«Мы дакладна разумелі, што не выжывем». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай
У баі, дзе смяротна паранілі Іллю «Літвіна» Хрэнава, удзельнічалі яшчэ некалькі беларускіх добраахвотнікаў. Адзін з іх атрымаў раненне, яму ампутавалі нагу, сёння ягонаму жыццю ўжо нічога не пагражае.
09.03.2022 / 14:02
Рэшткі расійскай ваеннай тэхнікі на дарозе ў горадзе Буча, недалёка ад Кіева, Украіна, 1 сакавіка 2022 г. Фота: AP
26-гадовы беларус Дзяніс «Кіт» прайшоў гэтае выпрабаванне ад пачатку і да канца. Ён кажа, што шанцы не загінуць былі 1 да 100, але больш за дзесяць байцоў змаглі выйсці з акружэння праціўніка.
Пра тое, што ж сапраўды адбывалася пад Бучай 3 сакавіка, як загінуў Ілля «Літвін», а таксама пра ўспрыняцце сьмерці Дзяніс «Кіт» расказаў «Свабодзе».
«Пазыўны ад марской жывёлы, а не ад ката»
«Мой пазыўны — Кіт. Гэта ад марской жывёлы, а не ад ката (па-ўкраінску «кот» — «кіт». — Заўв. рэд). Мне падабаюцца вялізныя, спакойныя кіты, а мой любімы колер — сіні, так склалася», — пачынае хлопец свой аповед.
Дзяніс і Ілля вучыліся разам у Аўтамеханічным каледжы ў Мінску, сябравалі. «Літвін» першым перабраўся ва Украіну, а праз нейкі час да яго далучыўся і «Кіт». Разам служылі ў палку «Азоў», потым там жа былі інструктарамі. Удзельнічалі ў баях за Мар'інку.
«Кіт» і «Літвін» перад выездам на заданне у Бучу.
«Яшчэ да пачатку вайны мы з хлопцамі выдатна разумелі, да чаго ўсё ідзе, за некалькі дзён да агрэсіі абдумвалі варыянты, куды можна далучыцца. Зразумела, галоўным варыянтам быў «Азоў», бо нас там шмат хто ведаў, а яшчэ гэта адзін з найбольш баяздольных палкоў».
«Літвін» і «Кіт» на правах больш дасведчаных байцоў удзельнічалі ў стварэньні беларускай роты «Азова», але толькі гэтым іх абавязкі не абмяжоўваліся. Абодва беларусы ўвайшлі ў разведроту «Азова», у першую штурмавую групу.
«Фактычна мы праводзілі разведку боем», — кажа «Кіт».
Групу закінулі на аперацыю ў Бучу Кіеўскай вобласці, дзе ішлі жорсткія баі з расійскай арміяй.
«Наша група адправілася туды пешшу, дайшлі да Ворзеля. Задачай было замацавацца на трасе і трымаць абарону, калі праціўнік павядзе зброю каля нас, каб акружаць Бучу. На той момант УСУ давалі ім там фаеру, таму расіяне перакідвалі сілы», — расказвае Дзяніс.
Villa San Marino
У выніку так і атрымалася, што сілы расійскай арміі паехалі якраз той дарогай, дзе знаходзілася рота «Азова», расказвае суразмоўца.
«Пра наша знаходжанне там не ведаў ніхто, бо мы прыйшлі пешшу, без тэхнікі, без нічога. Той кантакт, які адбыўся, быў абсалютна нечаканым для праціўніка. Але і мы чакалі, што будзе максімум 10-20 адзінак тэхнікі, магчыма, з такімі сіламі мы б справіліся. Ужо ў шпіталі ад аднаго з камандзіраў я дазнаўся, што пасля таго, як мы спалілі некалькі адзінак тэхнікі і далі першы бой, высветлілася, што яны падцягнулі асноўную калону — 70 адзінак», — кажа Кіт.
