«5-10% ад кошту пратэза». КДБ дадаў падрабязнасцяў пра справу траўматолагаў
У вечаровым эфіры БТ выйшаў сюжэт пра справу траўматолагаў. У ім прадстаўнік КДБ паведаміў некалькі дэталяў па гучнай справе затрыманых па ўсёй краіне вядучых артапедаў.
18.04.2022 / 23:58
Паводле КДБ, затрыманы не толькі 35 траўматолагаў, але і 5 прадстаўнікоў камерцыйных структур. Задакументаваны шматлікія эпізоды перадачы хабару дактарам і загадчыкам аддзяленняў устаноў аховы здароўя ў розных рэгіёнах. Выяўлена чорная бухгалтэрыя прадпрымальнікаў, якія ажыццяўлялі подкуп дактароў.
У сюжэце паказана, як сцвярджаецца, аператыўнае відэа перадачы хабару. Жанчына за столікам ‒ нібыта камерсант з фірмы-пасярэдніка, якая зарабляе эндапратэзамі. Мужчына, якому яна ціхенька перадае пачак грошай, ‒ адзін з медыкаў, «які сваім пацыентам настойліва раіць менавіта яе прадукцыю, а не іншых». Прозвішчы ў сюжэце не называюць твараў не відаць. За кожны набыты ў фірмы штучны сустаў камерсант кладзе ў кішэню лекара 200 еўра, ‒ паведамляюць у сюжэце.
Паводле КДБ, выяўлена і канфіскаваная чорная бухгалтэрыя фірмы-пастаўшчыка з прозвішчамі дактароў і колькасцю аперацый. «Доля медыкаў складала 5-10% ад кошту пратэза», ‒ называецца ўжо іншы памер хабару, не 200 еўра.
«Абарот адной з фірм пастаўшчыкоў замежных эндапратэзаў, якія фігуруюць у справе, склаў амаль 12 млн даляраў за 2019-2022 гады. На гэтым фоне не дзіўныя шыкоўныя дамы ў затрыманых. І тое, што падчас ператрусаў ва ўдзельнікаў злачыннай схемы канфіскаваны буйныя сумы. У некаторых выпадках яны склалі 115, 120 і 340 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце», ‒ паведамляе БТ.
«Абсалютная большасць абвінавачаных супрацоўнічае са следствам і дае прызнальныя паказанні, прадпрымае меры па выплаце ў даход дзяржавы даходу, атрыманага злачынным шляхам. Акрамя таго, большасць затрыманых поўнасцю прызнае сваю віну», ‒ гаворыць Канстанцін Бычак, намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Беларусі.
Сёння ў Лукашэнкі прайшла нарада з генпракурорам, міністрам аховы здароўя і КДБ. Вырашалі, «што будзем рабіць з гэтымі людзьмі». Былі названыя тры ўмовы іх вызвалення.