Галіць ногі — небяспечная звычка. Вось чым яна пагражае
Плюсы галення ў тым, што яно не балючае і не займае шмат часу, але трэба памятаць: галенне можа выклікаць сур’ёзныя праблемы са скурай.
29.05.2022 / 15:36
Фота: flickr.com
Шмат жанчын лічаць неабходным выдаляць валасы на целе, у тым ліку на нагах. Спачатку для гэтага выкарыстоўваліся брытвы, крыху пазней з’явіліся эпілятары, а цяпер усё большую папулярнасць набывае лазерная эпіляцыя.
У выпадку з брытвамі і эпілятарамі працэдуру трэба паўтараць у сярэднім кожныя 1—3 тыдні. Большасць людзей добра яе пераносяць, але на далікатнай скуры можа ўзнікнуць раздражненне.
Больш за тое, ёсць пацыенты, схільныя да ўрастання валасоў і ў некаторых выпадках нават да запалення валасяных фалікулаў. У цяжкіх выпадках гэты працэс можа нават прывесці да ўзнікнення рубцоў на скуры.
Каб пазбегнуць раздражнення, ужывайце падчас галення спецыяльныя пены і ніколі, нават калі вельмі спяшаецеся, не прымяняйце брытву на сухой скуры.
Пасля галення варта карыстацца касметыкай, якая ўвільгатніць вашу скуру і супакоіць яе, а таксама прэпаратамі з канцэнтрацыяй мачавіны большай, чым 15%. Такая касметыка мякка аблушчвае эпідэрміс і перадухіляе ўрастанне валос.
Калі ж падчас галення вы парэзаліся, прадэзінфікуйце рану. Вельмі важна гэта зрабіць, бо праз рану ў арганізм могуць трапіць бактэрыі, здольныя выклікаць небяспечныя запаленчыя працэсы ў скуры.
Бывае, што нават належны догляд не дапамагае супраць раздражнення скуры ці ўрастання валасоў. У такім выпадку эксперты рэкамендуюць лазерную эпіляцыю — яна надзейна і надоўга пазбаўляе ад лішніх валаскоў.
Але ж падрыхтуйце свае грошы: лазерная эпіляцыя каштуе нашмат даражэй, чым звычайная брытва, і для эфектыўнасці трэба прайсці курс з некалькіх сеансаў.