«Калі на Валадарцы звярнуліся на «вы» — для мяне быў культурны шок». Былы палітвязень — пра два месяцы пад вартай за абразу Лукашэнкі ў Instagram 

Данііл Касенка — былы палітзняволены. Ён правёў два месяцы пад вартай да суда — за тое, што «абразіў» Лукашэнку ў Instagram. Данііл змяніў некалькі камер у некалькіх месцах (на Акрэсціна і Валадарскага, у Маскоўскім РУУС Мінска і ў Жодзіне), у тым ліку сядзеў у камеры «шызафрэнікаў». Бачыў людзей, зняволеных па справе Зельцэра. Прайшоў «экстрэмісцкую» камісію на адной назе. За кратамі Данііл утрымліваўся з 22 лістапада 2021 года да 21 студзеня 2022 года. Пасля вынясення прысуду (два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) хлопец уцёк з Беларусі. «Вясна» прыводзіць гісторыю Данііла ад першай асобы.

01.06.2022 / 18:36

Данііл Касенка

Чаму я?

Я жыў у Мінску і займаўся вандроўкамі: вазіў аўтобусныя моладзевыя туры. А яшчэ арганізоўваў і вёў святы: вяселлі, юбілеі, карпаратывы, прэзентацыі. Быў у маленькія змены ў прыватным дзіцячым летніку намеснікам дырэктара і важатым і планаваў у гэтым развівацца. А яшчэ разам з таварышам я стварыў свой праект Digital detox — пра тое, як адпачываць без тэлефонаў шляхам творчых майстар-класаў на свежым паветры. Я дарыў людзям эмоцыі і ствараў свята.

Я быў 9 жніўня 2020 года на Стэле. І бачыў, як людзей пачалі атакаваць сілавыя прадстаўнікі лукашэнкаўскай улады, як паляцелі гранаты, як пачалі страляць, бачыў кроў…

Пасля гэтага я не баяўся засведчваць сваю пазіцыю. Калі вазіў туры, то ўключаў у аўтобусах «Ляпіса Трубяцкога», NaviВand, «Перемен» Віктара Цоя — і трансляваў гэта ў сторыс у Instagram. Запісваў я сторыс і ў цішотцы з выявай Ніны Багінскай («Я гуляю» з бчб-сцягам).

А яшчэ ў мяне было маленькае журналісцкае хобі — у сваім Instagram я рабіў хайлайтс з назвай «Перемен». У іх я сканцэнтраваў самыя, на мой погляд, ключавыя падзеі пратэсту 2020 года. Быў там і Лукашэнка. Памятаеце, калі ён выступаў каля ГЦ «Сталіца» ў Мінску 16 жніўня на праўладным мітынгу. Ён быў у поце, тросся — і злавілі кадр, дзе ён ускідае руку ўгару, як быццам «зіга». Я зрабіў скрыншот гэтага фота, дадаў надпіс «фашыст» і рэпостнуў. Я лічу, што такая ідэалогія прысутнічае ва ўсіх гэтых рэпрэсіях — беларусам не даюць быць беларусамі ва ўласнай дзяржаве. Таму я згодзен з тым, што ён фашыст.

І вось мне патэлефанавалі з РУУС…

РУУС Маскоўскага раёна Мінска

Думаў, мяне забяруць — але не, мяне папрасілі напісаць тлумачальную наконт маіх хайлайтс.

Але мінулі тры тыдні. Мне патэлефанавалі зноў з РУУС, запрасілі ў чымсьці распісацца: пад'ехаць літаральна на 30 секунд.

У той дзень я быў вельмі загружаны працай, а яшчэ мая бабуля клалася ў лякарню з каранавірусам… І я неяк без задняй думкі проста паехаў у РУУС. Мне здавалася, што калі ў папярэдні раз было без хлусні, то, можа, і цяпер так будзе. Але мяне адвезлі ў Следчы камітэт, паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы — і ўсё пайшло па накатанай. Толькі я думаў, што гэта будзе 10 дзён, а гэта зацягнулася на два месяцы.

