«У Індыі ты можаш збіць чалавека, але карову нельга». Трэвэл-блогер Пашкоўскі трапіў у аварыю на мотарыкшы
Трэвэл-блогер, аўтар папулярнага ютуб-канала «Хачу дамоў» Лёня Пашкоўскі адправіўся даследаваць поўдзень Індыі, штат Таміл Наду, на мотарыкшы і здымае пра гэта серыял.
08.06.2022 / 13:16
У першай жа серыі Лёня з’яўляецца з перабінтаванай галавой — высветлілі ў яго падрабязней, што здарылася.
Леанід Пашкоўскі
Мотарыкша — гэта трохколавы, танны і вельмі папулярны ў Індыі транспарт. Мясцовыя яшчэ часта называюць яго тук-тукам. Звычайна яго выкарыстоўваюць у якасці таксі, але ёсць і тыя, хто набывае рыкшу сабе для прыватных задач.
Лёня з сябрамі таксама спачатку думалі набыць тук-тук для сваіх вандровак па Індыі, але цана на адрамантаваныя б/у варыянты пачыналася ад 2500 еўра. Таму яны вырашылі ўзяць транспарт у арэнду — выйшла 300 даляраў за тыдзень.
Перш, чым сесці за стырно, хлопцы вырашылі прайсці экспрэс-курс кіроўцы ў мясцовай аўташколе з назвай «Каралеўская». Праўда, нічога асабліва карыснага для таго, каб выжыць у хаатычным індыйскім дарожным руху, маладзёнам не падказалі.
«Рыкша заводзіцца як матацыкл, дамкрата няма. Нейтралка — паміж першай і другой перадачай, яе трэба адчуваць», — распавялі абазнаныя кіроўцы.
Акрамя гэтага, Пашкоўскі даведаўся, што правілам на дарозе амаль ніхто не падпарадкоўваецца.
«Тут не так, як у Еўропе, тут усё ўперамешку: нават калі хуткая дапамога едзе, ёй прыйдзецца пачакаць у канцы затору. Ніхто тут не будзе прытрымлівацца дыстанцыі. У Індыі ты можаш збіць чалавека, але карову збіваць нельга: з чалавекам можна дамовіцца, а з каровай — не. Гэта святая жывёла ў Індыі, і калі яе збіць, пачнуцца дадатковыя цёркі: «А, вы з СССР — вы там ўсе мясаеды, зжараце зараз нашу карову», — тлумачыць у першай серыі індыец.
Праўда, ні гэтыя парады, ні тое, што сваю рыкшу блогер упрыгожыў сцікерамі з індыйскімі боствамі, на дарозе не дапамагло.
Недалёка ад Чэная, адкуль першапачаткова стартавала вандроўка, тук-тук з Лёнем трапіў у міні-аварыю.
«Мы зляцелі ў кювет і ледзь не ўрэзаліся ў слуп. Абышлося сінякамі і раздзяўбаным тук-тукам, за рамонт якога ў выніку прыйшлося заплаціць. Але добра, што хаця б новы купляць не давялося, — пракаментаваў Лёня «Нашай Ніве».
Ніводная карова ў ДТЗ не пацярпела.
Падрабязней пра сваю аварыю ён абяцае расказаць у новай частцы «Па Індыі на рыкшы — два дурні на трох колах».
Тук-тук пасля аварыі