Адыёзны дэпутат Вярхоўнай Рады Яўген Шаўчэнка таксама пайшоў ва ўкраінскае войска
Памятаеце дэпутата Рады Яўгена Шаўчэнку, які ездзіў некалькі разоў да Лукашэнкі? Нядаўна прайшла інфармацыя, што яго затрымалі на ўкраінска-польскай мяжы. Але цяпер ён аб'явіўся і сцвярджае, што ніхто яго не затрымліваў, затое ён пайшоў служыць ва ўкраінскае войска. «Разам да перамогі», — піша палітык.
09.03.2022 / 20:35
Шаўчэнка стаў не першым украінскім палітыкам, які пры дзіўных абставінах пайшоў служыць у войска ці тэрытарыяльную абарону.
Раней таксама паведамлялася пра затрыманні некалькіх прарасійскіх палітыкаў. Але пасля гэтыя паведамленні абвяргаліся, а палітыкі сцвярджалі, што насамрэч яны ўступілі ва ўкраінскія сілавыя структуры. Цяпер вось справа дайшла і да Яўгена Шаўчэнкі.
Шаўчэнка ў апошні год стаў у Беларусі шырока вядомы як актыўны прыхільнік Лукашэнкі і ягоны палітычны лабіст ва Украіне.
З самага пачатку беларускіх паслявыбарчых пратэстаў ён шмат выказваўся на беларускія тэмы, на ўсе лады расхвальваючы рэжым і ўсяляк ганячы ягоных апанентаў, не спыняючыся і перад прамымі абразамі. Неаднаразова прыязджаў і ў Беларусь для падтрымкі свайго куміра на месцы, на мінулагоднім «Славянскім базары» нават спяваў песні са сцэны.
Дэпутацкі статус Шаўчэнкі беларуская прапаганда ўсяляк выкарыстоўвае для імітацыі легітымнасці цяперашняй беларускай улады ў вачах палітычнай эліты суседняй краіны.