Ізалятар часавага ўтрымання (1-ы завулак Акрэсціна)

На Акрэсціна я быў пяць сутак. У памяшканні карцара. Яно прызначана для аднаго чалавека — пяць з паловай метраў у даўжыню і тры ў шырыню, і там усяго адна драўляная «шконка». Але нас там у розны час сядзела ад шасці да васьмі чалавек. Мы спалі на бетоннай падлозе, а цёплую вопратку забралі. Абутак таксама.

У якасці туалета — дзірка пасярод камеры. І гумовае вядро: ім мы і змываем, у ім і мыем рукі, і ўмываемся. Рукамыйніцы няма, кран абрэзаны, і, дзякуй богу, хоць халодная вада цячэ.

Там няма ніякіх сродкаў гігіены, туалетнай паперы давалі на дзень трошкі, то-бок гэтага не хапае на тое, каб нам усім схадзіць у туалет.

Пах… Клапы, вошы — усё гэта вылазіць уначы, калі ты засынаеш, і кусаецца. Смярдзіць жудасна, чуваць крыкі…

Кормяць горш за свінняў. Суп, у якім плавае тры бульбіны, — жыжка. Кормяць, каб толькі падтрымліваць жыццё. Гэта таксама свайго кшталту катаванне.

Стаўленне супрацоўнікаў вельмі жорсткае, я б нават сказаў — крытычна радыкальнае. Месцамі я пачуваўся быццам габрэем у гета — такая асацыяцыя ў мяне паўстала. На ўсе пытанні — цябе пасылаюць у адно месца… Ты для іх не чалавек. Яны самі і адзін да аднаго ставяцца не скажу, што зусім па-людску — размаўляюць суцэльными мацюкамі.

Падымаюць уначы, каб вывесці на «расцяжку» (рукі выцягваеш да сцяны, ногі трэба ставіць шырока — а яны б'юць па нагах, каб паставіць іх шырэй), жорсткія мацюкі, глядзець нікуды нельга: калі азірнуўся, то атрымаў па нагах.

І як толькі ты засынаеш на гэтай бетоннай падлозе, то чуеш, як дубінкай з нагі ў дзверы: «Усталі! Прозвішчы назвалі!» Супрацоўнікі гэта робяць вельмі па-злому. Нібы запраграмаваныя кібаргі.

Новыя арыштаваныя хлопцы прыходзілі ў камеру кожны са сваімі гісторыямі. Яны здымалі майку — а там сляды ад шокераў і дубінак. Мяне ў параўнанні з імі яшчэ мякка затрымлівалі, але былі тыя, каго затрымліваў ГУБАЗіК і АМАП. Ёсць кейсы, дзе яны ветліва прыходзілі і прасілі прайсці з імі. А ёсць, дзе ўзламалі дзверы, дзе затрымлівалі тварам у падлогу, а дома былі бацькі ці жонка з дзіцем. Я не ведаю, якая ў іх градацыя…

І зноў РУУС Маскоўскага раёна

На чацвёрты дзень майго знаходжання на Акрэсціна мяне вывезлі ў РУУС Маскоўскага раёна горада Мінска і сказалі, што я еду ў Жодзіна. Мне было незразумела: як я, жыхар горада Мінска, еду ў Жодзіна?

У РУУС я быў вельмі злы, бо застудзіў ныркі з-за гэтай бетоннай падлогі на Акрэсціна, і ўвесь час хацеў у туалет. Я цэлы дзень стукаў у дзверы (мяне а 12-й прывезлі, а 19-й прыйшоў следчы) — у туалет мяне звадзілі адзін раз.

І за дзень мне не прапанавалі ні папіць воды, ні паесці. Ну хоць што-небудзь! Кавалачак каўбасы, хоць бы хлеб, сухар, семак насыпаць — ну што-небудзь! Нічога.

Я не разумею, чаму ў РУУС такое стаўленне — гэтыя хлопцы нібыта павінны змагацца са злачыннасцю… Ахвота лаяцца мацюкамі, калі ўзгадваеш гэтую гісторыю.

Следчы быў малады і адэкватны, але дазваляў сабе ўсмешачкі. Калі я сказаў, што спаў на бетоннай падлозе 5 дзён з вошамі і клапамі, то ён сядзеў і ўсміхаўся. Хацелася б перадаць яму прывітанне.

Затым мяне вярнулі на Акрэсціна, а на наступны дзень адправілі ў Жодзіна.

Следчая турма № 8 Жодзіна і што такое «светка»

На Жодзіна было значна лепш, чым на Акрэсціна. Але мая гісторыя — гэта кейс чалавека, які знаходзіцца ў Жодзіна пад следствам. А людзі, якія трапляюць у Жодзіна на 15 сутак — гэта зусім іншы кейс.

Параўнаем Акрэсціна і Жодзіна: у першым выпадку мы не ведаем, што з намі будзе, на нас гарлапаняць увесь час мацюкамі, нас дрэнна кормяць (дакладней, проста падтрымліваюць жыццё), зневажаюць маральна і могуць нават нанесці фізічныя траўмы — і ты ў гэтым жывеш 5 дзён. А ў Жодзіне — супрацоўнікі з табой мякчэй размаўляюць, дазволеныя перадачы, лісты. Бібліятэка катаецца — няхай і старая, з савецкімі кнігамі і выдранымі лістамі на цыгарэты-самакруткі… Нават у Бібліі ёсць выдраныя лісты на самакруткі — гэта блюзнерства, вядома.

З Акрэсціна я прыехаў цалкам без рэчаў. І суседзі па камеры ў Жодзіне далі мне зубную шчотку, ручнік, тапкі, ежу, дзяліліся ўсім.

Наогул, мне пашанцавала з камерай. У ёй быў парадак, культура і прынцыпы лепшыя за, прабачце, беларускую Канстытуцыю і прававое поле Рэспублікі Беларусь. У камеры было ўсё вельмі граматна зроблена: у нас [сярод зняволеных — Заўв. рэд.] быў повар і заггас, які адказвае за прадукты, бо мы жылі «абшчаком»… Гэты турэмны слэнг, гэтыя словы… Вы ведаеце, што такое «светка»? «Светка» — гэта туалет. Навошта мне гэта ведаць? [смяецца — Заўв. рэд ]. Але я гэта ведаю.

Зняволеныя паводле «справы Зельцэра»

Калі я ўпершыню зайшоў у камеру ў Жодзіне, то расплакаўся. Я ўбачыў там дзядулю, які сядзеў таксама паводле палітычнага артыкулу.

Ён ужо на пенсіі. Усё жыццё адпрацаваў — ні разу не быў у турмах, чыстая біяграфія, унукі ёсць… І ён адкаментаваў смерць кадэбэшніка, штосьці напісаў у «Аднакласніках». Ён вельмі стары. Хоць яму 70 гадоў — не такі стары, але выглядае гадоў на 80. І мне яго было вельмі шкада. Як дзеду жыць у гэтых умовах? У нас у камеры было 12 нар і 15 мужыкоў. Гэта проста цяжка.

Хлопцы па «справе Зельцера» — гэта жах! Хтосьці пакінуў каментар у выглядзе смайліка, хтосьці напісаў адзін сказ — і гэтыя хлопцы сядзяць дагэтуль, ужо сем ці колькі месяцаў. І сядзяць яны ў поўным вакууме і невядомасці. Ніякіх рухаў па іх справах няма.

Прычым першыя месяцы два яны спачатку сядзелі на Акрэсціна: у камеры, прызначанай для шасцярых, іх было па чалавек 20 (калі мне не здраджвае памяць) — то бок яны спалі адзін на адным. А потым — у Жодзіне, у камеры для дзесяцярых іх там было па 20-40 чалавек. Лісты і перадачы ім не аддавалі. І ў такіх умовах яны месяц—два прабылі, потым іх размеркавалі ў звычайныя камеры — і вось яны дагэтуль сядзяць.

Следчы прыходзіў да кагосьці з іх адзін ці два разы, і нічога ніхто не можа сказаць. Як вось пачуваецца чалавек у такой сітуацыі: месяцы турмы за каментар і за смайлік?

