«Усе пад каўпаком, спісы ёсць». Чаму перад рэферэндумам да беларусаў прыходзяць сілавікі

Беларускія ўлады працягваюць нагадваць людзям, што не дапусцяць аніякай актыўнасці падчас рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю. За два тыдні да галасавання пачалі з’яўляцца паведамленні аб масавых «прафілактычных размовах» з актывістамі і тымі, хто меў «пратэсную» адміністратыўку па артыкуле 23.34 КаАП.

16.02.2022 / 19:07

«Калі вы перастанеце нас таптаць, вы ж пераможцы? У адказ — маўчанне»

«Год таму мяне судзілі па 23.34, далі штраф. Выклікалі ў РАУС. Пазванілі, запрасілі прыйсці, сказалі, што на размову, рэчы з сабою браць не трэба, — расказвае наш чытач. 

— Пыталіся, што думаю пра кіраўніка дзяржавы, што мне не падабаецца. Спрабавалі завязаць размову пра выбары, пра іх вынікі, пра сённяшнюю сітуацыю ў краіне.

Выглядала, як нейкi дыспут, дзе я мусіў вельмi дасканала падбiраць выразы. Але я нават спытаў падчас размовы: калі вы перастанеце нас таптаць, вы ж пераможцы? У адказ — маўчанне.

Пра рэферэндум, дарэчы, не было ані слова.

Не ведаю якая ставiлася ім задача, Але пры канцы я сказаў, што яго пункт гледжання зразумеў i маю надзею, што ён зразумеў i мяне. Размаўляў са мною нейкі мужчына. Па выглядзе — не думаю, што супрацоўнік МУС». 

«На апошніх прэзідэнцкіх выбарах я збіраўся быць назіральнікам»

«Да мяне прыязджалі дадому тыдні два таму. Двое маладых міліцыянтаў у форме. Паводзілі сябе ветліва, было відаць, што ім самім гэта не ў радасць, — расказвае чытач з адной з абласцей. — На апошніх прэзідэнцкіх выбарах я збіраўся быць назіральнікам, але захварэў на кавід і не змог.

Нейкім чынам пра гэта даведаліся і вось прыйшлі да мяне. Самі пра гэта казалі, а іншай прычыны і не было — раней мяне не затрымлівалі, у акцыях не ўдзельнічаў.

Пыталіся, ці збіраюся ўдзельнічаць у рэферэндуме, у якасці каго. Я адказваў: у якасці грамадзяніна. Пасля мне далі падпісаць паперу, што я не буду прымаць удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

«Пытаецца: «Дзе працуеш?» Кажу: «У Адміністрацыі прэзідэнта!»

Таксама людзі паведамляюць, што на некаторых прадпрыемствах работнікаў выклікае начальства і праводзіць размову. Падчас яе чалавеку кажуць: маўляў, ты засвяціўся на пратэстах, але мы цябе адстаялі, але калі засвецішся падчас рэферэндуму — дапамагчы ўжо нічым не зможам.

Вядома, што гэтыя гісторыі мы не можам пацвердзіць альбо абвергнуць. Але да некаторых актывістаў насамрэч прыходзілі сілавікі, якія забіралі людзей на «прафілактычную гутарку» ў міліцыю. 

Раніцай 14 лютага міліцыянты прыйшлі да Леаніда Кулакова і Маі Навумавай, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

«Пагрукалі ў дзверы, я падумаў, што гэта дворнікі, якія прыбіралі пад’езд. Адкрываю: стаяць трое ў цывільным. Кажуць: АМАП! — расказвае Кулакоў. — Спыталі, дзе Мая Навумава, убачылі яе, пасміхнуліся і кажуць: «Мы за вамі, трэба вас даставіць на сумоўе ў аддзел».

Пасадзілі нас у бус, адвезлі ў Першамайскае РУУС, адвялі ў аддзел прафілактыкі. Там малады лейтэнант. Пытаецца: «Ведаеце, за што?» Адказваю: «Не маю паняцця». Ён кажа: «Рэферэндум!»

