«Штадлер» не збіраецца сыходзіць з Беларусі, ківаючы на інтарэсы «насельніцтва ў цэлым»
Кампанія Stadler Rail не збіраецца закрываць сваю вытворчасць у Беларусі, паведамляе swissinfo.ch.
18.03.2022 / 20:34
Па словах старшыні савета дырэктараў кампаніі Пітэра Шпулера, у ёй прынялі такое рашэнне, паколькі прадукцыя, якая вырабляецца ў Беларусі, не прызначаецца для алігархаў, а прыносіць штодзённую карысць простаму насельніцтву.
«Мы не будуем для алігархаў, прадукты нашай вытворчасці прыносяць штодзённую карысць насельніцтву ў цэлым. Па гэтай прычыне ў мяне няма пакутаў сумлення за тое, што мы робім».
Паведамляецца таксама, што ў выніку ўведзеных санкцый кампанія адчувае цяжкасці з пастаўкай электронных кампанентаў і будзе вымушаная перанесці частку аперацый па зборцы ў Польшчу і Швейцарыю.
Уведзеныя санкцыі пацягнуць таксама скарачэнне штата вытворчасці. Цяпер на прадпрыемстве ў Фаніпалі працуе 1150 чалавек, але штат скароцяць да 700—800 супрацоўнікаў у бліжэйшыя тры месяцы.