Я бачыў, як у такім разе маральна раскладаецца галава чалавека, — ён проста робіцца вельмі нервовым, ён у жаху ад таго, што адбываецца…

Спроба атрымаць медыцынскую дапамогу

Выпадкова я разліў кіпень на нагу — і атрымаў апёк другой ступені. Але нармальную медыцынскую дапамогу мне не аказвалі. Здаецца, на другі дзень мне прынеслі супрацьапёкавую астуджальную і абязбольвальную мазь, але гэта часовая мера — праз дзве—тры гадзіны боль вяртаецца назад.

Было вельмі балюча станавіцца на пятку, я не мог нармальна хадзіць. Але мне не давалі мыліцы і ганялі ў такім стане да следчага, да адваката. Як гэта? 800 метраў пад зямлёй мне трэба было праскакаць на адной назе туды і потым столькі ж назад, у горачку — і з горачкі… Кроў прылівала да нагі, яна апухала і не залазіла ў тапак, і я з гэтай крывацечнай ранай скакаў. А супрацоўнікі турмы ўмудраліся паджартоўваць з нагі, з траўмы, з майго артыкула. А назе рабілася ўсё горай.

Я прасіў і пісаў, каб мяне адвялі ў санчастку. Але мяне вадзілі два разы да оперупаўнаважанага турмы Жодзіна і там прасілі, каб я, наадварот, напісаў, што не маю прэтэнзій і медыцынская дапамога мне аказана. Але я знаходзіўся ў такім месцы і з такім артыкулам, што адмовіць [было немагчыма] — і я гэта напісаў, каб не сварыцца з імі. Але, канечне, у мяне ёсць прэтэнзіі. Дагэтуль.

Гэта працягвалася 8 дзён… У мяне паднялася моцная тэмпература, нага пачала ўжо гнаіцца. Я баяўся, што яе проста адрэжуць.

А яшчэ з такой нагой мяне паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму.

«Схільны да экстрэмізму»

На прафулік ставяць усіх палітычных зняволеных. З гэтага моманту на «тармазах», на ўваходзе ў «хату» з'яўляецца картка з гэтай пазнакай — і да цябе ўжо адмысловае стаўленне. «Хата» — гэта камера, а «тармазы» — ейныя дзверы.

Штораніцы прыходзяць на праверку. Дзяжурны па камеры кажа: «Я дзяжурны па камеры, у камеры ўтрымоўваецца вось столькі чалавек». І пасля гэтага ўсе палітвязні ў камеры павінны сказаць, да прыкладу:

«Касенка Данііл Міхайлавіч, 368-ы артыкул, частка першая, знаходжуся на прафілактычным уліку як схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці, якая разлагае грамадства».

Гэта трэба гаварыць, каб іх чорт узяў, штораніцы, а яшчэ часта і ўвечары.

Як мяне ставілі на прафулік?

Нага моцна крыватачыла, галава ўжо подкружвалася, цямнела ў вачах, усё было вельмі дрэнна — але мяне туды пагналі. Чакаў паўгадзіны начальніка турмы, і мне нават не дазволілі сесці. Потым я стаяў перад імі.

Прафулік — гэта проста спектакль аднаго акцёра! Не, нават цэлай тэатральнай трупы жодзінскай. Уся камісія, чалавек 15 — усе важныя асобы турмы — збіраюцца, выклікаюць цябе «на дыван», і ты ім распавядаеш, чаму ты здзейсніў тое, што здзейсніў. І яны прымаюць рашэнне, ці паставіць цябе на прафулік. Зразумела, што ставяць усіх абсалютна, у каго артыкул «палітычны».

То-бок у іх такі маленькі суд усярэдзіне турмы.

Калі ў мяне запыталіся, навошта я гэта зрабіў, я адказаў: у кіраўніцтве гэтага чалавека былі прынятыя няправільныя, жорсткія рашэнні ў дачыненні да грамадства ў 2020 годзе. Таму што людзей білі.

