Церах: Адзін з партызанаў, што здзяйснялі дыверсію на чыгунцы, цяжка паранены
дапоўнена
Прапагандыст Юрый Церах з газеты «СБ. Беларусь сегодня» сцвярджае, што патруль вайскоўцаў унутраных войскаў цяжка параніў з аўтаматычнай зброі грамадзяніна Беларусі. Пра гэта Церах напісаў у сваім телеграм-канале. «Наша Ніва» пакуль не мае незалежнага пацвярджэння гэтай інфармацыі. Цераха раней лавілі на публікацыі заведама непраўдзівых сцвярджэнняў.
02.04.2022 / 21:39
Церах ва ўласцівым дзяржаўным прапагандыстам кплівым стылі паведаміў, што двое беларусаў, якія хацелі здзейсніць дыверсію на чыгунцы, каб запаволіць рух расійскай вайсковай тэхнікі, падстрэленыя патрулём унутраных войскаў, і адзін з іх у вельмі цяжкім стане:
«Адзін, хутчэй за ўсё, сапраўды памрэ, там стан зусім цяжкі, а вось другога, магчыма, далечаць і адправяць гадоў на 20 строгага рэжыму. Выдатна час правялі, апладзірую», — паведаміў прапагандыст.
Магчыма, гаворка ідзе пра выпадак, пра які паведамлялася 31 сакавіка. Як сцвярджаў тэлеграм-канал @belzhd_live, 30 сакавіка на перагоне Савічы — Бярэзіна (участак Асіповічы — Гомель), паблізу прыпыначнага пункта «Бабіна», былі ўскрытыя рэлейныя шафы (адну з іх паспелі падпаліць).
У той жа час у лесапаласе непадалёк знаходзілася патрульная група з унутраных войскаў, якая адкрыла па партызанах агонь з баявой зброі.
Але тэлеграм-канал сцвярджаў, што ім удалося ад пераследу ўцячы.
Таму інфармацыя ад дзяржаўнага прапагандыста патрабуе дадатковага пацвярджэння. У Юрыя Цераха рэпутацыя чалавека, здольнага і да фальсіфікацыі фактаў.