«Маральна-псіхалагічны стан асабовага складу найвышэйшы». Генерал-маёру задалі пытанні пра беларускае войска. Вось што ён адказаў
У канцы сакавіка чытачка «Нашай Нівы» патэлефанавала на прамую лінію Міністэрства абароны. На яе пытанні адказалі пісьмова. Публікуем гэты ліст.
08.04.2022 / 18:00
Фота: БелТА
Чытачка Любоў пацікавілася, які цяпер маральны настрой у беларускіх салдат і ці накіроўваецца ў поўным памеры грашовае фінансаванне «для забеспячэння вайсковай аховы мірнага неба краіны». Адказ жанчына атрымала ад генерал-маёра Леаніда Касінскага, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны.
«Маральна-псіхалагічны стан асабовага складу найвышэйшы. Узброеныя сілы гатовыя выканаць задачы, пастаўленыя прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і міністрам абароны.
Вас не павінна турбаваць, ці ў поўным аб'ёме ажыццяўляецца фінансаванне Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Галоўнае, што яны забяспечваюць мірнае неба над галовамі нашых грамадзян».
Генерал-маёр Леанід Касінскі ў лісце ўдакладніў, што «беларускія ваеннаслужачыя выконваюць задачы ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных сіл па прызначэнні ў 2021/2022 навучальным годзе, а таксама ў ходзе мерапрыемстваў па ўзмацненні аховы Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь толькі ў межах тэрыторый нашай краіны і ўдзел у спецыяльнай ваеннай аперацыі Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны не прымаюць».
Таксама на прамой лініі чытачка спытала, калі перастануць адпраўляць на навучанне беларускіх вайскоўцаў ва ўстановы Расійскай Федэрацыі.
«Рэспубліка Беларусь накіроўвала і будзе накіроўваць на навучанне сваіх вайскоўцаў у Расійскую Федэрацыю», — сказана ў адказе.