«Літвін» і «Кіт» на базе «Азова»
Ён кажа, што не трэба быць вайскоўцам, каб зразумець, наколькі нераўназначныя сілы былі ў праціўнікаў: трыццаць пехацінцаў супраць сямідзесяці танкаў, бэтээраў, артылерыі.
Калі паўстаў выбар, адступаць ці прымаць бой, быў улічаны той фактар, што шляхі адступленьня праходзілі празь месцы, якія проста абстрэльваліся тэхнікай суперніка. Група прыняла рашэнне трымаць абарону, а для гэтага замацавалася ў сценах гатэля Villa San Marino.
На сайце гатэля напісана: «Знаходзячыся ў Villa San Marino, можна з лёгкасцю зняць стрэс, расслабіцца, дасягнуць душэўнага камфорту і раўнавагі. Сваім гасцям гатэльны комплекс дае магчымасць аддацца моднай інтэлектуальнай гульні ў більярд і цалкам абстрагавацца ад паўсядзённага клопату. Па завяршэньні партыі ў більярд можна адпачыць за келіхам віна і натхніцца на новую гульню».
«Цяпер ад гатэля засталіся адны руіны, — кажа «Кіт». — Калі мы там замацаваліся, то праціўнікі адкрывалі артабстрэл па нас, яны бамбілі з танкаў, з артылерыі, білі прыцэльна. Пасля ўдару артылерыі мы зайшлі ў будынкі. Яны, шчыра кажучы, зусім кардонныя — прабіваюцца чым заўгодна. Але кухня, дзе мы трымалі абарону, выстаяла».
«Я бегаў паўсюль з крыкам: «Літвін, Літвін!»
«Кіт» кажа, што ўжо пасля першага абстрэлу сярод іх было многа «трохсотых». Так на ваенным жаргоне называюць параненых салдатаў, якіх неабходна вывезці з месца баявых дзеянняў. Сярод параненых быў і адзін беларус, якому пасля ампутавалі нагу.
«Пасля першых «трохсотых» я бегаў паўсюль з крыкамі «Літвін, Літвін!». Ніхто яго не бачыў, ніхто не адгукаўся. Я не мог проста так кінуць яго, мы ваявалі разам, ён як брат мне. На той момант я разумеў, што існуе два варыянты — ці ён ужо «двухсоты», ці «трохсоты», але галоўнае было яго знайсці».
Ільля «Літвін» Хрэнаў
Хлопец расказвае, што яны ўсе перайшлі ў галоўны будынак гатэльнага комплексу, другі паверх якога на той момант ужо гарэў пасля абстрэлу.
«Я забег у агонь, дыхаць не магу, крычу, ніхто не адгукаецца. Выбягаю на двор і бачу, што «Літвін» ляжыць проста ля ўваходу. Цела было досыць цэлым, яго не разарвала, але ўжо быў бледны. Папрасіў хлопцаў дапамагчы адцягнуць яго ў больш зручнае месца, каб чакаць эвакуацыйную групу. Я спадзяваўся, што зможам забраць усе целы».
Пасля камандзіры прынялі рашэнне выклікаць транспарт, каб забраць параненых, дастаткова хутка прыехалі мікрааўтобусы, успамінае відавочца.
«Мы загрузілі «трохсотых». Тыя, хто застаўся, у тым ліку я, сталі чакаць другой эвакуацыйнай брыгады на «брані». Хлопец з пазыўным «Маўглі», далей ён стане адным з камандуючых, папрасіў мяне, каб я сядзеў у адным з домікаў комплексу і вызіраў транспарт, які будзе нас забіраць.
У выніку я пачуў гул, сяджу радасны, але празь нейкі час зразумеў, што гул з таго месца, дзе завязаўся бой, і ён усё бліжэй і бліжэй. Я паварочваю галаву і бачу зялёныя БМП-2 з літарай V на борце. Я разумею, хто гэта, зрываюся, крычу, што нас акружаюць. Пасля гэтага пачынаецца другая фаза абстрэлу».
