Гісторыя беларусаў, якія ў дзевяностыя засталіся без бізнэсу і эмігравалі ў ЗША. «Жылі ў адной кватэры з Пазняком»

Пасля развалу Саюза Ігар і Ларыса Шаламіцкія адкрылі ў Беларусі першую прыватную транспартную кампанію. Бізнэс актыўна развіваўся. «Абарот за год — мільён даляраў», — кажа мужчына. Але пасля ўлады бізнэс адабралі. «Наша Ніва» паразмаўляла з Ігарам і Ларысай пра тое, як яны засталіся ні з чым, беларускую дыяспару ў Нью-Ёрку таго часу і жыццё ў Амерыцы на працягу гэтых 26 гадоў. 

10.07.2022 / 09:05

Ігар і Ларыса ў другой палове 90-х у Нью-Ёрку. Фота: асабісты архіў

«Прынцып беларускай дыяспары ў ЗША быў такі: кожны павінен з'есці вядро лайна»

Яшчэ ў СССР Ігар займаўся міжнароднымі перавозкамі, таму пачаць сваю справу пасля развала Саюза не баяўся. 

У 1996 годзе ў Беларусі пачаўся эканамічны крызіс, для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ўмовы станавіліся ўсё горш і горш. Таму Ігар паляцеў у ЗША, каб наладзіць супрацу з новымі магчымымі партнёрамі. Але ўсе планы былі парушаныя: мужчына даведаўся, што яго транспартную кампанію ў Беларусі адабралі, Следчы камітэт арыштаваў рахункі. Афіцыйная прычына — нясплата падаткаў на суму каля 25 тысяч даляраў.

Выхад у мужчыны быў адзін — застацца ў Нью-Ёрку. 

«Я з'язджаў у камандзіроўку, а атрымалася, што назаўжды», — кажа ён.

Ларысе 64 гады, Ігару — 62. Яна з вёскі Малая Ліпаўка, што ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці, ён — з Пінска.

Да пераезду Ларыса працавала ў Мінску сакратаром у гатэлі «Юнацтва». Ігар да 1987 года быў асістэнтам на кафедры аўтатрактарнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. Потым — старшыня прафкама «Саўтрансаўта». 

Вось ужо 26 год пара жыве ў ЗША. Яны — першая хваля іміграцыі пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады. 

Мужчына кажа, што назваць іх іміграцыю толькі эканамічнай нельга. Ігар удзельнічаў у дзейнасці БНФ, актыўна падтрымліваў партыю. 

«Мовы абсалютна не ведаў, — расказвае ён. — У савецкай школе англійскую, вядома, не вучылі. Тады ў Нью-Ёрку было тры месцы, дзе размаўлялі на рускай, — Брайтан Біч, беларуская дыяспара і царква.

Беларускай дыяспарай у ЗША тады былі беларусы, якія прыехалі пасля Другой сусветнай вайны. Многія з іх трапілі туды з лагераў, калі іх вызваліў Другі фронт — амерыканцы і еўрапейцы. Сярод вядомых беларусаў — Антось Шукелойць, ён узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Унікальны чалавек, падчас акупацыі Беларусі ён быў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея.

Калі я ехаў у ЗША наладжваць сувязі, ідэя была такая: амерыканскія войскі ў Германіі спісвалі свае старыя тракі (грузавыя машыны), іх можна было вельмі танна купіць. Я звярнуўся па дапамогу ў дыяспару, каб зрабіць такую пакупку. А Ларыса, жонка, тады засталася на фірме. Яна мне тэлефанавала з Беларусі на тэлефонны аўтамат у Нью-Ёрку і дакладвала абстаноўку». 

Беларуска-амерыканскае задзіночанне мела ў тыя часы сядзібу ў Квінсе (адзін з раёнаў Нью-Ёрка). Там стаў жыць Ігар пасля таго, як даведаўся, што ў Беларусь яму вяртацца небяспечна. 

Ігар (першы справа) і Зянон Пазняк. Фота: асабісты архіў

З фінансаў у мужчыны было 10 тысяч даляраў. На іх ён жыў некалькі месяцаў да таго, як атрымаў палітычны прытулак. 

