Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку: Справа зрушылася з мёртвага пункту
Сёння ў прапагандысцкіх Telegram-каналах з’явілася відэа з Уладзімірам Мацкевічам, дзе ён есць і п’е. У тых жа крыніцах апублікаваная заява на імя начальніка СІЗА аб спыненні галадоўкі. Пазней была распаўсюджаная заява самога палітвязня, у якой ён выказвае надзею, што ўзнаўляць галадоўку не прыйдзецца.
17.02.2022 / 14:11
«Учора я стаў адключацца. Сусед выклікаў дактароў, зрабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвага пункту. Я спыніў галадоўку і вечарам каля 19:00 напісаў заяву. Спадзяюся, што ўзнаўляць не прыйдзецца», — такую заяву перадаў праз свайго адваката Уладзімір Мацкевіч.
Як лічаць сям'я і сябры філосафа, хваля грамадскай салідарнасці дазволіла дамагчыся таго, што былі прынятыя пастановы і справе быў дадзены ход.
«Нягледзячы на пазітыўны зрух у справе, якога дамогся Уладзімір Мацкевіч, не ўсе патрабаванні на гэты момант выкананыя. Гэта патрабуе ад нас працягу дзеянняў, накіраваных на завяршэнне следства і перадачы справы ў суд», — адзначаецца ў заяве блізкіх палітвязня.
У лісце да начальніка СІЗА пазначана, што Мацкевіч абвінавачваецца па арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Аб гэтым было вядома раней, аднак цяпер фігуруе таксама арт. 361-1 Крымінальнага Кодэкса «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім». Менавіта пра тое, што філосафа могуць абвінаваціць па іншым артыкуле, гаварылася на нядаўняй прэс-канферэнцыі. Гэта можа быць звязана са «Сходам», казалі блізкія.
Фота: праўладныя тэлеграм-каналы
«Мы спадзяемся, што следства па справе будзе завершанае, і пасля спынення галадоўкі Уладзіміру Мацкевічу не прыйдзецца зноў звяртацца да гэтай крайняй меры», — кажуць сябры і сям'я філосафа.