Адключаны ад SWIFT Белаграпрамбанк увёў жорсткія ліміты на зняцце валюты з картак
З 14 сакавіка у валюце можна зняць не больш за 100 даляраў у месяц. Ліміты дзейнічаюць як у Беларусі, так і за мяжой, піша «Зеркало».
15.03.2022 / 12:27
Абмежаванні дзейнічаюць пры зняцці наяўнай валюты, пераводах праз сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, інфакіёскі, банкаматы, аплаце ў анлайн-крамах. Гэта значыць, з рублёвай карткі нельга патраціць больш за 100 даляраў у месяц — ні зняць, ні аплаціць тавары, напрыклад, у замежнай інтэрнэт-краме.
Пры гэтым для валютных картак на тэрыторыі Беларусі ўвялі ліміт у 100 даляраў за месяц толькі на зняцце наяўных грошай з адной карты. На безнаяўныя аперацыі няма абмежаванняў.
Банк таксама ўвёў абмежаванні на выкарыстанне картак за мяжой. Як для рублёвых, так і для валютных картак увялі ліміт у 100 долараў за месяц на зняцце наяўных грошай. На безнаяўныя аперацыі няма абмежаванняў.