Ад Герхарда Шродэра сышлі ўсе супрацоўнікі яго бюро экс-канцлера
Ад былога канцлера Нямеччыны Герхарда Шродэра, які цесна супрацоўнічае з Крамлём і расійскім нафтагазавым сектарам, сышлі ўсе чатыры супрацоўнікі яго бюро ў бундэстагу — пра гэта паведамляе газета Die Welt.
01.03.2022 / 14:25
Герхард Шродэр. Фота: Sean Gallup, Getty Images
«Я пацвярджаю, што чатыры супрацоўнікі бюро папрасілі перавесці іх на іншыя пасады», — сказаў газеце загадчык бюро і спічрайтар Шродэра ў апошнія 20 гадоў Альбрэхт Функ, дадаўшы, што асуджае шэфа за тое, што той адмаўляецца асудзіць Пуціна за развязванне вайны з Украінай.
Былым канцлерам у Германіі даецца вялікая пенсія, а таксама грошы на ўтрыманне ўласнага бюро, піша Бі-бі-сі.
Герхард Шродэр пасля сыходу з пасады канцлера ў 2005 годзе перайшоў на расійскі заробак і лабіраваў расійскія энергетычныя праекты: ён з'яўляецца старшынёй назіральнай рады дырэктараў дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Раснафта» і старшынёй камітэта акцыянераў кампаніі Nord Stream AG, аператара газаправода «Паўночны паток».