«Адзін з салдатаў крычаў: «Дабіце мяне!»
Дзяніс расказвае, што эвакуацыйныя машыны сапраўды пад’ехалі да гатэля, але не змаглі забраць байцоў, бо на той момант яны былі ў акружэнні тэхнікі праціўніка.
«Мы не маглі ніяк выбегчы, і яны, натуральна, з'ехалі. Было разуменне, што ўсё, нам трэба даваць бой; вораг таксама разумеў, што мы жывыя. Умацавалі сектары, унутры быў нейкі бар, дзе мы ўзялі абарону. Разумелі, што задачай было датрываць да цемры і спадзявацца на кантакты з УСУ.
Праціўнік прыняў рашэнне страляць усім цяжкім — танкамі, РПГ, БТР, артылерыяй. Будынак максімальна склаўся, а потым пачалася зачыстка. Яны закінулі пяхоту да нас. Мы разабралі сектары і чакалі».
Дзяніс «Кіт». Фота Антося Цялежнікава.
«Кіт» кажа, што доўга не стралялі ў тых, хто з'явіўся ў будынку, аж да таго моманту, пакуль не атрымалася разглядзець расійскія апазнавальныя знакі на форме. Спачатку праціўнікі спрабавалі зайсці ў кухню гатэля праз асноўны ўваход, а потым з тылу, і абедзве спробы былі адбітыя.
«Мне нават давялося пачуць, як адзін з расійскіх салдатаў крычаў: «Дабіце мяне!».
Калі ў нас быў першы шчыльны кантакт і нас спрабавалі застрэліць з усіх бакоў, то адзін мой знаёмы стаў каля ўваходу, разумеючы, што зараз пабягуць праціўнікі. Калі адзін з нападнікаў пабег са ствалом, то пабрацім узяў ствол у адну руку, а ў другой трымаў нож, якім забіў суперніка. Калі мы далі бой і паклалі двух там, двух там, яны крыху адступілі і прымянялі лагічную тактыку: адвялі тэхніку і сталі бамбіць — зноў танкі, зноў РПГ. Спробаў «выкурыць» менавіта пяхотай больш не было. У гэты момант мы аказвалі ўсялякую дапамогу ўсім «трохсотым», і трымалі сектары колам».
«Я выклікаў артабстрэл на нас»
Беларускі добраахвотнік не разумее па сёння, як у іх атрымалася выжыць у гэтым пекле.
«Камандзір аддаў загад, каб не было ніякага гуку, трываем да цемры, а там будзем рухацца. Выжывем — выдатна, паспрабуем уратавацца праз цемру, не выжывем — рады быў знаёмству, усе малайцы.
«Маўглі» сказаў, што наладзіў сувязь з артылерыяй і выклікае абстрэл па нас. Мы кажам, натуральна, няхай б’юць па нас, бо расіяне могуць аба…рацца — гэта адзіны шанец іх спалохаць. Гэтая фраза магла быць не менш эпічнай за «Русский корабль, иди…», калі «Маўглі» выйшаў і сказаў: «Я выклікаў артабстрэл на нас». Мы ні секунды не вагаліся. Больш за тое, кожны радаваўся такой магчымасці».
Беларускія добраахвотнікі «Азова». На пярэднім пляне Дзяніс «Кіт»
«Кіт» працягвае, што першы абстрэл мясцовасці ўкраінскай артылерыяй прымусіў нейкую частку тэхнікі праціўніка адысці ад гатэля.
«Мы былі здзіўленыя, што выжылі. Гэтая кухня павінна стаць мэмарыялам; невытлумачальна, колькі яна вытрымала. Я нагадваю, што ўвесь час гарэў другі паверх, мы не разумелі, дзе менавіта полымя. Калі высоўваліся групай, то полымя падыходзіла да першага паверху. Мы своечасова вырашылі рухацца, бо рана ці позна нас бы выціснула адтуль агнём».