У Мінску ў Ігара заставалася жонка. Ён думаў, якім чынам яе можна перавезці ў ЗША.

«Ніякага адваката, які б заняўся афармленнем дакументаў, тады не было. Казалі так: «Ідзі да Лёшы на Брайтане».

Хачу сказаць, што ва ўсіх дыяспарах, акрамя беларускай і рускай, заўсёды аказвалася дапамога. У якасці прыкладу магу прывесці яўрэйскую арганізацыю. Яны дапамагаюць людзям з пералётам, мэбляй, працаўладкаваннем, мовай. Вельмі добра працуе ўкраінская дыяспара. У іх свае школы, цэрквы, нават спецыфічны банк. Раней яны мелі цэлую вёску ў Манхэтэне.

У беларускай дыяспары было некалькі цэркваў у Брукліне, Нью-Джэрсі, Агая, але яны былі бедныя. Было некалькі багатых беларусаў, якія дабіліся фінансавага дабрабыту ў Амерыцы, але гэта адзінкі.

Прынцып беларускай дыяспары ў ЗША быў такі: кожны павінен з'есці вядро лайна. Ніхто нікому не дапамагаў, за выключэннем аднаго багатага беларуса, якому я вельмі ўдзячны», — расказвае ён. 

Ларыса дапаўняе, што, калі яны хадзілі ў дыяспару, там усе размаўлялі на беларускай мове. 

«Цяпер дыяспара імкнецца выжыць і захаваць тое, што тыя, пасля Другой сусветнай вайны, набылі. Большая частка новай іміграцыі была эканамічнай, змагароў за Беларусь, нацыянальную ідэю практычна не было», — кажа яна. 

1998 год. Фота: асабісты архіў

«Зняць кватэру я не мог, Зянон Пазняк дазволіў пажыць у яго»

Праз нейкі час Ігар даведаўся, што ягоны бізнэс у Беларусі перайшоў людзям, якія ў нейкай ступені мелі дачыненне да кампаніі. 

«Для таго, каб купіць трак, трэба было сто тысяч даляраў, — дзеліцца ён. — У каго ў дзевяностыя ў Беларусі былі такія шалёныя грошы? Мне прыйшлося звярнуцца да чалавека з таварыства транспартнікаў Еўропы, а каб стаць сябрам гэтага таварыства, унесці 25 тысяч даляраў. Узначальваў яго ад Беларусі, менавіта ад дзяржавы (гэта важны аспект), мой таварыш (тады ён такім яшчэ быў), які запатрабаваў долю ў маёй кампаніі ўзамен на такі крэдыт. Ён яе потым і забраў. Сам ён мільгаць па дакументах не мог, аформіў свайго цесця. 

Калі пачаліся ганенні, можна сказаць, што гэта быў рэйдарскі захоп, з улікам таго, што яны ведалі, што ў нас праходзяць пасяджэнні ценявога кабінета БНФ.

Я даваў нейкія грошы на развіццё самой партыі, але палітычным дзеячам ніколі не быў. Як эканаміст рыхтаваў з Уладзімірам Заблоцкім (дэпутат Вярхоўнага Савета. — НН) дакумент аб плаце за транзіт праз Беларусь».

Ларыса на беларускай акцыі ў ЗША. Фота: асабісты архіў

Атрымаў Ігар палітычны прытулак у ЗША праз паўтара месяца пасля падачы дакументаў. Цяпер рэальныя тэрміны — ад трох да пяці гадоў. Мужчына прызнаецца, што вялікую падтрымку яму тут аказаў Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета. Ён ездзіў з Ігарам на інтэрв’ю. 

У канцы 1996 года да Ігара прыехала Ларыса, яго жонка. Арганізавалі ўсё так, што быццам бы яе запрашаюць у ЗША для выступлення па сітуацыі ў Беларусі. У Мінску ў Ларысы заставалася дзевятнаццацігадовая дачка ад першага шлюбу. 

У Нью-Ёрку жанчына пражыла месяц, а потом вярнулася ў Беларусь.

