Галоўчанка заклікаў Мішусціна на фоне санкцый паскорыць меры па падтрымцы Беларусі
Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка разлічвае, што Расія паскорыць рэалізацыю мер па падтрымцы краіне ў сувязі з пашырэннем санкцый. Пра гэта кіраўнік беларускага ўрада сказаў, сустракаючыся з прэм'ер-міністрам Расіі Міхаілам Мішусціным, піша ТАСС.
14.03.2022 / 16:56
Раман Галоўчанка. Фота: БелТА
«У гэтых умовах трэба дзейнічаць хутка і ўзгоднена. З улікам высокай уразлівасці беларускай эканомікі да знешніх шокаў, разлічваем на падтрымку Расійскай Федэрацыі ў гэты няпросты этап», — адзначыў Галоўчанка.
Прэм'ер-міністр Беларусі лічыць, што надышла «вострая неабходнасць аператыўнай рэалізацыі тых мер падтрымкі, якія планаваліся «на пасля».
«Гэта і перанос рэструктурызацыі крэдытнай запазычанасці па дзяржаўных крэдытах ўрада і фінансавых інстытутаў Расіі, гэта пераход на новую сістэму цэнаўтварэння на расійскую нафту, якая забяспечвала б стабільную працу беларускіх НПЗ з мінімальнай рэнтабельнасцю, гэта і нашы прапановы па фіксацыі цаны на прыродны газ для Рэспублікі Беларусь у расійскіх рублях з прывязкай да дзеючых аптовых цэн на газ для суседніх расійскіх рэгіёнаў», — растлумачыў прэм'ер Беларусі.
Таксама, працягнуў ён, Мінск прапануе нарасціць пастаўкі беларускай машынабудаўнічай прадукцыі на расійскі рынак, у тым ліку «праз зняцце адміністрацыйных абмежаванняў».
Акрамя таго, Галоўчанка лічыць важным «удзел Беларусі ў рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння», а таксама «паўнавартасны ўдзел абароннага сектара эканомікі Беларусі ў рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржабаронзаказу Расійскай Федэрацыі, зняцце адміністрацыйных бар'ераў у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва».