Міхаіл Чыгір: Калі літаратурна, гэта называецца піпец

Што думае пра вайну Расіі ва Украіне і беларускую эканоміку прэм'ер-міністр Беларусі ў 1994—1996 гадах Міхаіл Чыгір, пацікавілася «Народная Воля».

15.04.2022 / 16:12

— Міхаіл Мікалаевіч, як вашы справы? Цяпер многія з'язджаюць. У вас няма такіх планаў? Тым больш вам ёсць куды ехаць — сын у Германіі…

— Ну а навошта мне з'язджаць? У свой час мяне абвінавацілі ў тым, што я скраў 20 мільёнаў даляраў. Дык вось калі б я іх сапраўды скраў, то эміграваў бы. А я жыву тут.

— На ваш погляд, што будзе з эканомікай? Чаго ўвогуле чакаць у бліжэйшы час?

— Добрым прагнозам узяцца няма адкуль. Калі літаратурна, гэта называецца піпец. Але Аляксандр Лукашэнка — ён спрытны і хітры, можа, нешта яшчэ і вытрасе з Расіі.

Эканоміцы туга прыйдзецца, але з голаду мы не памром. Бульба і капуста будуць. Хранова, але будзем жыць.

— Падчас візіту на Далёкі Усход Лукашэнка заявіў: засталося зусім крыху, каб свет пачаў галадаць, бо без угнаенняў нічога не расце, а еўрапейцы ад беларускіх угнаенняў, як вы ведаеце, адмовіліся… вы верыце ў міф пра тое, што Еўропу накрые голад?

— Самы буйны вытворца калію, мінеральных угнаенняў — Канада. Яна можа без праблем нарасціць магутнасці ў некалькі разоў.

— Цяпер кажуць пра глабальную дэдаларызацыю. Вы даляры на еўра ўжо памянялі?

— У Беларусі і Расіі дакладна здарыцца дэдалярызацыя — будуць шукаць даляры і наўрад ці знойдуць.

А ў іншых краінах усё будзе нармальна, я так думаю.

Вядома, у цэлым удар атрымае не толькі беларуская, але і ўся сусветная эканоміка.

— На ваш погляд, доўга яшчэ працягнецца вайна?

— Гэта поўнае вар'яцтва — славяне малоцяць славян!

Можа, у рэшце рэшт нехта ў Крамлі сцяміць, што час заканчваць гэтую бойню. Нават у часы Сталіна і навукоўцы, і вайскоўцы выказвалі свае думкі, пісалі запіскі. Напрыклад, Сталін кажа міністру фінансаў Звераву: трэба прафінансаваць вось гэта і вось гэта. А Звераў адказвае: вось глядзіце, якія ў нас выдаткі, скажыце, адкуль зняць. А зняць няма адкуль! А ў нас што адбываецца?

Лукашэнка называе прозвішча прэм'ер-міністра ці міністра, той ускоквае: «Ёсць, зразумеў, зраблю!» Беспярэчнае падпарадкаванне. Такое ўражанне, што свайго меркавання ва ўрадзе ніхто не мае. А тыя, хто мае, там доўга не затрымліваюцца.

— У свой час многія добра казалі пра старшыню Нацбанка Паўла Калаўра. Станіслаў Багданкевіч не раз хваліў яго ў сваіх інтэрв'ю за адносна разумную і ўзважаную палітыку.

— Ва ўрадзе сёння сапраўды вымушаныя прыслухоўвацца да Паўла Калаўра. Бо калі яго не слухаць, будзе поўны крах. Але і Нацбанк наўрад ці доўга зможа вытрымліваць тое, што адбываецца сёння. Не ўсё ж, у рэшце рэшт, ад банка залежыць.

— Некаторым банкірам, падобна, цяпер даводзіцца весці размовы са следчымі. Больш за месяц таму прайшла інфармацыя аб затрыманні кіраўніка «Прыёрбанка» Сяргея Касцючэнкі і некаторых іншых топ-менеджараў…

— А афіцыйнай інфармацыі няма, усе маўчаць. У банкаўскіх колах толькі абмяркоўваюць, у колькі таму ж Касцючэнку можа абысціся свабода… Але гэта толькі размовы, здагадкі.

— Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца ў грамадска-палітычным полі? Многія палітыкі з'ехалі, а тыя, хто застаўся, сядзяць ціха, як мышы пад венікам…

— Дык а што можа адбыцца, калі толькі падняў галаву і выказаў іншае меркаванне — адразу шах, і няма галавы? А смелых у нас няшмат…

Мяне здзіўляе, што і ў Расіі людзі маўчаць! Салдаты гінуць, а яны маўчаць. Можа, хочуць усю краіну трупамі заваліць?

Украінцы даволі эфектыўна вядуць барацьбу — гэтага нельга не прызнаваць. І чым далей, тым больш іх узбройвае Захад. А калі ўзбройвае, значыць, будзе мясарубка… але бачыце, як робяць расіяне? Яны адпраўляюць на вайну хлопцаў не з Масквы і Санкт-Пецярбурга, а з Бураціі, Якуціі і іншых куткоў. Хтосьці, можа, там у тайзе і пратэстуе, крычыць: «Спыніце вайну!» Але ў расійскай сталіцы гэтага дакладна не чуваць. А інфармацыйнае поле зачышчанае і ў нас, і ў Расіі…

— Але ўсё роўна глыбокі ўнутраны пратэст застаўся — я нават мяркую па настроях тых людзей, якія заходзяць да нас у рэдакцыю.

— Вядома, застаўся! Людзі абураныя: нешта дзесьці сказаў, перапосціў — адразу прыехалі і забралі, і тэрміны, і штрафы даюць немалыя.

— Некаторыя спадзяюцца, што не за гарамі чарговыя выбары, а гэта значыць, з'явіцца легальная магчымасць праяўляць палітычную актыўнасць: пікеты, выступы, сустрэчы з людзьмі…

— Я ў гэта не веру. Думаю, адбудзецца нешта іншае. Таму што так доўга працягвацца не можа.

— Ёсць меркаванне, што пратэст могуць пачаць завадчане. Хоць на прадпрыемствах худа-бедна заробкі пакуль плацяць.

— Справа ў тым, што як толькі працоўны выйдзе на пратэст, на наступны дзень ён страціць працу, і ўжо не будзе за што жыць. Сітуацыя складаная…

— Ну і якое выйсце вы бачыце як прафесійны эканаміст?

— Буду саджаць бульбу.

— Мой тата таксама кажа, што ў гэтым годзе адназначна павялічым колькасць разораў… дарэчы, вы бачылі цэны на бульбу? Некаторыя кажуць: «Бульба — гэта раскоша, макарона таннейшая».

— У нас у краме мытая бульба была па тры рублі за кілаграм. Гэта ж з глузду з'ехаць!

— Дык і на капусту зусім нядаўна памятаеце, як цэны падскочылі?

— У капусты назва з доларам супадае, таму яна і дарагая (смяецца).

— Памідоры свежыя ў «Віталюры» па 12 рублёў…

— У нас у краме прадаюць клубніцы. На выгляд — так сабе, глядзець асабліва няма на што. А кошт завоблачны! Я вось не магу зразумець, хто яе купляе?!

— Лекі таксама адчувальна падаражалі…

— У мяне жонка медыкаменты купляе, я цэны на іх зусім не ведаю. Але, з іншага боку, гэта добра, што яшчэ ёсць лекі! Хутка можа і не быць паставак.

На днях па тэлевізары распавядалі, як БЕЛАЗ паспяхова працуе.

А я думаю: ёлкі-палкі, калі ўся гэтая сітуацыя працягнецца, БЕЛАЗ устане. Рухавікі ж на іх ставяць імпартныя! «Белфармацыя» таксама з праблемамі сутыкнецца — інгрэдыенты лекаў не беларускія, а завазныя! Добра, калі будуць лекі з Індыі, Пакістана, а з лекамі іншых вытворцаў можа быць праблема.

Пакуль няма дэфіцыту толькі на «амікрон». У нас у вёсцы, дарэчы, ёсць.

— Вас прыхапіла?