«Мяне з Ігарам тады ўражвала стаўленне амерыканцаў да такіх, як мы. Яны імкнуліся дапамагаць, асабліва з мовай. Памятаю, як здзівілася, калі ўбачыла, што тут людзі ўсміхаюцца, у іх вочы свецяцца. Нашы людзі тады былі вельмі смурныя, нейкія ўзлаваныя, галодныя ці што.

Ніякіх умоў для жыцця ў нас тады не было. Жыў Ігар у адной кватэры з Зянонам Пазняком. Яму дыяспара зняла кватэру. Ігар яшчэ тады не працаваў, праядалі апошнія грошы.

Я паехала ў Мінск, каб сабраць нейкія элементарныя рэчы, забраць нашага ката Тарасіка і вярнуцца ў ЗША. Думала, што зраблю дастаткова хутка дакументы (у мяне атрыманне палітычнага прытулку заняло паўгода) і перавязу Кацю, дачку, сюды. Яна ж таксама аўтаматычна атрымлівала б пакет дакументаў. Але Каця не захацела пераязджаць. 

Атрымалася проста прывезці яе ў Нью-Ёрк, мы хацелі паказаць ёй краіну, пераканаць застацца. Цікава, што яна выйшла пагуляць па Брукліне і сустрэла сваю аднакласніцу. Нью-Ёрк тая яшчэ вёска. 

Каця тады закахалася ў Беларусі, потым выйшла замуж, нарадзіла дачку і засталася ў Мінску. Пераехала яна да нас толькі ў свае 36 гадоў», — расказвае Ларыса.

Ларыса з дачкой Кацярынай. Фота: асабісты архіў

Ігар пайшоў шукаць працу на амерыканскую біржу. Усе агенцтвы па працаўладкаванні на Брайтан Біч патрабавалі за свае паслугі вялікія грошы. 

На працу Ігара ўзяў прадпрымальнік, які збіраў са сметнікаў антыкварыят. 

«У той час людзі мянялі мэблю кожныя тры гады. Многія імігранты бралі яе сабе, гэта было нармальна. 

Я зачышчаў наждачкай мэблю. Пальцы былі сцёртыя да мяса, плацілі 5 даляраў за гадзіну. У тыдзень, атрымліваецца, я зарабляў 250 даляраў. Зняць кватэру я не мог, жыў у Зянона Пазняка.

Уявіце, як гэта псіхалагічна, калі я да гэтага выкладаў ва ўніверсітэце эканоміку, а потым свая фірма, дзе людзі працавалі на мяне. Але калі б я пра гэта задумваўся, то звар'яцеў бы. Ставіў мэты і не думаў, кім я быў раней.

Наступная мая праца — кіроўца ў транспартным сэрвісе. Уладкаваў мяне туды знаёмы беларус. Там ужо быў добры заробак — 500 даляраў на тыдзень. Тады ўжо атрымалася зняць за 700 даляраў невялікую кватэру на ўзроўні зямлі (не ў падвале). Цяпер мы плацім за двухпакаёвую 2000 даляраў, гэта ў Брукліне. Сярэдняя цана ў гэтым раёне 2700, у Манхэтэне —3500», — расказвае Ігар. 

Трэцяе месца працы мужчыны — лімузін-сэрвіс, які быў разлічаны на заможных людзей. 

«Для гэтага мне трэба было купіць адпаведную машыну, каштавала яна 15 тысяч даляраў. Я пайшоў да заможнага беларуса, які іх мне пазычыў. Выплачваў яму два гады. Але гэта не значыць, што я сам езджу на лімузіне, як многія ўяўляюць», — кажа ён. 

«Сядзелкай я працавала па 57-58 гадзін на тыдзень, была з выхадцамі з былога СССР»

Ларыса расказвае, што напачатку ў іх нічога не было: ні відэльца, ні талеркі, ні падушкі, ні коўдры. І грошай, каб купіць усё адразу, таксама. Ігар прыляцеў у ЗША у касцюме, з сабой у яго было толькі некалькі кашуль, у Ларысы — невялікі чамадан з рэчамі.

