«Я цябе грохну, не верыш?» З'явілася ВІДЭА канфлікту з сілавікамі на Салігоршчыне, дзе бацька са стрэльбай абараняў сына

Сілавікі ў цывільным прыйшлі на падворак сям’і з-пад Салігорска. Але нешта пайшло не так: на відэа штурханіна, бойка, мацюкі і мужык са стрэльбай. 

11.02.2022 / 15:43

3-га лютага ў пасёлак Чырвоная Слабада міліцыянты прыехалі затрымліваць 38-гадовага Дзяніса Якубовіча, які на той момант наведваў бацькоў. МУС паведаміў, што Якубовіч быў у вышуку як абвінавачаны па крымінальнай справе.

Але Дзяніс і яго 65-гадовы бацька Уладзімір аказалі супраціўленне міліцыянтам. Бацька ўдарыў аднаго з іх прыкладам паляўнічай стрэльбы і тройчы стрэліў у паветра. У выніку іх усё ж затрымалі, цяпер абодвум пагражае да сямі гадоў за гвалт у дачыненні да сілавікоў.

«Наша Ніва» звязвалася з маці Дзяніса Якубовіча, былой школьнай дырэктаркай, але жанчына адмовілася ад каментарыяў.

Цяпер з’явілася відэа канфлікту.

На запісе бачна, што затрымліваць Дзяніса Якубовіча прыйшлі трое сілавікоў у цывільным. Двое зайшлі ў двор дома, адзін застаўся чакаць за плотам. Выглядае, што яны не прадстаўляліся: бо Якубовіч патрабуе ў іх паказаць дакументы, а жаночы голас за кадрам лямантуе: «Выклікайце міліцыю!».

Таксама бачны старэйшы Уладзімір Якубовіч са стрэльбаю ў руках. Ён штурхае людзей у цывільным, напраўляе на іх зброю. У нейкі момант ён робіць стрэл у паветра. Дзяніс Якубовіч штурхаецца з адным з «гасцей», у нейкі момант яны валяцца на зямлю.

Пасля канфлікт пераходзіць у слоўны.

Потым Дзяніс Якубовіч зачытвае адказ на скаргу, якую ён напісаў у сувязі з неправамернымі дзеяннямі следчага. У адказе паведамляецца, што скарга разглядаецца. У сувязі з чым напісаная скарга — невядома.

Nashaniva.com