Даярку-ўкраінку дэпартуюць з Беларусі пасля пасквіля ў раённай газеце
Грамадзянку Украіны, якая ўжо 8 гадоў жыве і працуе ў Гомельскім раёне, хочуць дэпартаваць з Беларусі з забаронай уезду ў краіну на 10 гадоў. Пра гэта стала вядома выданню «Флагшток» пасля прапагандысцкай публікацыі, якая з'явілася ў газеце райвыканкама.
29.06.2022 / 19:10
Сняжана Дзячок. Фота з сацсетак
Галоўная рэдактарка рэгіянальнага праўладнага СМІ Ірына Канавалава выступіла на старонках газеты з абвінавачваннямі на адрас Сняжаны Дзячок — работніцу малочна-таварнай фермы, якая ўваходзіць у склад птушкафабрыкі.
Канавалава сярод іншага вядомая тым, што напісала данос на чытача, мясцовага пенсіянера Мікалая Віцікава, які звярнуўся ў газету са сваімі прапановамі аб канстытуцыйнай рэформе. У выніку ён апынуўся ў СІЗА і быў асуджаны на восем месяцаў арышту.
«Назваў Усебеларускі сход «шабашам». Як 68-гадовага былога дэпутата і дырэктара школы асудзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь»
Гэтым разам прапагандыстка заявіла, што даярка Дзячок «праявіла расізм і самы сапраўдны нацызм». У сваёй публікацыі Канавалава спачатку ганіць Украіну ў цэлым, сцвярджаючы, што «тыя, хто захапіў уладу, перавялі краіну на шлях бандэраўшчыны», а затым «выспяваючая хваробатворная сістэма ва Украіне прывяла і да ваеннага супрацьстаяння з Расіяй».
А затым яна пераходзіць да прыватнага выпадку: нібыта жыхарка вёскі Клімаўка, якая пераехала з Украіны ў 2014 годзе, «праявіла расізм і самы сапраўдны нацызм».
Сняжана Дзячок. Фота з сацсетак
Канавалава піша, што Сняжане і яе мужу выдалі дазвол на працу, жанчына ўладкавалася на ферму, сям'і выдзелілі жыллё. А «рэакцыя на гасціннасць рушыла ўслед значна пазней і супала з пачаткам расійскай вайсковай спецаперацыі», сцвярджае рэдактар раёнкі:
«Паддаўшыся масіраванай эмацыйнай накачцы, жанчына без кроплі сарамлівасці стала паводзіць сябе па-хамску, заклікаючы «страляць рускіх, а разам з імі і беларусаў». Усё гэта чаргавалася звыклымі выкрыкамі «сала Украіне». На змену падобным «высокамаральным» рэплікам прыйшлі і спевы з такой жа рыторыкай. Іх змест пра «дрэннага прэзідэнта Пуціна», вядома, у перакладзе на нецэнзурную лексіку ўжо магла чуць уся акруга».
Нібыта на жанчыну, якая «працягнула дэманстраваць своеасаблівую «любоў» да Украіны, далучаючы да гэтага і дзяцей», сталі скардзіцца калегі і суседзі, таму «з боку ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі рушылі ўслед далейшыя дзеянні — ануляванне спецдазволу».
Мясцовыя жыхары, запытаныя «Флагштокам», абвінавачванняў не пацвердзілі, катэгарычна сцвярджаючы:
«Мы проста ў шоку ад гэтага артыкула — у ім няма ні слова праўды».
Мясцовыя жыхары ўспамінаюць толькі адну сітуацыю, з якой мог нарасці камяк ілжывай прапаганды:
«Закранулі яе дзяцей. Камусьці здалося, што нібыта яны дзесьці крыкнулі «Слава Украіне!»… Яна абараняла сваіх дзяцей, і пасля гэтага пачаліся праблемы».
Як аказалася, муж Сняжаны атрымаў дазвол на жыхарства ў Беларусі, а сама жанчына кожны раз падаўжала гадавую рэгістрацыю. Якраз прыйшоў час рабіць чарговае падаўжэнне, і ў гэтым Сняжане адмовілі.
«Калі яна падала дакументы, у сям'ю пачала прыязджаць міліцыя — правяралі тэлефон, нібыта яна агітуе за вайну і нешта падобнае. Прыязджалі некалькі разоў, нічога не знайшлі. І потым даслалі дакумент з міліцыі — што ніякіх парушэнняў няма. Але замест падаўжэння рэгістрацыі сказалі — вас дэпартуюць».
Па словах знаёмых Сняжаны, фармальнай падставай для дэпартацыі з забаронай уезду ў Беларусь на 10 гадоў сталі два пратаколы па лініі ДАІ. Штрафы былі аплачаныя, але па беларускіх законах два адміністрацыйныя спагнанні — дастатковая падстава для дэпартацыі замежніка.
«Ёй толкам ніхто нічога не патлумачыў, яна прайшла разнастайныя інстанцыі — усюды адмова. Падала ў суд на абскарджанне дэпартацыі і зараз чакае рашэння. З фермы яе не звальнялі і права на працу не забіралі.
Сняжана — з Чарнігаўскай вобласці, яе дом там разбурылі падчас цяперашніх абстрэлаў, ёй няма куды ехаць, таму яна спадзяецца застацца ў Беларусі і будзе абскарджваць рашэнне да апошняга».
Мясцовыя жыхары таксама падкрэслілі, што ў суседзяў прэтэнзій да Сняжаны няма — яны нават давалі на яе станоўчую характарыстыку для суда.
Дарэчы, літаральна ў сакавіку пра Сняжану ў пазітыўным ключы пісала тая ж газета Гомельскага райвыканкама — як пра добрую працаўніцу фермы. А на старонках украінкі ў сацсетках няма ніякіх палітычных пастоў — толькі сямейныя фота.