«Памятаю, выехалі мы ад Пазняка. Ідзем па вуліцы, бачым канапу. Мэблі ж у нас не было. Мы яе піхалі да самага нашага дома, зацягнулі ў кватэру. Тут я пайшла яе аглядаць, а там ззаду яна ўся парэзаная. Душа апусцілася ў пяткі, пацягнулі назад на вуліцу.

Яшчэ была скрынка з-пад тэлевізара, і нейкі перыяд мы елі на ёй, замест стала. Праз месяц у нас у кватэры сталі бегаць прусакі (гэта ў цэлым праблема для Нью-Ёрка), мы з той кватэры з'ехалі праз некалькі месяцаў. Знялі іншую за 750 даляраў», — успамінае яна. 

Фота: асабісты архіў

Спачатку Ларыса пайшла працаваць нянькай у яўрэйскую сям’ю. А пасля адвучылася на курсах сядзелкі і даглядала пажылых людзей.

«Я была задаволеная, што ёсць праца. Адзіныя перажыванні былі па дачцэ, якая засталася ў Беларусі.

Сядзелкай я працавала па 57-58 гадзін у тыдзень, была з выхадцамі з былога СССР. З-за таго, што шмат падымала цяжараў, пачаліся праблемы са спінай. Перанесла дзве аперацыі», — дзеліцца яна. 

«Вельмі важна для імігранта, у якое асяроддзе ён трапіў»

У ЗША шмат увагі надаюць ахове жывёл і дапамозе пажылым людзям.

«У нас, дарэчы, у акно ходзяць яноты і апосумы. 

Тут ніхто не сядзіць на вуліцы і не выенчвае грошы. Калі ты бедны, то дадуць субсідаванае жытло, харчовыя карткі і бясплатную медыцыну. Любы пажылы чалавек у Амерыцы абаронены», — тлумачыць Ларыса.

Ігар дапаўняе, што ён за 26 гадоў жыцця ў ЗША ні разу не адчуваў сябе чалавекам другога гатунку. З прыніжэннем па прафесіі ніколі не сутыкаўся.

«Такое можа быць па палітычных поглядах, сэксуальных, расавых прыкметах, але не па працы», — кажа ён.

Фота: асабісты архіў

Англійскую мову Ігар вучыў на працы. Зараз яна ў яго практычна без акцэнту. 

«Тут ніхто не наязджаў, што ты яе не ведаеш, а наадварот дапамагалі. Наступны момант: напрыклад, ты ідзеш у суд, пытаюцца, ці патрэбны перакладчык. І яго даюць. Таксама ў шпіталі прыйдзе рускамоўная медсястра, якая перакладзе.

У Нью-Ёрку законы дасылаюць на чатырох мовах: англійская, руская, іспанская, кітайская.

Вельмі важна для імігранта, у якое асяроддзе ён трапіў. Калі б мне нехта сказаў ісці на гарадскую працу, а не ў лімузін-сэрвіс, я думаю, што мы б цяпер жылі лепш. Больш устойлівае становішча. У Беларусі ў нас заставаліся свае сем'і, якія трэба было падтрымліваць. Мы перасылалі грошы родным. І гэта рабілі абсалютна ўсе мігранты, не толькі мы», — кажа ён.

«Найбліжэйшыя людзі сядзяць побач з табой, а ты нічога не адчуваеш. І яны таксама»

Ларыса і Ігар адзначаюць, што ім вельмі хацелася пабачыцца з роднымі і блізкімі, але ж не вярнуцца ў Беларусь. 

У свой першы адпачынак яны паехалі на такую сустрэчу у Прагу ў 2002 годзе. 

«Убачыліся там з унучкай, якую нарадзіла дачка Ларысы, ёй было 11 месяцаў. Дарэчы, яна ў 2021-м трапіла пад рэпрэсіі ў Беларусі і таксама была вымушаная з'ехаць.

Мы не маглі нікуды выязджаць, бо тады грынкарты чакалі некаторыя па 8 гадоў. У нас былі проста беларускія пашпарты савецкага ўзору. І вось упершыню гэта атрымалася ў пачатку нулявых, мы знялі катэдж у цэнтры Прагі для ўсіх сваякоў. Сустрэліся яшчэ тады з Сяргеем Навумчыкам.

