З верасня ў літоўскіх школах Беларусі больш не будуць выкладаць на літоўскай мове
З верасня ў літоўскіх школах Беларусі больш не будуць выкладаць на літоўскай мове — навучанне будуць весці толькі на рускай або беларускай мовах, паведаміла Zerkalo.io са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва BNS.
25.04.2022 / 12:01
Школа ў Рымдзюнах
«Ад беларускага боку паступіла паведамленне, што з 1 верасня ўсе школы для нацыянальных меншасцяў павінны выбіраць мову навучання — рускую ці беларускую, — паведаміў намеснік міністра замежных спраў Літвы Эгідзіюс Мейлунас. — Адным словам, літоўская мова застанецца толькі прадметам».
Ён таксама паведаміў, што ў цяперашні час робяцца намаганні для таго, каб мовай навучання ў гэтых школах па-ранейшаму была літоўская.
«Закрываючы школы, мы абмежавалі б любую магчымасць для суайчыннікаў развіваць сваю родную мову, таму мы абмяркоўваем і шукаем магчымасці захаваць магчымасць навучацца на літоўскай мове», — сказаў намеснік міністра.
У цяперашні час у Беларусі ёсць дзве літоўскія школы — пяляская і рымдзюнская. Паводле звестак Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы, рымдзюнская школа, пабудаваная ў 1996 годзе на літоўскія сродкі, утрымліваецца за кошт Беларусі, а пяляскай школе вылучае фінансаванне Літоўскае Міністэрства адукацыі.
Літоўскія дыпламаты апавясцілі Мінск пра тое, што такое рашэнне непрымальнае, бо парушае двухбаковыя дамоўленасці і абмяжоўвае права беларускіх літоўцаў на навучанне на роднай мове.
Аднак Беларусь заявіла, што рашэнне не будзе змененае, і таму літоўскія ўлады папрасілі пра пераходны перыяд.
Цяпер чакаецца адказ ад беларускага боку, каб вучні маглі адаптавацца да новых умоў.
Калі ў пяляскай школе не дазволяць выкладанне на літоўскай мове, будзе разгледжанае пытанне аб спыненні фінансавання. Па словах прадстаўніка міністра, гэтая сітуацыя «сумная».
У пяляскай школе 127 вучняў і 23 настаўнікі, 11 з якіх з'яўляюцца грамадзянамі Літвы. У рымдзюнскай — 82 вучні і 18 настаўнікаў, 14 з якіх з'яўляюцца грамадзянамі Літвы.
Раней такое ж рашэнне было прынятае і па польскіх школах у Беларусі.