«Завезлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ». Стала вядома, як насамрэч затрымлівалі журналіста «Камсамольскай праўды» Мажэйку

Журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйку затрымалі яшчэ ў кастрычніку. Узялі яго ў маскоўскім аэрапорце. Як гэта адбылося, ён расказаў сваім сукамернікам. І гэта версія разыходзіцца з тым, што раней агучвала МУС.

17.06.2022 / 20:13

Генадзь Мажэйка

Гісторыю Мажэйкі расказаў «Вясне» праграміст Аляксей Кавалеўскі, які нейкі час сядзеў з журналістам.

«Я заспеў, калі ён знаходзіўся на першай стадыі: «Яны ж разбяруцца, зараз мяне адпусцяць». Гэта добры і шчыры чалавек, часам нават як дзіцё. Ён вельмі моцна спадзяваўся, што за яго заступіцца руская частка газеты і яго вызваляць, але было бачна, што гэтага не будзе, мяркуючы па артыкулах, якія яму інкрымінавалі, і па рэзананснасці справы.

Генадзь расказваў нам, як яго затрымалі. Ён паехаў у Маскву і хацеў адтуль выляцець кудысьці. Яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ у аэрапорце ў Маскве. Потым завезлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ Беларусі. Расейцы тут супрацоўнічалі без усялякіх працэдур.

Журналіст казаў, што яго чакалі ўжо ў Маскве. Яшчэ да пашпартнага кантролю, паводле Генадзя, да яго падыходзілі нейкія людзі і шушукаліся. На пашпартным кантролі яго ўзялі пад рукі і ўсё».

Міністэрства ўнутраных спраў раней заяўляла, што Мажэйку затрымалі ў Мінску. Па іх версіі, журналіст хацеў з Расіі вылецець у трэцюю краіну, але пры спробе зрабіць гэта даведаўся, што быў прызнаны непажаданым на тэрыторыі Расіі. Таму нікуды вылецець ён не змог і, як сцвярджалася, вярнуўся ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.

Галоўны рэдактар расійскай «Камсамолкі» Уладзімір Сунгоркін так апісваў затрыманне:

«Неафіцыйна мы ведаем наступнае: калі ён прыехаў у аэрапорт Шарамеццева на рэгістрацыю рэйса ў Варшаву, да яго падышлі супрацоўнікі нашых спецслужбаў — зноў жа, я кажу «нашы» неафіцыйна — і сказалі: «Дарагі таварыш Мажэйка Генадзь, вы лічыцеся ў нас у спісах непажаданых персон і павінны пакінуць Маскву», — распавёў Сунгоркін.

Як я разумею, ён адказаў: «Ахвотна пакіну, вось мой квіток у Варшаву». «Выбачайце, не-не-не, вы павінны пакінуць Маскву і вярнуцца туды, адкуль вы да нас прыбылі, вы павінны вярнуцца ў Мінск, і мы вам у гэтым дапаможам». 

Галоўны рэдактар «КП» адзначаў, што Мажэйка правялі ў самалёт на рэйс у Мінск, там яго сустрэлі супрацоўнікі КДБ Беларусі і ўжо правялі зразумела куды.

Генадзь Мажэйка цяпер на Валадарцы. Яго абвінавачваюць па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне варожасці).

Чытайце таксама:

Фатограф, захапляецца тэхналогіямі і аўто — калегі пра затрыманага журналіста «Камсамолкі» Генадзя Мажэйку

«Да нас у лес на допыт потым прывезлі Алесю Буневіч». З Беларусі ўдалося вырвацца чалавеку, які стаў сведкам аперацыі КДБ з удзелам рэйкавых партызан

Nashaniva.com