NYT: Начальнік Генштаба РФ Герасімаў быў пад Ізюмам, але паспеў з'ехаць да абстрэлу

У ЗША пацвярджаюць, што начальнік Генеральнага штаба РФ Валерый Герасімаў прыязджаў у Харкаўскую вобласць, каб паспрабаваць змяніць ход расійскага наступу на ўсходзе Украіны. Пра гэта са спасылкай на двух неназваных амерыканскіх чыноўнікаў піша The New York Times.

02.05.2022 / 08:50

Украіна даведалася пра візіт Герасімава і нанесла ўдар па адной з пазіцый, дзе ён знаходзіўся, але той ужо паспеў з'ехаць.

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксей Арастовіч сцвярджае, што ў выніку ўдараў па гэтым раёне загінулі не менш за 200 расійскіх вайскоўцаў, у тым ліку 30 старшых афіцэраў — ад маёра да палкоўніка.

«Амаль 200 забітых у выніку трох удараў па штабах, якія за пяць сутак адбыліся. Сярод іх сама меней 30 старшых афіцэраў, на адным пункце кіравання знішчаны камандуючы. Адзін з элітных расійскіх спецназаўцаў, які ахоўваў кагосьці вельмі высокапастаўленага, канкрэтна пацярпеў», — распавёў ён 1 мая ў эфіры YouTube-канала «Фейгін Live».

Адным з загінулых, верагодна, быў генерал-маёр Андрэй Сіманаў, піша NYT.

Амерыканскія крыніцы выдання не маюць інфармацыі пра абстрэл расійскіх штабоў, але пацвярджаюць прыезд Герасімава. Прысутнасць такога высокапастаўленага чыноўніка на перадавой — незвычайная падзея. «Наша працоўная здагадка ў тым, што ён быў там, бо яны прызнаюць, што не вырашылі ўсе свае праблемы», — сказаў адзін з суразмоўцаў выдання.

Nashaniva.com