Ці зладзяць пад Баранавічамі «Цхінвалі-2»?
Расійскі дэсант высадзіцца ў Беларусі ў верасні. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
14.08.2009 / 16:13
Начальнік беларускага генштаба генерал Гурулёў 14 жніўня ў Маскве ўдакладніў дэталі вераснёўскіх манеўраў «Захад-2009». Выглядае на тое, што яны пройдуць менавіта па тым сцэнары, які быў зацверджаны яшчэ вясной.
Інфармацыйная бомба пра дзве расійскія арміі, што нібыта ўвойдуць у Беларусь у поўным складзе, аказалася пустой пужалкай. Бомбу, нагадаю, падкінуў у чэрвені маскоўскі калега Гурулёва — генерал Макараў. Сур’ёзныя эксперты адразу назвалі гэта абсурдам.
Цяпер нашы вайскоўцы афіцыйна інфармуюць: у манеўрах будуць удзельнічаць каля 12 з паловай тысяч людзей у пагонах, з іх расійцаў — сама болей шэсць тысяч. Паводле БЕЛТА, «расійскі бок на манеўрах прадставяць органы вайсковага кіравання і шэраг злучэнняў ды вайсковых частак 20-й арміі, аператыўныя групы галоўнага камандавання ВПС, камандаванняў вайскова-транспартнай авіяцыі і паветрана-дэсантных войскаў, падраздзяленні 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі».
Як патлумачыў мне мінскі вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін, з суседняй краіны прыедзе багата генералаў ды старэйшых афіцэраў, і гульня на мапах акажацца сапраўды грандыёзнай. Стрэлкі маляваць — справа не надта затратная.
А вось у рэале ўсё будзе нашмат болей сціпла. Напрыклад, высадзяць 600 дэсантнікаў і 9 баявых машын на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі, а ўмоўна будуць лічыць, што гэта цэлая дывізія з сотнямі адзінак тэхнікі.
Тым часам маскоўская «Независимая газета» нібыта між іншым падкідае: «У задуме расійска-беларускіх манеўраў адлюстраваны і баявы сцэнар, які меў месца падчас адбіцця Расіяй грузінскай агрэсіі пад Цхінвалі у жніўні 2008 года». Алесін мяркуе, што гэта піяраўскія закідоны.
Насамрэч, кажа эксперт, сцэнар «Захаду-2009» адлюстроўвае гіпатэтычны канфлікт з сіламі НАТО. Не выпадкова ў кантэксце манеўраў расійцы задзейнічаюць і флот.
Зрэшты, наўрад ці натаўцы надта напалохаюцца. На манеўры пэўна ж запросяць замежных назіральнікаў.
Увогуле Захад зараз паблажліва каментуе спробы Масквы дэманстраваць рознымі там далёкімі рэйдамі субмарын, палётамі стратэгічнай авіяцыі ды манеўрамі, што — вось, глядзіце, ёсць яшчэ порах у парахаўніцах!
Заходнікі бачаць, што насамрэч няма таго, што раньш было. Расія ўсё болей адстае ў вайсковым сэнсе ад ЗША, Паўночнаатлантычнага альянсу. І неяк трымае марку толькі за кошт ядзернага патэцыялу, які між тым катастрафічна старэе.
Карацей, вераснёўскія манеўры — не столькі гульня мускуламі перад Захадам, колькі пыл у вочы самім сабе: «Красная армия всех сильней». Магчыма, на «Захад-2009» прыедзе нават расійскі прэзідэнт.
Нашы эксперты, праўда, не выключаюць, што нейкае чарговае абвастрэнне стасункаў між Мінскам і Масквой можа скамечыць маштаб манеўраў. Але схіляюцца да думкі, што тут
Лукашэнка зацікаўлены не ўдарыць тварам у бруд. Бо фактычна прапануецца фірмавы тавар — гатоўнасць беларусаў легчы пад міфічныя танкі НАТО. Менавіта гэтым аргументам заўжды матывуецца заклік да Крамля: не шкадаваць прэферэнцый для апошняга саюзніка.