«Ты гэта бачыў?» — спыталі яны. То бок мяне пачалі раскручваць, ці з'яўляюся я ўдзельнікам [масавых беспарадкаў, як называюць беларускія ўлады падзеі 9—11 жніўня 2020 года — Заўв. рэд.] Але я ж не дурань — кажу: «Не, не бачыў».

«А дзе ты гэта бачыў?»

«У сацсетках».

«У сацсетках? Дык гэта ўсё прапаганда».

«У мяне шмат знаёмых, хто пацярпеў».

«Так, мгм, зразумела, знаёмых, — кажа хтосьці з турэмнай камісіі ўголас, а пасля запытвае ва ўсіх: «Вы згодны, што ён экстрэміст і схільны да экстрэмісцкай дзейнасці?»

І ўсе проста аднадушна руку: «Так».

З гэтага моманту я і мусіў казаць тыя словы штораніцы.

Санітарная частка

На восьмы ці дзявяты дзень мяне ўсё ж перавялі ў санчастку. Суправаджаў мяне прапаршчык. Ён сказаў: «Мы цябе падлечым», — але з мацюком.

Я скакаў на адной назе, з усімі сваімі рэчамі — пакетамі і сумкамі. Хоць бы адзін пакет ён дапамог мне паднесці! Мяне бамбіць. Дзе наогул хоць штосьці чалавечае ў вас? Бо калі чалавек трапляе ў турму, то зверху гэтыя хлопцы робяць яшчэ горш — вось праз іх наогул ахвота павесіцца…. Мне, праўда, не хацелася, але я бачыў тых, каму хацелася.

У санчастцы на шэсць «нар» былі два «палітычныя» і два «зэкі-перасідкі».

«Зэк-перасідак» — гэта чалавек, які ўсё жыццё матляецца па турмах. Паводле правілаў яны не павінны ўтрымлівацца разам з «першаходамі» (тымі, хто сядзіць у першы раз), але на санчастцы нас змешвалі.

Усё было добра, але потым здарыўся канфлікт: гэтыя «зэкі» пачалі дзяўбці дзядулю — палітычнага паводле «справы Зельцэра». Маральна яго елі вельмі моцна. Яны проста энергетычна падзараджаюцца, як вампіры — чалавека выводзяць з сябе, і гэта для іх забаўка. Спярша я маўчаў, пакуль нага загойвалася, але потым заступіўся за дзядулю.

Хоць са здароўем у гэтага «зэка» ўсё добра — яму не прыносяць таблеткі і ён не ходзіць на працэдуры. Гэта падсадны чалавек унутры турмы, у якога дзелавыя адносіны з супрацоўнікамі Жодзіна. Гэта звычайная практыка для нашых сілавых структур — калі ёсць такія людзі. І вось я з ім пасварыўся, і мяне перавялі на наступны дзень у камеру да «шызафрэнікаў».

Камера «шызафрэнікаў»

Я не ведаю наогул, чаму гэтая камера існуе ў гэтым Жодзіне. Так, лекары там працуюць на паверсе, проста насупраць гэтай камеры, але ўмовы і стан гэтай камеры… Людзей у ёй трымаць нельга.

Нас было шасцёра. Лёня-чыгуначнік, адзін намдырэктара МТЗ (не ведаю, як ён туды трапіў — кажа, выпадкова так выйшла), і хлопец-айцішнік з расійскім пашпартам, якому пры затрыманні зламалі руку.

А астатнія…

Калі мяне толькі завялі ў тую камеру, то насустрач вываліўся дзядуля з гукам «б-б-б-б-б». Ён спрабуе вырвацца з гэтай камеры, а канваіры мяне пхаюць у спіну, і следам таго дзеда запіхваюць назад.

Гэтаму дзядулю 70 гадоў, у свой час ён забіў палюбоўніцу сякерай (здаецца, за здраду), 30 ці 35 удараў, труп схаваў за печкай. А потым у яго «паехаў дах». Ён толькі выдае гук «б-б-б-б-б» і зусім не ўсведамляе рэальнасць. І замест таго, каб яго перавесці ў Навінкі, яго ўтрымліваюць тут і збіраюцца судзіць. Але ён нават не гаворыць, не разумее мовы, а толькі ківае — як маленькае дзіця.