— Адчапіўся ўжо гэты вірус ад мяне. Адзін раз тэмпература паднялася — і ўсё на гэтым. А жонка захварэла — пайшла да доктара і там падхапіла. Не скажу, што лёгка перанесла, але і да шпіталізацыі, дзякуй богу, справа не дайшло.

— Апошнім часам выпрабаванняў на нашу долю выпала нямала. А бо ў далёкім 2010 годзе здавалася, што горш не бывае…

— Гэта як у анекдоце: сустракаюцца два сябры і адзін іншага пытае: «Як справы?» «Дрэнна», — адказвае той. «Ну, ведаеш, жыццё так уладкаванае што калі сёння чорная паласа, то заўтра — абавязкова будзе белая». Пагаварылі, разышліся, праз некаторы час зноў сустракаюцца, і сябар цікавіцца: «Ну як справы? Чорная паласа скончылася?»— «Аказваецца, тады была белая…»

Так і ў нас…

Ну нічога, жывыя і здаровыя — гэта самае галоўнае! Пяройдзем на бульбу, капусту. І вось я дзіўлюся! Усе кажуць: і дорага, і дрэнна, а садзіць то некаторыя не хочуць, газоны стрыгуць! Пазбаўцеся газона — будзе танная бульба.

— Мне здаецца, у гэтым сезоне многія газоны пад бульбачку перапашуць…

— Паглядзім, што будзе далей. Але пакуль, мне здаецца, на гарызонце ніякіх надзей не праглядаецца.

— У вас сын, калі не памыляюся, у Нямеччыне жыве. Што ён распавядае?

— У іх таксама сітуацыя горш стала ў эканамічным плане. Ну і стаўленне да рускамоўных змянілася. Сябар, які ў Амерыцы жыве, распавядаў, што да ўнукаў моцна змянілася стаўленне ў школе…

Ну гэта кашмар нейкі! Такая разведка, такія магчымасці, гэта ж хтосьці прыдумаў, што рускіх у Кіеве нібыта будуць чакаць з кветкамі! Проста, мабыць, скралі грошы, выдзеленыя на разведку, пабудавалі сабе яхты — і вось што з гэтага атрымалася…

Я з жахам думаю пра тое, што адбываецца. Калі б мяне паставілі сёння прэм'ер-міністрам — галава разарвалася б проста! Трэба круглыя суткі думаць, як разруліць сітуацыю, як наладзіць пастаўкі і гэтак далей. А некаторыя, падобна, спадзяюцца, што само ўсё неяк разыдзецца. А гэта як цяжарнасць — не разыдзецца!

— Мяне здзівіла маўчанне чыноўнікаў у разгар так званай перадваеннай панікі, калі беларусы ў першыя дні вайны ва Украіне скуплялі ў крамах макарону, соль, аліўкавы алей, парашкі, тампаксы. І ніхто з чыноўнікаў тады не сказаў: маўляў, не хвалюйцеся, не стварайце ажыятаж, солі нам сапраўды хопіць, а калі не будзе італьянскай макароны, то будзе беларуская.

— У Беларусі праблем з харчаваннем дакладна не будзе. Ад голаду не памром.

А з нагоды маўчання чыноўнікаў — дык ім каманды не было каментаваць, вось і маўчалі. Праходзілі гэта ўжо не адзін раз, тут нават няма чаму здзіўляцца.

Калі Украіна выберацца з гэтых путаў, можа, і беларусы, і расіяне паглядзяць на ўкраінцаў і зразумеюць, што шмат што можна змяніць.

— Міхаіл Мікалаевіч, а адкуль вы чэрпаеце аптымізм у гэты няпросты час?

— Вясна прыйшла!

Ёсць старажытная арабская прытча. У акно глядзелі двое: адзін бачыў там дождж, і снег, і град. А другі — палоску неба блакітнага і набрынялыя пупышкі дрэў. І ўзрадаваўся гэтаму. Так што вясна будзе, не перажывай!

Чытайце таксама:

«Вайна магла б пачацца не ва Украіне, а ў нас». Вялікае інтэрв'ю з Уладзімірам Някляевым пра вайну, палітыку дэбеларусізацыі і новую кнігу

Nashaniva.com