Куды знікае беларуская мука?
Пра тое, што пусцеюць паліцы з мукой, расказваюць жыхары розных гарадоў.
16.03.2022 / 11:23
Так, напрыклад, выглядалі паліцы ў адным сталічным гіпермаркеце.
Чытачы паведамляюць, што часам у крамах застаецца толькі расійская мука або мука з дадаткамі. Бывае складана знайсці лідскую, асабліва вышэйшага гатунку ці ў вялікіх пачках.
Што адбываецца? У «Лідахлебапрадукце» кажуць, што ўсё праз ажыятаж на фоне вайны.
«На сёння ідзе павышаны попыт на муку. Наша прадпрыемства працуе ў планавых аб'ёмах вытворчасці, якія ёсць. Але заяўкі, якія паступаюць ад гандлёвых аб'ектаў, павялічыліся ў тры-чатыры разы. На сёння выкананне такіх заказаў не прадстаўляецца магчымым», — прыводзіць «Спутнік» каментарый намесніка генеральнага дырэктара па продажах і маркетынгу завода Сяргея Кіжука.
Па яго словах, аб'ёмы сыравіны для вытворчасці мукі ў прадпрыемства дастатковыя.
«Мы проста не паспяваем вырабляць столькі мукі, колькі просяць гандлёвыя аб'екты. Фізічна няма магчымасці выканаць усе заяўкі. Нашу прадукцыю мы адгружаем ва ўсе рэгіёны Беларусі ў межах звычайных сярэднямесячных аб'ёмаў. Але ўлічваючы павышаны попыт, яна хутка разыходзіцца».
Днямі ўрад працягнуў на тры месяцы забарону на вываз пшанічнай мукі з Беларусі (яна дзейнічае са снежня 2021 года).