Пра тое, што ён забіў палюбоўніцу сякерай, мне расказалі сукамернікі.

У першую ноч я прачнуўся, а ён стаіць у мяне проста перад тварам (я спаў на другой нары — дарэчы, «палітычным» нельга спаць на першым паверсе, не ведаю, чаму). І вось ён глядзіць на мяне, усміхаецца і выдае сваё «б-б-б-б-б». У мяне пранеслася думка: Божа, спадзяюся, ён не думае, што я тая самая палюбоўніца. Гэта рэальна страшна.

Яшчэ быў хлопец-цыган, без пэўнага месца жыхарства. Ён клаўся ў ложак, накрываў галаву коўдрай і казаў усё, што думае, уголас.

Потым прывялі яшчэ аднаго чалавека. Ён увесь час ціснуў у званок і казаў: «Перавядзіце мяне ў іншую камеру, яны мяне б'юць, яны мяне п*здяць». Але мы яго наогул не чапалі…

І вось там жудасна смярдзіць, той дзед часта ходзіць міма туалета, міма рота лыжку з супам праносіць, хавае крошкі хлеба пад падушку — і там разводзяцца насякомыя. Жудасна холадна, тараканы поўзаюць там усюды, уначы яшчэ і мышы. Вось такія ўмовы. І гэта называецца санчасткай? Гэтая камера знаходзіцца ў санчастцы, сур'ёзна?!

Пяць сутак на ўсё гэта я глядзеў. А потым у дзеда здарылася эпілепсія. Я ніколі не бачыў эпілепсію раней. Ніколі. Гэта кашмарна.

Была нядзеля, канец снежня, прыкладна 19.45. Ён упаў. Мы яго перавярнулі, каб ён не задыхнуўся. Пена з рота, ягоная галава робіцца сіняй, ён надзімаецца ўвесь, яго ўсяго трасе. Мы звонім у гэты званочак, клічам па дапамогу… Прыходзіць прадольны, глядзіць у вочка, і кажа:

«У мяне перазменка праз 15 хвілінаў, можа ён пратрымаецца?»

«Якая перазменка? Ён зараз памрэ! Кліч па дапамогу!» — мы глядзелі на дзеда і думалі, што яму канец.

«Фельчар у іншым корпусе», — сказаў прадольны і пабег па яго.

Яшчэ дзесьці хвілінаў праз 10-15 прыйшоў фельчар. Агулам мы клікалі па дапамогу амаль паўгадзіны.

Нас вывелі з камеры, дзеду штосьці ўкалолі — і яго трохі адпусціла. Нас завялі ў камеру назад, а ў яго здарыўся другі прыступ. Нас ізноў вывелі, яму зноў штосьці ўкалолі. Потым трэці прыступ — тады ўжо выклікалі хуткую.

Хуткая яго не забрала, і нас пакінулі з ім у камеры. Уначы ён ізноў пачаў блукаць. На наступную раніцу мяне перавялі. Лёс гэтага дзеда я не ведаю. Але ж на ягоным месцы мог апынуцца любы чалавек.

Прабыў я там пяць сутак, і ўвесь гэты час мы пісалі разам з намдырэктара МТЗ просьбы пра тое, каб нас адтуль перавялі ў іншую камеру. Я нават казаў: «Хлопцы, калі ласка, я вас малю, я ачуняў, у мяне нічога не баліць, нага наогул проста загаілася на вачах, вярніце мяне ў маю родную камеру, дзе я быў». Дарэчы, той корпус зваўся «Тытанікам». Таму я прасіў: «Перавядзіце мяне на «Тытанік»».

Калі з санчасткі мяне вярнулі ў маю родную камеру, у якой я быў першапачаткова, у мяне слёзы каціліся — так рады я быў бачыць гэтых людзей (хоць там іх стала менш на 3 ці 4 чалавекі). Я ніколі не думаў, што можна адчуць сябе ў турэмнай камеры як дома.