Гэта ўсё каштавала шмат грошай: пералёт, арэнда жытла. Але нам было так радасна, што мы ўбачылі сваіх блізкіх. Потым ужо Ларыса лётала сустракацца ў Вільню, а пазней і ў Беларусь», — расказвае мужчына.

Прыехаў у Беларусь Ігар у 2014-м годзе, каб убачыцца са сваімі блізкімі. 

«Прыйшло разуменне, што мы сталі цалкам чужымі людзьмі, — кажа Ігар. — Сябруеш з чалавекам, а як толькі вашыя шляхі па жыцці разыходзяцца, усё знікае. Інтарэсы знікаюць, размаўляць няма пра што. Было адчуванне, што мы змяніліся, а яны не. Найбліжэйшыя людзі сядзяць побач з табой, а ты нічога не адчуваеш. І яны таксама.

Ігар і Ларыса ў адпачынку ў Маямі. Фота: асабісты архіў

Усе сем'і мігрантаў, якія засталіся ў Беларусі, выкраслілі тых, хто з'ехаў, са свайго жыцця. У спадчыне, напрыклад. Перасталі віншаваць з днём нараджэння. У гэтым годзе я ўпершыню не павіншаваў свайго брата, таму што за 26 гадоў ён мяне ні разу не павіншаваў. У нас няма сваякоў у Беларусі, мы не адчуваем, што там нехта застаўся».

У Ларысы ў маі гэтага года ў Беларусі памерла маці. Яна кажа, што цяпер страціла апошнюю сувязь з Беларуссю. 

«У нас была цяга ў Беларусь з-за іх, — тлумачыць Ігар. — Мы планавалі выйсці на пенсію ў Амерыцы і вярнуцца жыць у Беларусь. Пасля 2020 года зразумелі, што там рабіць няма чаго. І яшчэ, калі я быў у Мінску, адчуў нейкую злосць сярод беларусаў. Таму не было ніякай тугі па краіне, толькі па блізкіх. Радзіма там, дзе твая сям'я. Гэта дакладна.

Ад таго, што адбываецца ў Беларусі, мы не адрываліся доўга. Першыя 10 гадоў вельмі актыўна сачылі, потым не, а ў 2020-м зноў сталі. 

Я агулам лічу, што беларусы цяжкая нацыя.

Раскажу анекдот. Беларус прыехаў у ЗША, знайшоў працу, пабудаваў дом і дзве царквы. У яго пытаюцца: «Табе навошта дзве?» Адказвае: «У гэтую я хаджу, а ў гэтую ні нагой». У той час беларусы і аб'яднанне былі як дзве супрацьлеглыя рэчы».

Фота: асабісты архіў

Цяпер Ігар у ЗША працягвае працаваць кіроўцам, Ларыса — на пенсіі. Дачка жанчыны пераехала жыць у ЗША, а ўнучка — у Еўрасаюз. Мужчына і жанчына не шкадуюць, што ў іх у жыцці ўсё так склалася, кажуць, што гэта лёс. 

«Цяпер толькі праблема, як сустрэцца з унучкай. Вельмі складана ёй атрымаць амерыканскую візу, вялікая чарга. Мы можам паехаць куды-небудзь у Еўрасаюз, пабачыцца, але Каця, яе маці, пакуль не можа выехаць з ЗША, пакуль не атрымае грынкарту. Не бачыліся мы ўжо восем гадоў. І гэта, канешне, няпроста. Але спадзяемся, што з’явіцца якая-небудзь магчымасць», — падсумоўваюць Шаламіцкія.

Чытайце таксама: 

8000 рублёў за арэнду кватэры, іпатэчныя брокеры ды павальная гігантаманія. Беларуска — пра асаблівасці жыцця ў Канадзе

Беларуска з Сіэтла выдала новы каталог беларускіх традыцыйных строяў. Паглядзіце на гэту прыгажосць

Nashaniva.com