Шэйман наведаў Абхазію. Ідзе падрыхтоўка да прызнання?

Спецыяльны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман у пятніцу, 24 чэрвеня пабываў у самаабвешчанай Рэспубліцы Абхазія і правёў афіцыйную сустрэчу з яе прэзідэнтам Асланам Бжаніяй ў прысутнасці кіраўніка МЗС краіны Інала Ардзінбы.

27.06.2022 / 08:20

Фота прэс-службы прэзідэнта Абхазіі

 Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта Абхазіі.

«Бакі абмеркавалі пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, актуальныя аспекты еўразійскай інтэграцыі, перспектывы інвестыцыйна-эканамічнага супрацоўніцтва», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, Шэйман перадаў Бжаніі «памятны падарунак» ад Лукашэнкі і прыняў падарунак у адказ.

Раней пра афіцыйныя візіты беларускіх чыноўнікаў такога ўзроўню ў Абхазію не паведамлялася. У жніўні 2008 года, пасля вайны паміж Расіяй і Грузіяй і з'яўлення дзвюх самаабвешчаных рэспублік, Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з іх прэзідэнтамі ў Сочы. Аднак пасля Беларусь так і не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі: Лукашэнка не раз даваў зразумець, што гэта немэтазгодна для краіны, нагадвае «Зеркало».

7 лютага 2022 года падчас інтэрв'ю Уладзімір Салаўёў задаў Аляксандру Лукашэнку пытанне пра тое, калі ён прызнае дзве рэспублікі. Той у адказ не выключыў, што гэта можа адбыцца. «А ў гэтым ёсць нейкая неабходнасць жыццёвая? Як толькі я разумею, што ў гэтым ёсць неабходнасць і прэзідэнт [Расіі] скажа мне, што ёсць неабходнасць…» — сказаў палітык.

Nashaniva.com