, яго трапяткое стаўленне, як ён умеў паставіць усім нам задачы», — казаў Брыло.

Таксама ён дзякаваў вайскоўцам:

«Я выкажу асабістае меркаванне з нагоды ваенных, людзей, якія носяць на плячах пагоны. Трэба сказаць ім вялікі дзякуй за тое, што пры ўсім жаданні кагосьці разгайдаць краіну, яны гэтага не дазволілі і не зрабілі. На самой справе, адчуваецца наша сіла ў дзяржаве. Я заўсёды паважліва ставіўся да гэтых людзей, але цяпер з нейкім трымценнем.

Гэта адно. Другое, што тычыцца нас. За бяспеку, як я кажу, ёсць у нас у краіне каму адказваць, і мы спім спакойна».

Чытайце яшчэ:

«Настаўнік не павінен звяртаць увагу на зарплату, бо гэта пакліканне». Пяць фактаў пра новага міністра адукацыі

Nashaniva.com