Борыс Джонсан: «Еўрабачанне» павінна прайсці ва Украіне
«Я лічу, што Кіеў або любы іншы бяспечны ўкраінскі горад быў бы фантастычным месцам для яго правядзення», — мяркуе брытанскі прэм'ер.
18.06.2022 / 14:09
instagram.com/borisjohnsonuk
«Украіна можа і павінна прыняць конкурс песні «Еўрабачанне 2023», заявіў у суботу прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан пасля таго, як арганізатары аб'явілі, што вядуць перамовы аб правядзенні конкурсу ў Вялікабрытаніі з-за вайны.
Хоць шматгадовая традыцыя дыктуе, што пераможца конкурсу будзе прымаць яго ў наступным годзе, арганізатары заявілі, што гарантыі бяспекі, неабходныя для правядзення конкурсу ва Украіне, азначаюць, што перамовы будуць праведзены з Вялікабрытаніяй.
«Вядома, я б хацеў, каб гэта было ў гэтай краіне, але факт у тым, што яны выйгралі, і яны заслугоўваюць гэтага, і я веру, што яны могуць гэта зрабіць, і я лічу, што яны павінны гэта атрымаць», — сказаў Джонсан журналістам па вяртанні ў Вялікабрытанію пасля візіту ў Кіеў.
Ён дадаў, што конкурс можна правесці ў любым бяспечным горадзе Украіны.
«Я лічу, што Кіеў або любы іншы бяспечны ўкраінскі горад быў бы фантастычным месцам для яго правядзення.Да яго яшчэ год, усё будзе добра да таго часу, калі пройдзе песенны конкурс Еўрабачанне, і я спадзяюся, што ўкраінцы гэта зразумеюць», — адзначыў брытанскі прэм'ер.