Загінулы беларускі добраахвотнік працаваў дальнабойшчыкам у Польшчы і пакінуў працу, каб абараняць Украіну
Беларускі добраахвотнік Зміцер Апанасовіч — пазыўны «Тэрор» — ваяваў за Украіну. 26 сакавіка ён атрымаў цяжкае раненне ў супрацьстаянні з расійскімі войскамі пад Ірпенем. Выратаваць яго жыццё медыкам не ўдалося. Гэта ўжо трэцяя смерць беларускіх добраахвотнікаў на вайне ва Украіне ў 2022 годзе.
31.03.2022 / 13:11
Зміцер Апанасовіч, фота: belwarriors
Зміцер працаваў дальнабойшчыкам у Польшчы. Яго сябры распавядаюць Mostmedia, якім ён быў і чаму вырашыў паехаць на вайну ва Украіну.
Ён родам са Смаргоні. У 2013-2014 гадах служыў у 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце. Апошнія чатыры гады жыў у Польшчы, працаваў дальнабойшчыкам. Зміцер прыняў рашэнне ехаць ва Украіну 25 лютага, на наступны дзень пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Загінуў ад ранення ў баях за Ірпень.
Служыў у ПДВ
Іван Страшкевіч — сябар Змітра. Яны абодва са Смаргоні, служылі ў адной брыгадзе ў Брэсце. Потым пераехалі ў Польшчу: Зміцер — у Варшаву, а Іван — у Беласток.
— Мы пазнаёміліся ў 2013 годзе, хадзілі ў адну трэнажорную залу, займаліся рукапашнымі баямі. У тым жа годзе яго забралі служыць у дэсантуру ў Брэст, праз некалькі месяцаў і я туды трапіў. Мы яшчэ разам паслужылі. Дзіма быў добрым салдатам, на такіх байцах беларуская армія і трымаецца. Ён дэмбельнуўся на паўгода раней, потым яшчэ мяне сустракаў. На Дзень ПДВ мы разам выходзілі.
Іван Страшкевіч (злева) і Зміцер Апанасовіч (справа) сустракаюць дэмбеля. Фота: архіў Івана Страшкевіча.
Тое, што Зміцер паехаў ваяваць ва Украіну, для Івана не стала навіной. Ён перад ад'ездам напісаў Івану і прапанаваў ехаць разам. Іван падумаў і адмовіўся.
Зміцер справа ў сініх пальчатках
— Мне было што губляць. А Дзіма ўсё кінуў і паехаў на вайну абараняць Украіну. Выязджаў ён з Варшавы з іншымі добраахвотнікамі.
Сям'і ў яго не было, нават бацькам нічога не сказаў пра вайну. Сказаў, што паехаў у чарговы рэйс. Дзіма быў вельмі добрым чалавекам са сваёй канкрэтнай пазіцыяй: слабага не чапаў, дзёрзкага караў.
Ён быў паганцам і верыў у мноства багоў. Веру, што ён адправіўся ў Вальхалу.
З рэйса — на вайну ва Украіну
Іншы сябар Змітра — баявы таварыш пад пазыўным «Борт». Яны разам адправіліся на вайну ва Украіну. «Борт» таксама працаваў дальнабойшчыкам ў Польшчы. Пра знаёмства і сяброўства ён распавёў Сяргею Бяспалаву.
Зміцер (справа) з баявым таварым ва Украіне. Фота: belwarriors
— З Дзімам мы пазнаёміліся ў 2020 годзе падчас пратэстаў у Беларусі. Ён пару разоў прыязджаў у Мінск. У нас з ім былі агульныя сябры і мэты. Сапраўдны брат. Ён служыў у 38-й брыгадзе, ведаў снайперскую справу. Ён настолькі воін, што я не магу так проста растлумачыць. Калі пачалася вайна, Дзіма быў у рэйсе ў Латвіі, праз некалькі дзён ён вярнуўся ў Варшаву і мы вырашылі паехаць ва Украіну.
Беларусы ў складзе Добраахвотніцкага атрада выехалі ў Польшчу ў канцы лютага. У 20-х чыслах сакавіка іх падраздзяленне амаль тыдзень удзельнічала ў баях за Ірпень.
— Гэта быў першы наш сур'ёзны бой. Ён доўжыўся шэсць дзён. Выводзілі мірных жыхароў з-пад абстрэлаў. Дзіма быў камандзірам і душой свайго падраздзялення.
Дактары абяцалі выцягнуць
Зміцер Апанасовіч атрымаў раненне 26 сакавіка. Паплечнікі аператыўна выцягнулі яго з акопа і занеслі ў дом. Праз некалькі хвілін прыехалі медыкі і забралі яго.
— Мы адбілі атаку рускіх, на нас наступала пяхота. Пачаўся абстрэл, Дзіма зняў падраздзяленне ў сховішча, а сам застаўся. Там стралялі яшчэ танк і БМП. Праціўнік веў агонь па нашых пазіцыях. У Дзіму прыляцеў асколак у правую лапатку. Яго выцягнулі з акопа і эвакуявалі на працягу пяці хвілін, — распавёў «Борт».
«Борт» да апошняга думаў, што Дзіма выжыве. Беларуса экстранна даставілі ў шпіталь, але дактары не змаглі выратаваць яму жыццё.
— Наш медык аказаў яму кваліфікаваную дапамогу, і калі перадавалі дактарам, [Дзіма] нават прыйшоў у сябе. Дактары сказалі, што сур'ёзнае раненне, але яго выцягнем. Так атрымалася, што не выцягнулі.
Змітра пахавалі ва Украіне 29 сакавіка. На яго пахаванні прысутнічалі ягоныя паплечнікі — байцы беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Зміцер Апанасовіч стаў трэцім беларусам, які загінуў з пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе.
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны на пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У ім ваююць беларускія добраахвотнікі. 25 сакавіка батальён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а байцы прынялі ўкраінскую прысягу на беларускай мове.
30 сакавіка стала вядома, што ў Варшаве фармуецца чарговае беларускае вайсковае фармаванне — полк «Пагоня», які ўвойдзе ў склад інтэрнацыянальнага легіёна УСУ.