Новая вакансія — чалавек, які трымае месца ў чарзе на мяжы. Колькі плацяць за такую працу?

Сучасныя праблемы вымагаюць сучасных рашэнняў. Прыблізна так у двух словах можна апісаць сітуацыю, якая склалася на пунктах пропуску паміж Беларуссю і краінамі ЕС. Велізарныя чэргі з грузавікоў паспрыялі з'яўленню новых вакансій — працаўладкавацца можна афіцыйна.

29.06.2022 / 14:31

Фота: скрыншот з ютуб-канал «Мытныя органы»

З пачаткам абвастрэння міграцыйнага крызісу на межах Беларусі і ЕС у пунктах пропуску пачалі збірацца велічэзныя чэргі з грузавікоў. У адказ на дзеянні беларускага боку Польшча закрыла памежны пункт пропуску «Кузніца-Брузгі» з 9 лістапада 2021 года. Пасля гэтага і без таго не малыя чэргі сталі яшчэ большымі. Кіроўцам даводзіцца чакаць выезду з Беларусі па некалькі сутак і нават тыдняў.

У сувязі з гэтым у перавозчыкаў з'явілася патрэба ў людзях, якія будуць стаяць замест іх суткамі ў чарзе. Па словах беларускага дальнабойшчыка, які працуе на польскую фірму, яшчэ месяц-два таму можна было знайсці людзей, гатовых рабіць гэта за 10 еўра ў суткі.

«Былі людзі, які бралі сабе па 2-3 фуры і падчас прасоўвання падганялі іх па чарзе. Паслуга карысталася попытам, бо кіроўцам, якія жывуць у прыгранічных гарадах, было зручней плаціць па 10 еўра іншаму чалавеку, чым самім суткамі стаяць на мяжы», — дзеліцца суразмоўца.

З ростам попыту цэны на такія паслугі пайшлі ўгору.

«Ужо месяц таму за гэта бралі па 20 еўра ў суткі, а цяпер, наколькі ведаю, бяруць па 30. Прынамсі апошні раз, калі я стаяў у чарзе на «Прывалцы», то чалавек наперадзе плаціў такому кіроўцу па 25 еўра за суткі», — дзеліцца дальнабойшчык.

Падобныя вакансіі ўжо публікуюць і асобныя кампаніі. Так, напрыклад, адна з гродзенскіх шукала чалавека з асабістым аўто, які б займаў чаргу на памежным пераходзе «Прывалка». Задача вельмі простая — рухацца па чарзе, а дачакаўшыся патрэбнага кіроўцу грузавіка, саступіць яму месца.

Папярэджваюць, што стаяць на мяжы можа давядзецца да пяці дзён.

Аплата — 100 рублёў у суткі. Магчымае афіцыйнае афармленне праз дагавор паслуг, падраду, ГПХ, самазанятасці, ІП — сказана ў аб'яве.

У колах дальнабойшчыкаў мяркуюць, што ахвотныя плаціць столькі знойдуцца.

«Праз санкцыі стаўкі на дастаўку тавараў з ЕС моцна падраслі, таму не дзіўна, што перавозчыкі ідуць на такія хітрыкі, бо гэта дапамагае хутчэй прайсці мяжу, а значыць паспець зрабіць больш рэйсаў».

Nashaniva.com