На чорта бізнэсоўцам дэмакратыя?

Лукашэнка пераконваў славацкага міністра, што для інвестараў дыктатура — самае тое. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

07.09.2009 / 15:12

Сустрэчу са славацкім міністрам замежных спраў Міраславам Лайчакам 7 верасня гаспадар адразу паставіў на рэйкі прагматычнага дыялогу. «Бізнэсоўцы не любяць рознага кшталту псеўдадэмакратыю», — катэгарычна абмаляваў Лукашэнка светапогляд буржуазіі.

З яго слоў, заходнія інвестары цэняць тутэйшы парадак («тое, што ў пэўных дзяржавах называюць дыктатурай»): калі дамовіліся, то ўлада трымае слова. Лукашэнка прапанаваў славацкім капіталам паканкураваць (з расійскімі?) за нашы актывы.

Натуральна, інвестарам лепей, калі працуюць празрыстыя законы, а не дамовы «па паняціях». Аднак інтарэс еўрапейскага бізнэсу да практычна некранутай сінявокай рэспублікі таксама не варта недаацэньваць.

Тым болей што ў прагматычную плашчыню збольшага перайшлі і дачыненні Бруселя з тутэйшымі ўладамі. Са слоў Анатоля Лябедзькі, гэта на сустрэчы з апазіцыяй 7 верасня мусіў прызнаць і пан Лайчак: так, маўляў, дыялог Еўрасаюза і Беларусі ідзе на ўмовах Мінска. Лідэр АГП абураецца, што «слабы Лукашэнка вызначае фармат і парадак дня дыялогу з палітычна і эканамічна моцным Бруселем».

Дадамо: «слабы Лукашэнка» яшчэ і Маскву перыядычна ставіць на вушы. За паўтара дзесяцігоддзі можна было б ужо і пазбавіцца апломбу сярэдзіны 90-х, калі сцвярджалася, што ўчорашні саўгасны дырэктар на чале дзяржавы доўга не пратрымаецца.

Колькі ні закідай Еўрасаюзу меркантылізм, але факт тое, што

пасля рытуальнага кантакту з праціўнікамі рэжыму еўрапейскі эмісар паехаў на Карла Маркса, 38. І пастфактум заявіў ўрадаваму агенцтву зусім не тое, што пачулі апазіцыянеры. А менавіта: у дыялогу Беларусі з ЕС «захоўваецца спрыяльная атмасфера».

Аналітыкі прагназуюць, што дачыненні з Бруселем напружацца перад выбарамі, бо саступаць ва ўмовах Лукашэнка не хоча. Але ўмовы Масквы — болей жорсткія, практычна бязлітасныя.

І не выключана, што дамовіцца з Захадам у выніку акажацца лягчэй, чым з Крамлём. Як трапна заўважана, фактычна Лукашэнка можа пераабрацца на грошы МВФ, што ўжо намякнуў на новую крэдытную лінію ў 2010 годзе.

Аляксандр Класкоўскі.