Наогул я прабыў у Жодзіне паўтара месяца.

Этапы

На ўсіх этапах стаўленне да затрыманых паводле палітычных артыкулаў прадузятае. Падследныя ж па «звычайных» злачынствах (крадзеж і да т. п.) этапуюцца ў больш камфортных умовах. Кайданкі ў іх спераду, заціснутыя нямоцна. Я ж ехаў з жорстка нацягнутымі кайданкамі за спінай, у «стакане» на аднаго — але нас было двое, і мы ехалі, ушчыльную прыціснуўшыся адзін да аднаго. Той чалавек быў затрыманы за педафілію. Так было, калі нас этапавалі з Акрэсціна ў Жодзіна.

Калі нас везлі з Жодзіна на «Валадарку», то звычайным падследным не надзявалі кайданкоў і яны маглі свабодна несці свае рэчы. Я ж ішоў у кайданках, спрабаваў несці свае пакеты, яны рваліся… Добра, што хоць нага загаілася.

Нас перавозілі ў цягніку. У вагоне людзі са звычайнымі артыкуламі маглі свабодна размаўляць і курыць. Мне ж было нельга. Я ехаў асобна — побач з чалавекам, у якога, праўда, артыкул быў не «палітычны», але звязаны з нападам на праваахоўнікаў. Ён проста напіўся, а да яго прыехалі людзі без формы. Таму ён не падумаў, што гэта міліцыя, памахаў перад імі нажом — цяпер яму «свеціць» 10 гадоў.

«Валадарка» і «магіла»

Для мяне быў культурны шок, калі на «Валадарцы» да мяне звярнуліся на «вы». Я разоў 15 азірнуўся і запытаў: «Вы каму?», мне сказалі: «Вам» і ўсміхнуліся. Я ж прызвычаіўся да «Ты, чуеш, бл*дзь, да сценкі адвярнуўся!», а тут — «Хадземце».

90-95% ад персаналу «Валадаркі» адэкватныя і размаўляюць нармальна. Але ўсё ж будынак «Валадаркі» знаходзіцца ў жахлівым стане.

Кормяць там больш-менш: ёсць ядомыя кашы і супы, але ўсё астатняе… Там ёсць такая страва, якую зняволеныя называюць «магіла». Вы б з'елі «магілу»? Гэта штосьці накшталт сумесі капусты і кашы (нейкай паршывай сечкі).

На «Валадарцы» я прабыў 10 дзён у чаканні суда.

Суд, зняты крымінальны артыкул і тое, як можна абразіць прэзідэнта ў Instagram

Цікава тое, што паводле абвінавачвання ў артыкуле 368 («Абраза прэзідэнта») мяне наогул нельга было трымаць у зняволенні. Мяне мелі права затрымаць максімум на 10 сутак. Але на дзясятыя суткі мне раптам інкрымінавалі і артыкул 367 («Паклёп у дачыненні да прэзідэнта»). Гэта дало магчымасць пратрымаць мяне ў зняволенні два месяцы. А калі пачаўся суд, то пракурор адразу ж прапанаваў зняць з абвінавачвання 367-ы артыкул. Цікава, так?

* Згодна з законам, мера стрымання ў выглядзе зняволення пад вартай не ўжываецца да абвінавачанага ў тым выпадку, калі максімальнае пакаранне паводле артыкулу, які яму інкрымінуецца, не перавышае двух гадоў пазбаўлення волі. У ч. 1 арт. 368 КК санкцыя была на тэрмін да двух гадоў. Але 26 траўня 2021 года ў гэтым артыкуле адбыліся змены — цяпер санкцыя прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да чатырох гадоў. Змены набылі моц праз 10 дзён. Данііла ж вінавацілі ў эпізодзе, здзейсненым «не пазней за 2 чэрвеня 2021 года», то-бок паводле старой версіі гэтага артыкула.

