Польскі дэзерцір Эміль Чэчка знойдзены мёртвым у Мінску

Следчыя высвятляюць абставіны смерці Эміля Чачкі, паведамляе БЕЛТА. 

17.03.2022 / 17:17

«Сёння ў праваахоўныя органы паступіла паведамленне аб павешанні Эміля Чэчкі па месцы пражывання ў Мінску. У цяперашні час праводзіцца агляд, канфіскоўваюцца рэчы, якія маюць значэнне для следства», — распавялі ва УСК.

Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначаная судова-медыцынская экспертыза.

«Следчым камітэтам разглядаюцца ўсе магчымыя версіі таго, што адбылося, у тым ліку гвалтоўны характар смерці», — дадалі ў ведамстве.

Польскі салдат Эміль Чэчка ўцёк у Беларусь падчас службы. Польскі бок паведамляў, што ў яго былі сур'ёзныя праблемы з алкаголем.

У Беларусі ён стаў інструментам беларускай прапаганды. Яго выкарыстоўвалі для распаўсюджвання хлусні, што польскія вайскоўцы забівалі нелегальных мігрантаў, якія прыходзілі з Беларусі.

Апошні раз Эміль Чэчка з’явіўся ў публічнай прасторы за дзень да смерці. Лукашэнкаўскія псеўдаправаабаронцы выклалі відэа, у якім Чэчка з тэлесуфлёра зачытвае, што ва Украіну едуць ваяваць «польскія фашысты».

«На захадзе я расстрэльваў групы мігрантаў у колькасці прыкладна дваццаці чалавек штодня». Чаму Эміль Чэчка дагэтуль на свабодзе і нават дае прэс-канферэнцыі?

Nashaniva.com