Вольскі: Без беларускай мовы нічога не будзе
«У юнацтве размовы пра беларускую мову (гіне мова, гіне нацыя, не дапусцім знікненьня мовы, не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі) мне падаваліся нейкімі заімшэлымі ды несучаснымі, маўляў, нашае кола размаўляе па-беларуску, таму мы выбраныя, эліта, а астатнія — як сабе хочуць», — піша ў сябе ў Фэйсбуку музыка Лявон Вольскі.
31.03.2022 / 11:44
Дзень Волі. Фота са старонкі ў Фэйсбуку Барыса Гарэцкага.
«Мінуў час, — працягвае Вольскі. — Святаслаў Вакарчук заклікае баларусаў гаварыць па-беларуску, а нейкі няўцямны ўладафіл з Белоруссіі даказвае, што расейская ў ягонай Белоруссіі заўжды будзе дзяржаўнай.
Не, сяброўкі ды сябры, вымушаны канстатаваць: без беларускай мовы нічога не будзе. Хіба паўночна-заходні край. З гэтымі вечнымі крэпкімі хазяйсцьвеннікамі, дажынкамі, бітвай за ўраджай і конкурсам патрыацічэскай песьні. Таму кожнаму неабходна выходзіць, як той казаў, з зоны камфорту і авалодваць беларускай мовай. І размаўляць па-беларуску».
«Інакш падпадаеце пад новы акупацыйны закон, — засцерагае Вольскі. — У якім прапісана, што ўсе расейскамоўныя ёсьць часткай русского міра. Ці вы хочаце быць ягонай часткай?»