Прэзідэнтам Германіі пераабраны Штайнмаер

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер пераабраны на другі тэрмін. 13 лютага за яго прагаласавала істотная большасць сяброў Федэральнага сходу, паведамляе Deutsche Welle.

13.02.2022 / 20:16

Сацыял-дэмакрата Штайнмаера падтрымалі ўсе вядучыя партыі. Не галасавалі за яго толькі правыя папулісты з «Альтэрнатывы для Германіі» і «Левыя». Усяго за 66-гадовага палітыка прагаласавалі 1045 з 1425 сябраў сходу, 86 устрымаліся, 294 чалавекі прагаласавалі за іншых кандыдатаў.

Упершыню Штайнмаер быў абраны прэзідэнтам у 2017 годзе. Раней ён займаў пасаду міністра замежных спраў Германіі ў кааліцыйным урадзе ХДС/ХСС і СДПГ, а таксама быў віцэ-канцлерам. Палітык удзельнічаў у перамовах па «Мінскіх дамовах».

Прэзідэнтам Германіі можа стаць любы грамадзянін гэтай краіны, які дасягнуў 40-гадовага ўзросту і валодае выбарчым правам. Прэзідэнта абіраюць на пяць гадоў, пераабірацца на гэтую пасаду можна ўсяго адзін раз. Хоць ён лічыцца кіраўніком дзяржавы, але на практыцы ягоная роля больш цырыманіяльная. Рэальныя ўладныя паўнамоцтвы ў асноўным у руках федэральнага канцлера.

Nashaniva.com