На Дзень Перамогі Лукашэнка выступіў з агрэсіўнай прамовай, зневажаў Украіну і краіны Захаду

У доўгай, 24-хвіліннай прамове перад аўдыторыяй, сабранай на плошчы Перамогі па разнарадцы ад прадпрыемстваў і ўстановаў сталіцы, Аляксандр Лукашэнка назваў краіны Захаду «сусветным злом» і абвінаваціў ва ўзрошчванні нацызму. «Ад амерыканскай пятлі стаміліся ўсе краіны», — заявіў Лукашэнка пра былых саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі.

09.05.2022 / 16:35

Аляксандр Лукашэнка 9 мая 2022 года. Скрыншот з відэа.

«Беларусы не маюць права не падтрымліваць Расію. Мы заўсёды былі разам, мы заўсёды былі адзіныя. У вас не атрымаецца нас разарваць на кавалкі і раз'яднаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусы не агрэсары. Але мы будзем яе ўсяляк падтрымліваць».

Людзям было загадана прыносіць чырвоныя і зялёныя шарыкі і транспаранты з загадзя вызначанымі надпісамі. Акрамя таго, удзельнікі шэсця неслі партрэты ўдзельнікаў вайны, сцягі Мінска і прафсаюзаў.

Уся цырымонія прайшла пад савецкія і рускія песні ў характэрнай стылістыцы.

«Ведаючы і разумеючы месца Беларусі і сваё месца ў сістэме каардынатаў цяперашняй планеты, я тым не менш, як прадстаўнік народа-пераможцы, звяртаюся да народаў краін Захаду. Падкрэсліваю: мой сённяшні зварот — да вас, людзей такіх жа, як і мы. Вашы палітыкі зрабілі вельмі многае, каб вы забыліся, каму свет абавязаны вызваленнем ад фашызму. Сёння не многія з людзей, якія жывуць за межамі Беларусі і Расіі, ведаюць, што Другую сусветную вайну выйграў савецкі салдат, Савецкі саюз», — казаў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што «цяперашнія ўладары свету тады ўбачылі пагрозу, як бы гэта сёння ні здавалася дзіўным. Таму імі адразу быў узяты курс на ачарненне і дэманізацыю Савецкага саюза і славянскага свету».

Да славянскага свету ён традыцыйна не адносіць заходніх і паўднёвых славян, а толькі Расію і краіны, якія ідуць у яе фарватары.

«Вар'яцкія палітыкі Еўропы перш за ўсё не разумеюць, што, выкарыстоўваючы сёння фашызм, нацызм ва Украіне, заўтра будуць змагацца супраць яго. Таму што ён не можа быць замкнёны межамі адной краіны. Ён заўтра захлісне ўсю Еўропу. Хацелася, каб і ўкраінцы, якія паддаліся гэтаму, разумелі: сёння з іх робяць герояў, а заўтра іх будуць знішчаць. У тых заходніх краінах хочуць, каб нацызм быў у нас, каб мы раздзіраліся ў супярэчнасцях. Каб мы пакутавалі. Я думаю, Захаду трэба над гэтым тэзісам падумаць», — казаў Лукашэнка.

Сёлетні Дзень Перамогі святкуецца на фоне вайны ва Украіне. 24 лютага расійскія войскі атакавалі суседнюю дзяржаву ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. З нашых аэрадромаў узляталі расійскія самалёты, у Беларусі былі размешчаныя ракетныя комплексы «Іскандэр» і супрацьпаветраныя комплексы С-400.

«А Украіне трэба падумаць над тым, каб не прыйшлося звяртацца да нас, каб выратаваць цэласнасць і адзінства ўкраінскай дзяржавы. Там ужо падзялілі Украіну на часткі. Там ужо думаюць, які кавалак адарваць сабе. І вы іх ведаеце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка з намёкам на Польшчу. Хоць насамрэч Польшча паслядоўна падтрымлівае незалежнасць і цэласнасць Украіны, у той час як Расія адарвала ад Украіны Крым, частку Данбаса, а цяпер хоча адарваць Данецкую і Луганскую вобласці цалкам і не хавае планаў заняцця ўсяго чарнаморскага ўзбярэжжа.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў адсутнасць на плошчы паслоў дэмакратычных дзяржаў.

«Я нешта не бачу ўсіх заходніх амбасадараў тут, — заявіў ён. — Дзе вы? Чаму не прыйшлі памаліцца і пакаяцца? Вось ваша аблічча! Вось ваша нутро!»

«Што бачым сёння: сярэднявечная барацьба за тэрыторыі і рэсурсы працягваецца, толькі на змену крыжовым паходам прыйшла экспансія замежных фондаў. Тую ж агрэсію назіраем цяпер пад лозунгамі захавання правоў чалавека і нейкага ўстойлівага развіцця краін», — казаў Лукашэнка.

«Паслядоўнікі нацыстаў апантаныя ідэяй рэваншу. Але адкрыта змагацца з нашчадкамі савецкага народа не гатовыя. Добра, мабыць, засвоілі ўрокі. Таму напампоўваюць Украіну зброяй, ваююць з мемарыяламі, сімваламі, ветэранамі, вязнямі канцлагераў і нават іх сем'ямі, — Лукашэнка распаўсюджваў сцвярджэнні пра нібыта нацысцкі характар улады ва Украіне. — У самым страшным сне немагчыма было ўявіць, што там, у гэтай брацкай нам краіне, якая цудам выжыла пад ботам фашысцкіх акупантаў, нацызм зноў падыме галаву».

Лукашэнка заявіў, што гэта заходнія эліты ўзгадавалі ва Украіне «гэтага монстра», зрынулі законную ўладу, узброілі да зубоў навапаказаных паслугачоў Бандэры і Шухевіча, зрабілі нацызм дзяржаўнай ідэалогіяй, сутыкнулі братоў украінцаў і расіян.

Насамрэч, Лукашэнка ў 2014 годзе асабіста прысутнічаў на інаўгурацыі чарговага законна абранага прэзідэнта Украіны, а ў 2019-м сустракаўся з наступным прэзідэнтам Украіны, абраным на ўсенародных дэмакратычных выбарах, Уладзімірам Зяленскім.

«Усе спробы задушыць нас робяць толькі мацнейшымі і натхняюць іншых. Таму што на беларусаў, расіян, якія зноў вядуць барацьбу з гэтым сусветным злом, глядзяць мільярды людзей. Кітай, Індыя, краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, арабскія дзяржавы. Ад амерыканскай пятлі стаміліся ўсе!» — гучна заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Насамрэч, у ААН 141 краіна асудзіла агрэсію Расіі супраць Украіны, толькі 5, сярод іх Беларусь, Расію падтрымалі.

Прысутныя выслухалі прамову ў поўным маўчанні. Па яе заканчэнні прагучалі разрозненыя апладысменты, а прысутныя на плошчы курсанты некалькі разоў пракрычалі «Ура!».

Чытайце таксама: Лідары Вялікай сямёркі: Мы прыкладзем усе намаганні, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за саўдзел у вайне

Nashaniva.com