«Выскачыў бацька, зрабіў тры стрэлы». Міліцыянер з рэзанаснага відэа ў Чырвонай Слабадзе расказаў «Нашай Ніве» сваю версію падзей
Сёння з'явілася відэа канфлікту ў пасёлку Чырвоная Слабада, дзе сын Дзяніс і бацька Уладзімір Якубовічы са зброяй у руках адбіваліся ад міліцыі. У выніку кулі ні ў кога не трапілі, мужчын затрымалі. Але гісторыя цьмяная, падрабязнасцяў дагэтуль няма. Сваякі Якубовічаў нічога не каментуюць — ні маці, ні сястра. «Наша Ніва» дазванілася да супрацоўніка міліцыі, які ўдзельнічаў у затрыманні.
11.02.2022 / 20:23
Фота: скрыншот відэа.
Аператыўніка завуць Арцём Шкода. Ён працуе ў аддзеле па раскрыцці крадзяжоў крымінальнай міліцыі УУС Мінаблвыканкама.
— Мы прыехалі затрымліваць чалавека па абсалютна плёвым артыкуле, — кажа Арцём Шкода. — Увайшлі ў дом, прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. А там далей пачалося….
Непадпарадкаванне, супраціўленне. У працэсе гэтага выскачыў бацька, зрабіў тры стрэлы: адзін у паветра, два ў бок супрацоўніка, але той ухіліўся, так выйшла.
Мы спрабавалі справу давесці да канца, але я атрымаў чатыры ўдары па галаве. Далей падзеі працякалі не вельмі добра: нас пачалі абвінавачваць, што мы не ў форме, патрабаваць дакументы апроч пасведчання.
— У тэлеграм-каналах гуляе версія, што вы прыехалі ў гэтую сям'ю, бо Дзяніс Якубовіч напісаў скаргу на неправамерныя дзеянні следчага.
— Я не чытаю тэлеграм-каналаў. Але разважаць, што следчага пакрыўдзілі — і міліцыя кінулася абараняць гонар і годнасць паруганага следчага… Ну гэта ж трызненне. У мяне ёсць пастанова на затрыманне, бо чалавек хаваецца ад следства — гэта нагода.
— А што яму інкрымінуецца?
— Не буду на гэтае пытанне адказваць, хай гэтую інфармацыю вам даюць следчыя органы, калі палічаць неабходным.
— Страшна вам было ў той момант?
— Усе псіхічна здаровыя людзі — канечне было [страшна].
— Па відэа не відаць, што вам страшна. Ідзяце на зброю.
— У мяне стаіць задача затрымаць чалавека, як я яе выканаю — мае праблемы.
— Але калі б вас застрэлілі, вы б не выканалі.
— Ну, выканалі б ужо іншыя супрацоўнікі.
— Яшчэ пытанне. На відэа чуваць словы, што вось тут «двое», і яшчэ адзін «там стаіць».
— Трэці супрацоўнік быў адпраўлены па машыну.
— А як вы забралі зброю ва Уладзіміра Якубовіча?
— Я гэты момант ужо не бачыў, не магу сказаць.
Арцём Шкода кажа, што нічога не казаў пра страляніну сваякам, каб іх не трывожыць, «але ўсе і так ведаюць».
Дарэчы, Арцём Шкода — сын вядомага ў міліцэйскіх колах Сяргея Шкоды, які быў намеснікам кіраўніка ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Мінскай вобласці, а потым узначальваў упраўленне бяспекі ў Дзяржаўным мытным камітэце.