Байцам, паводле Дзяніса, удалося звязацца з войскамі, якія маглі іх выцягнуць у бяспечнае месца — ім назвалі пункт, дзе будзе чакаць аўтобус.
«Тая дарога ўжо належала праціўніку: стаяла тэхніка, нехта прасочваў мясцовасьць. Мы прынялі рашэнне, што спачатку ідуць тыя, у каго ёсць прыбор начнога бачання, каб праверыць шлях. Потым яны вяртаюцца — чакаем іх аналізу і шанцаў, ці зможам мы выжыць.
Калі яны вярнуліся, то прапанавалі яшчэ раз выклікаць артылерыю на нас; чакаем рэакцыі, а пасля рухаемся. Гэта ўжо была глыбокая ноч. Артылерыя працуе, снарады прызямляюцца куды трэба, але гуку тэхнікі і пяхоты няма. Мы разумеем, што гэта наш шанец».
«Крычу, што я «трыста»
Яшчэ да выхаду з гатэльнага комплексу Дзяніс «Кіт» атрымаў раненне рукі.
«Гэта быў адзін са стрэлаў ці танка, ці РПГ, калі я трымаў сектар. Да таго я не ведаю, якім цудам у мяне нічога не пацэліла. У адзін момант мы з хлопцамі сціснуліся ў кучу і бачылі, як над намі пралятаюць «трасёры» (трасёрныя кулі). Я ў нейкі момант разумею, што ў мяне ля галавы круціцца «трасёр»; я нават не разумеў, ці я паранены, ці не. Усё ў пыле, крыві».
Гэта было, калі група знаходзілася яшчэ за барнай стойкай, раненне ж было атрыманае ўжо на кухні.
«Я лічыў, што знаходжуся ў параўнальнай бяспецы, бо стаю за керамічнай сценкай і пару выбухаў ужо перажыў. У нейкі момант, калі я браў сектар, у калідор прыляцела нешта буйное, я адвярнуўся ў правы бок, і ўсё прыляцела мне ў левую руку. Крычу, што я «трыста», перабінтоўваю сабе руку, спрабую заціснуць жгуты-турнікеты. Адзін не заціскаецца, тады я разумею, што ў кішэні ў мяне пашпарт. Перада мной стаіць хлопец, я нават нё ведаю яго імя, скідваю яму ў торбу пашпарт. Думаю: выжывем, дык знойдземся. Тады ўжо нармальна заціснуў, нібыта кроў не ішла. Узяў зброю ў адну руку і трымаў далей сектар».
Ужо пасля таго, як хлопцы выбраліся з Villa San Marino і былі ў шпіталі, «Кіту» прыслалі здымак пашпарта: ён быў наскрозь прабіты асколкам, як і правы кіроўцы.
«Хлопец, на жаль, «выцек»
Дзяніс расказаў яшчэ адну трагічную гісторыю, сведкам якой стаў на кухні гатэлю, ужо пасля ўласнага ранення.
«Са мной быў цяжка паранены хлопец, яму трапіла ў нагу. Мы наклалі «турнікет», паклалі на бок. Парамедык у нашых шэрагах усіх падбадзёрваў. Тым не менш хлопцу станавілася ўсё горш і горш, ён «выцякаў» — гэта такі наш слэнг, калі з цела выцякае кроў разам з жыццём».
Зь пітнога на кухні было толькі безалькагольнае піва і нейкая тэкіла, якія знайшлі ў бары, працягвае «Кіт».
«Я спрабаваў яму даваць гэтае піва і падбадзёрваць, сціскаў ягоную руку. Вакол цемра, яму страшна; я прашу, каб сціскаў маю руку, па сіле адчуваў, ці ён адключаецца. У нейкі момант я разумею, што хватка слабее непапраўна. Калі чалавек «выцякае», то ў яго адбываюцца апошнія перадсмяротныя канвульсіі, ён пачынае торгацца. І я адчуў гэтыя канвульсіі…
Пакуль ён яшчэ быў у прытомнасьці, мне заставалася толькі сказаць: «Сябра, не бойся, ты паў смерцю храбрых, Вальхала цябе чакае». Я спрабаваў яго духоўна падбадзёрыць — гэта быў максімум, які я мог зрабіць, бо вакол цемра, крывішча, поўны трэш. Хлопец, на жаль, «выцек».
