«Быццам бы дзве, а быццам бы адна». Песня Малдовы на Еўрабачанні вясёлая. Але з глыбокім палітычным падтэкстам
У фінал конкурсу «Еўрабачанне-2022» у Турыне выйшлі малдаване з песняй «Trenuleţul». Чытаецца «трэнулэцул», а перакладаецца як «цягнічок». Песня, якая стваралася як рэкламная, набыла палітычнае гучанне, асабліва пасля нападу Расіі на Украіну.
13.05.2022 / 21:24
Трэк Zdob şi Zdub і Frații Advahov выйшаў яшчэ ў снежні 2021 года. Гэта была рэкламная песня да аднаўлення чыгуначных рэйсаў паміж Кішынёвам і Бухарэстам. Але вясёлая рэкламная песенька мае глыбокі палітычны падтэкст.
У тэксце песні, напісанай да дня аднаўлення чыгуначнага злучэння пасля перыяду пандэміі, гаворыцца аб падарожжы з Кішынёва ў Бухарэст — з адной краіны ў другую, хоць тыя дзве краіны цяжка адрозніць між сабой. У ёй намякаецца на адзінства румынскага і малдаўскага народаў.
У песні ёсць такія словы:
Merge trenul, parcă zboară
Dintr-o țară-n altă țară
Merge și nu poate pricepe
Care țară? Unde-ncepe?
Țară veche, țară nouă
Parcă-i una, parcă-s două
Ba aparte, ba-mpreună
Parcă-s două, parcă-i una.
Так можна перакласці прыкладна як:
Цягнік едзе, нібы ляціць,
З адной краіны ў другую.
Цягнік едзе і не можа зразумець,
Якая дзе краіна? З каторай з іх ён выехаў?
Тая зямля, гэтая зямля,
Быццам бы адна, быццам бы дзве
Паасобку, разам,
Быццам бы дзве, а быццам бы адна.
Пры ўсёй універсальнасці гэтай лірыкі многія пабачылі ў гэтых словах падтрымку ідэі «ўніры» — аб'яднання Малдовы і Румыніі ў адну дзяржаву. Тэма становіцца асабліва актуальнай на фоне расійска-ўкраінскай вайны і напружанай сітуацыі ў Прыднястроўі — падкантрольным Расіі анклаве, кіраўніцтва якога выступае супраць збліжэння з Румыніяй.
Самі музыкі сцвярджаюць, што ніякіх палітычных лозунгаў у песні няма. Зрэшты, адкрыта палітычныя песні забароненыя правіламі конкурсу.
«Гэта нават смешна, якая уніра?! Песня незвычайная, гуллівая, з іроніяй і гумарам. Памятаеце, як ездзілі на цягніках у Бухарэст, у Маскву? Часта ездзілі. «Trenuleţul» — песня пра цягнік, які курсіраваў паміж дзвюма краінамі. Мы едзем з адной краіны ў другую, а там усе гавораць на такой жа мове», — казаў прадзюсар гурту Zdob şi Zdub Ігар Дынга.
Паказальна тое, што куплет песні пра адну краіну то быў у першапачатковай версіі песні, то знікаў падчас нацыянальнага адбору. Але ў выніку музыканты паехалі на Еўрабачанне з арыгінальнай, «уніянісцкай» версіяй.
Як бы музыканты ні абвяргалі палітычнага падтэксту, ідэя нацыянальнага адзінства счытваецца.
Când ajunge trenu-n gară
Parcă n-a ieșit din țară
Parcă-a mers, fără să iasă
De acasă pân-acasă.
Што ў прыблізным перакладзе азначае:
Пад'язджае цягнік,
І, здаецца, гэта тая самая зямля,
Здаецца, усё тое самае,
Ты прыехаў з аднаго свайго дома ў другі.
Румыны і малдаване гавораць на адной, румынскай мове. Гэта адзін народ, які воляй гісторыі апынуўся ў розных дзяржавах. Малдова ўваходзіла ў склад Румыніі да 1940 года, калі па пакце Молатава-Рыбентропа Сталіну дасталіся землі Малдовы, якія ў свой час уваходзілі ў Расійскую імперыю.
Zdob şi Zdub, адна з самых папулярных каманд Усходняй Еўропы, удзельнічае ў конкурсе «Еўрабачанне» ад Малдовы трэці раз. У 2005 годзе, калі Малдова ўпершыню далучылася да гэтага конкурсу, яны занялі 6 месца, а ў 2011-м былі на 12-м.
Сёлета яны выступаюць разам з папулярным аркестрам народнай музыкі Frații Advahov, створаныя двума братамі Адвахавымі.