Пасля Маю вывелі ў іншы кабінет, а на мяне лейтэнант пачаў складаць пратакол, што я нібыта «размахваў рукамі, лаяўся». 

Пытаецца: «Дзе працуеш?»

Кажу: «У Адміністрацыі прэзідэнта!»

Пытаецца: «А кім?»

Кажу: «Правідзец!»

Ён пачаў абурацца: «Што ты фігню нясеш?»

Я адказваю: «Ты на мяне фабрыкуеш справу, а сам хочаш, каб я з табою нармальна гаварыў? Хочаш твой лёс прадкажу, што цябе далей чакае?»

Ён кажа: «Я цябе пасаджу, атрымаеш 15 сутак, а пасля пратаколы зноў і зноў, выйдзеш праз год!»

У такім духу размова працягвалася нейкі час, кажа Кулакоў. Пасля яго завялі ў адзіночную камеру, паабяцалі, што ўвечары павязуць на Акрэсціна. У камеры Кулакоў прасядзеў каля шасці гадзін.

«Затым адвялі зноў у той жа кабінет. Там іншыя міліцыянты, начальства, мяне паабяцалі вызваліць. Далі падпісаць паперу, папярэдзілі, каб на рэферэндум мы нават не хадзілі. Паабяцалі, што будзе пікет ці мітынг — будзе крыміналка, — кажа Леанід Кулакоў. — Пасля нас усё ж адпусцілі. Што з пратаколам — я не ведаю».

«Хутчэй намякалі: «Вы разумееце, чаму вы тут?»

«Гэта было ўсё дзеля постраху, бо самой гутаркі можна сказаць, што і не было, — расказвае Мая Навумава. — Малады старлей гаварыў на «ты», было ўражанне, што хацеў справакаваць, каб я нешта сказала і можна было прышыць хуліганства ці абразу, таму я старалася асабліва не адкрываць рот лішні раз.

Але пратакол быў і на мяне, праўда, я адмовілася яго чытаць і азнаёміцца з ім. Затым таксама пільны агляд, камера.

Пасля мне далі падпісаць паперу, што гутарка адбылася, падчас яе вусна папярэдзілі, што калі мы недзе засвецімся, то будзе крымінальны артыкул.

Ці казалі адкрыта пра рэферэндум, я не памятаю. Хутчэй намякалі: «Вы разумееце, чаму вы тут?»

Кулакоў і Навумава падкрэсліваюць: апошні раз яны праяўлялі актыўнасць яшчэ да выбараў 2020 года. У чэрвені 2020 года іх судзілі за майскія пікеты на Камароўцы, Кулакоў атрымаў суткі, Навумава — штраф. Пасля ў іх не было ані затрыманняў, ані пратаколаў па «народным 23.34». Чаму прыйшлі менавіта да іх, яны не ведаюць.

«Казалі, каб на рэферэндуме не было ніякай актыўнасці»

Яшчэ адзін актывіст (імя і прозвішча вядомыя рэдакцыі «Нашай Нівы») расказвае, што яго раніцай забралі з дома міліцыянты, адвезлі ў РАУС на размову. Там ён правёў некалькі гадзін у камеры. Пасля з ім нарэшце «пагутарылі»:

«У РАУСе мяне палохалі тым, што магу трапіць на Акрэсціна. Сама размова была кароткая, хвілін сем. Казалі, каб на рэферэндуме не было ніякай актыўнасці.

У мяне за апошнія гады не было затрыманняў ці судзімасцяў. Але я мог засвяціцца раней, удзельнічаў у маршах супраць інтэграцыі з Расіяй, напрыклад. І ў міліцыі мне казалі, што ўсе, хто калісьці быў недзе заўважаны, у іх «пад каўпаком», спісы ў іх ёсць».

Чытайце яшчэ:

У Беларусі паўторна затрымліваюць былых палітвязняў і «хімікаў». Што адбываецца?

Nashaniva.com