Паслы ЕС заклікалі вызваліць Уладзіміра Мацкевіча

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы еўрапейскіх краін у Беларусі заклікаюць беларускія ўлады вызваліць Уладзіміра Мацкевіча.

16.02.2022 / 17:01

«Філосаф і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч галадае ў знак пратэсту супраць незаконнага затрымання па абвінавачванні ў «падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Асноўныя свабоды павінны быць забяспечаныя. Вызваліце Уладзіміра!» — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўніцтвы еўрапейскіх краін нагадваюць, што ў Беларусі 1061 чалавек прызнаны палітвязнем, і заклікаюць вызваліць усіх, хто быў несправядліва пазбаўлены волі.

«Гісторыя кожнага зняволенага — красамоўнае сведчанне крызіснай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», — заяўляюць паслы.

Уладзімір Мацкевіч галадае ў СІЗА 13-ы дзень. 15 лютага ён адмовіўся прымаць ваду і перайшоў да сухой галадоўкі.

Філосаф, якога затрымалі 4 жніўня, патрабуе змяніць яму меру стрымання, завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд, прызначыць дату судовага разбору. Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 года. Яму прад'яўленыя абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342).

Чытайце таксама:

Пагоршыўся стан Уладзіміра Мацкевіча, які галадае 12-ты дзень. Яго блізкія: Усе яго патрабаванні законныя і выканальныя

Nashaniva.com