Азаронак і Пятроўскі: Нам трэба чырвона-карычневая Расія. Абы не было вайны — гэта лозунг для жанчын
На Youtube з’явіўся відэазапіс дэбатаў з удзелам прапагандыстаў.
03.07.2022 / 11:30
Усе фоты: відэазапіс дэбатаў
З аднаго боку — прапагандысты Рыгор Азаронак і Пётра Пятроўскі. Іх апаненты — Павел Гардзяюк і Павел Захарчанка з псеўдапартыі «Дэмакратычны саюз», створанай пад крылом Юрыя Васкрасенскага.
У пачатку чэрвеня стала вядома пра раскол у гэтай арганізацыі: з чатырох былых удзельнікаў яе палітрады ў аб’яднанні засталіся двое. Праз стаўленне да вайны ва Украіне з «Дэмсаюза» сышлі Аляксандр Казачок і Андрэй Кушнераў (апошні паехаў ваяваць за Украіну на баку беларускіх добраахвотнікаў).
Тэмай дэбатаў выбралі вайну ва Украіне. Праўда, з першых хвілін Пятроўскі паведаміў суразмоўцам ды публіцы, што, маўляў, вайны ва Украіне няма, бо «ні адзін бок яе не абвяшчаў».
Пятроўскі сказаў, што ліквідацыя «гэтага суб’екта міжнароднага права» — так спікер назваў Украіну — уваходзіць у нацыянальныя інтарэсы Беларусі.
У адказ апаненты адзначылі, што падзеі ва Украіне па ўсіх прыкметах адпавядаюць менавіта паняццю «вайна», а не назве «спецыяльная ваенная аперацыя». Тым не менш, вядучы дэбатаў выкарыстоўваў апошняе з абазначэнняў.
Пачынаючы з сярэдзіны дэбатаў, жарсці пачалі распальвацца. Захарчанка адзначыў, што інтарэсы Беларусі ва ўкраінскім канфлікце наступныя: не дапусціць вайны на тэрыторыі Беларусі і ўдзелу беларусаў у гэтай вайне.
На гэтую рэпліку Пятроўскі эмацыянальна адрэагаваў і заўважыў, што «абы не было вайны — гэта лозунг для жанчын».
Якія ж тады, на яго думку, інтарэсы павінна мець Беларусь у гэтай вайне?
«Першае — гэта тое, каб тыя, хто не працверазеў у 2020 годзе, працверазелі і выйшлі з выцвярэзнікаў без хваробы печані і нырак, і зразумелі, што ідэалогія дэмакратыі і правоў чалавека і заходнія каштоўнасці — гэта поўнае фуфло. Другі ўзровень — нам трэба, каб Расія пазбавілася ад чубайсаў у той ці іншай ступені.
Нам трэба — непапулярны лозунг сярод лібералаў — чырвона-карычневая Расія».
Дзіўны тэзіс Пятроўскі патлумачыў наступным чынам: «Нам трэба, каб Вярхоўны Савет 1993 года ў асобе глыбіннай расійскай дзяржавы правёў рэванш. Каб тых алігархаў, якія захапілі расійскую ўласнасць, пасадзілі, і каб нацыяналізавалі тую ўласнасць, якую параскрадалі ў рускіх».
Зрабіць гэта, па меркаванні праўладнага палітолага, трэба так, каб «Расія больш не марыла пра хруст французскай булкі».
І яшчэ некалькі мэтаў ад Пятра Пятроўскага: «Наша задача — каб на нашых межах не было дзяржавы, што ашчацінілася. На сённяшні момант не бачу магчымасці зрабіць гэта нейкім іншым чынам, акрамя ліквідацыі кіеўскага рэжыму. То-бок
мяжа УССР з Польшчай, Венгрыяй і Румыніяй павінна быць новай мяжой Расіі».
Абагульняе свае ідэі мужчына так:
«Наша задача — вяртанне Еўропы ў родную гавань. П***расы, лесбіянкі, звар’яцелыя лібералы няхай выязджаюць куды жадаюць: у Грэнландыю, Ісландыю ці да хобітаў. Але Еўропа будзе ці хрысціянскай, ці ніякай».
Як сябе павінна весці Беларусь пасля заканчэння канфлікту? Азаронак кажа пра «беларусізацыю Расіі», але ж прапануе зрабіць яе хутчэй праз своеасаблівы падыход да эканомікі: «тыя, хто скраў, павінны гэта вярнуць».
Азаронак развівае думку Пятроўскага пра чырвона-карычневую Расію: «Чырвона-карычневы — дрэнна? Але гэта колер абраза Багародзіцы на карычневай дошцы, таму і будзе беларусізацыя Расіі ў чырвона-карычневым праваслаўным тоне».
Пётра Пятроўскі адзначыў, што, як яму здаецца, дзеянні Расіі ва Украіне — гэта толькі пачатак: «Спадзяюся, што і Кітай зробіць спецыяльную ваенную аперацыю на Тайване, і што ў канчатковым выніку пройдзе міжнародны трыбунал над калектыўным Захадам, які нясе прамую адказнасць за ўвесь каланіялізм».
У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступе на Кургане Славы 3 ліпеня адзначыў, што Украіну падтрымліваюць 50 дзяржаў, тады як Расію — адна Беларусь.
«І што яны не ведалі, што ў нас створана ўжо даўно ў саюзе Беларусі і Расіі адзіная групоўка Узброеных Сіл, фактычна адзінае войска. Вы ж гэта ведалі. Дык чаму нас сёння папракаеце? Мы былі і будзем з брацкай Расіяй.
Наш удзел у гэтай спецаперацыі (вайне з Украінай — НН) мною вызначаны даўно. У першы дзень пачатку гэтай аперацыі. Калі я сказаў, успомніце: «Мы нікому не дазволім страляць у спіну рускаму чалавеку».
І мы занялі абарону ад Брэсцкай крэпасці па паўднёвай мяжы, каб не дапусціць гэтага ўдару ў спіну з боку натаўскіх войскаў. Яны гэтага нам дараваць не могуць», — заявіў Лукашэнка.