«Радаваліся, як не ведаю хто»
З гатэля змаглі выбрацца 11—13 чалавек, «Кіт» па гэты момант яшчэ не можа дакладна палічыць тых, хто застаўся жывы.
«Да гэтага моманту ў мяне было адно ўсведамленне, што мы гінем, і нічога больш. Калі мы выйшлі ў двор, адчынілі веснічкі, перасеклі бронемашыну, якая нас падпільноўвала, толькі тады ў нас у вачах з'явілася надзея, што мы зможам дайсці. Далей усё было, як у кіно, мы цягнулі параненых. Прайшлі 500 метраў, але нам кажуць, што мала, бо выклікалі ўдар «Граду», а ён б’е шырока па плошчы. Прашу параненага хлопца, якому дапамагаю, дабрацца да аўтобуса, трымацца.
На другой пяцісотцы «выцек» адзін з нашых камандзіраў, мой добры знаёмы «Стралок». «Выцек» проста на вачах у хлопцаў. Ён быў паранены ў пахвіну, мы яго забінтавалі, ён стабільна ляжаў пад коўдрай. Калі толькі пачалі несці, то ён адразу сказаў: «Хлопцы, не». Яго паклалі пад кустом, запомнілі месца. Астатнія «трохсотыя» трымаліся».
Дзяніс расказаў, што ісці давялося праз тэхніку праціўніка, якую яны пастаянна бачылі; давялося затыкаць раты параненым, бо любы гук мог выдаць іх месцазнаходжанне і стаць фатальным.
«Першая радасьць была, калі ўбачылі новыя твары, — гэта былі два хлопцы, якія сустракалі нас з аўтобуса, яны павінны былі нас забраць. Прайшлі яшчэ крыху да бусіка, радаваліся як не ведаю хто, зацягнулі параненых. Завялі аўтобус ды паехалі без фараў да бліжэйшага шпіталя».
«Мы не пакутнікі, а воіны»
Такога не бывае нават у кіно, лічыць «Кіт». Ён кажа, што да апошняга ніхто не верыў, што зможа застацца жывым, а тым больш, што атрымаецца выцягнуць раненых пабрацімаў.
«Бясконца шкада ўсіх хлопцаў, якія палі. Але іх разуменне сытуацыі было стоадсоткавым. Яны разумелі, куды ідуць, кожны ведаў, што яго можа чакаць гібель. Нікога з нас гэта не турбавала.
Безумоўна, родныя і блізкія загінулых будуць гараваць, нават я гарую, але, ведаючы хлопцаў, асабліва «Літвіна», думаю, што яны ганарацца тым, што загінулі за свабоду і цэласнасьць Украіны. «Літвін» хацеў бы, каб яго не аплаквалі, а ганарыліся. Я ведаю гэта на 100%, бо перад тым, як заехаць на баявое, абмяркоўвалі ўсё гэта.
Настрой быў такім, што мы ўсе воіны, гэта наш шлях і мы па-іншаму не можам. Гэта трэба разумець і на гэтым акцэнтаваць увагу. Мы не пакутнікі, мы воіны. А воіны хочуць не шкадобы, а гонару за іх».
Ілля «Літвін»
«Я хацеў толькі сказаць, што кахаю жонку»
У шпіталі ў Дзяніса знайшлі тры аскепкі ад снарада ў руцэ. Адзін атрымалася выцягнуць, а вось яшчэ два, больш глыбокія, пакуль так і застаюцца ў целе «Кіта».