На судзе ў мяне запытвалі пра фашызм — ці разумею я, што гэта за слова. А я яго выдатна разумею. І разумею, у якім кантэксце я ўжыў гэта слова і ў якім кантэксце гэтая публікацыя была размешчаная ў мяне. Я тлумачыў, што ў падзеях, якія адбываліся, я бачыў прыкметы фашызму ў асобе кіраўніцтва Беларусі. На судзе мне спрабавалі прышыць распаўсюд і (гэта вельмі смешна) выраб. То бок я зрабіў скрыншот, абразаў яго (каб схаваць таго чалавека, у каго я зрабіў скрыншот), выклаў да сябе ў сторыс — і таму я вытворца. Вось так.

На судзе мне далі зразумець, што калі я раскаюся, схілю калені, скажу, што я дзіка прашу прабачэння, то будуць змякчальныя акалічнасці. На што я адказаў, што гатовы папрасіць прабачэння асабіста, калі чалавек [пацярпелы па справе, Лукашэнка — Заўв. рэд] нясе душэўна-маральныя пакуты, яму цяжка, ён пакутуе, дрэнна спіць праз тое, што пабачыў мой скрыншот. Але калі ён асабіста не ў курсе, а вы мяне за гэта судзіце — то пра што гаворка?

Як можна абразіць у Instagram прэзідэнта, на якога не падпісаны? Як можна нанесці яму абразу, калі ён не ў курсе?

У апошнім слове я сказаў, што нікога абражаць не хацеў, што гэта мая пазіцыя і я не хачу адмаўляцца ад свайго меркавання. Распавёў, што я добры чалавек і чым займаюся.

Дзяржабвінаваўца зачытаў, што я не раскайваюся, віну сваю не прызнаю, у сувязі з гэтым змякчальныя акалічнасці ўжытыя не будуць — і мне даюць 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. І мяне выпускаюць з залы суда [да моманту пачатку адбывання пакарання — Заўв. рэд].

Усе мае былі страшэнна радыя, але я як бы нямоцна рады, бо разумею, што пасля прысуду маё жыццё ў Беларусі на гэтым этапе сканчаецца і што я буду рэлакавацца. Экстранна [і нелегальна], бо ў мяне падпіска аб нявыездзе.

Я ўцёк у Літву.

Вільня

У Вільні я паспеў правесці адзін квіз «ВАУ шоу», збіраюся зрабіць другі. Адкрываю свой YouTube-канал пра экспатаў у Еўропе, ужо зняў першы выпуск пра беларусаў у Вільні. Хутка ён з'явіцца ў Сеціве.

Тут я пачуваюся нармальна, але апошнім часам сумую, накаціла туга па доме.

У Беларусі я быў на такім узроўні, калі ў сваёй працы і жыцці планамерна набліжаўся да поспеху. Але праз прысуд я страціў усе свае працоўныя месцы, а праз знаходжанне пад вартай не паспеў зрабіць назапашванняў. Таму быў адкрыты грашовы збор для дапамогі мне.

Пра бабулю і вайну

Было балюча, што мне давялося з'ехаць і пакінуць маці без падтрымкі са старой бабуляй. У бабулі цяпер дрэнна са здароўем, і я вельмі перажываю, што яна сыдзе з жыцця, а я не змагу быць побач.

Падчас майго зняволення бабуля ляжала ў лякарні з каранавірусам. Тады сказалі, што яна не выжыве. Але яна выжыла.

Бабулі 92 гады. Яна перажыла Другую сусветную вайну. А цяпер вайна ва Украіне.

І ёй балюча на ўсё гэта глядзець, бо ейны муж — украінец, Касенка Іван Андрэевіч, мой дзядуля-нябожчык. Бабуля і сама ва Украіне правяла палову свайго жыцця, у нас там шмат сваякоў, і ёй, вядома, незразумела тое, што там адбываецца, і тое, у якім святле гэта выстаўляе беларускае тэлебачанне. Ейныя душа і сэрца баляць за гэта. Яшчэ і ўнук з'ехаў любімы, то бок уцякаў, а да гэтага яшчэ і ў турме пасядзеў. Для яе гэта вялікае гора. Чалавек, які перажыў вайну, пакутуе на старасці год. Вельмі шкада, што так адбываецца.

Nashaniva.com