«Ці прыжывуцца ў целе, ці выйдуць самі. Прапанавалі мне застацца ў лякарні. Былі спачатку ў адной, дзе праапэравалі. У другой пасялілі, абследавалі. Нас паклалі з хлопцамі з першай партыі «трохсотых», з намі быў камандзір «Пятруха», усе радасныя, што разам. А потым кажуць, пераводзяць у Вінніцу. Мы адмовіліся», — расказвае добраахвотнік.
«Кіт» кажа, што жонка знайшла для яго лекара побач з яго базай у Кіеве, цяпер ён зноў дапамагае ствараць беларускую роту і ездзіць на перавязкі ў шпіталь.
«Калі прыехалі ў лякарню, то не было да канца разумення, што адбылося. Толькі потым пачулі падрабязнасьці. Было цікава пачуць, што, паводле даных разведкі, з намі мела справу «кадыраўская банда» і сілы спецназу РФ. Падчас бою я ўжо зразумеў, што супраць нас былі не баязліўцы, якія заблукалі і кудысці едуць, а арганізаваныя байцы, якія мэтанакіравана нас знішчалі. Салдаты тэрміновай службы ўжо ўцяклі б з таго месца. Калі я гэта ўсё пачуў, то парадаваўся, што мы з мужыкамі маем «вялікія яйцы».
Ні «Кіт», ні іншыя ветэраны першай кампаніі на Данбасе ніколі не сутыкаліся з такімі выпрабаваннямі.
«Мы дакладна разумелі, што не выжывем. Гэта не было такое, што мы бедныя-няшчасныя, а нас не ратуюць. Мы бачылі, што праціўнік кінуў на нас усю сваю сілу. А мы — трыццаць пехацінцаў у кардонным дамку, гэта нерэальна проста. Я шкадаваў толькі, што не паспеў развітацца з жонкай (у мяне сеў мабільны). Я хацеў толькі набраць кагосьці, каб перадаць, што кахаю жонку. Толькі гэта ў мяне было ў галаве».
«Літвін» пастаянна смяяўся»
Пра Ільлю «Літвіна» Дзяніс расказвае вельмі захоплена, іх аб’ядноўвала шматгадовае сяброўства.
«Вельмі крэатыўны малады чалавек, цяпер я даведаўся, што ён граў на піяніна, жонка скінула відэа. Таленавіты ва ўсім быў. Галоўная ягоная якасць — вясёлы характар. Нават у роспачнай сітуацыі «Літвін» быў такім бясстрашна-пазітыўным. Калі нехта кажа, што ўжо гамон, то ён адкажа: «Лухта, затое ў нас ёсць тое і тое».
Ілля «Літвін»
Дзяніс лічыць, што «Літвін» быў чалавекам справы, які мала гаварыў, але шмат рабіў.
«Калі нічога не рухаецца, то ён проста ішоў і вырашаў справы, знаходзіў хлопцам адзенне, скажам. Ён не чакаў, што нехта для нас дамовіцца, а сам ішоў і рабіў. Знік на паўдня — потым прывозіць прыцэлы. Ён заўжды ведаў, куды і навошта ідзе — гэта цудоўная якасць. Ён класна разраджаў атмасферу сваім гумарам, жартаваў з сябе, не з сябе. Пастаянна смяяўся».
«Кіт» кажа, што ў цывільным жыцьці яны не так часта бачыліся з Іллём, затое кожная сустрэча была вельмі яркай.
«Ён вельмі адданы ідэі чалавек. Мне нават здавалася, што «Літвін» ужо згас і яму нецікавая вайна, аднак гэта была падманка. Калі прыйшоў момант, то ён першым узяў зброю і першым быў у шэрагах. А мне здавалася, што ён цалкам у цывільным жыцьці, плануе пераезд. Але, як толькі адбылася агрэсія, ён адразу быў у форме, прасіў РПГ. Ён імгненна з цывільнага жыцьця перайшоў да ідэі».