Па макеце БРСМ. Пакуль адны муралы зафарбоўваюць, улады адкрываюць іншыя ФОТА
Днямі ў Мінску знішчылі мурал беларускага мастака Міці Післяка, створаны ў 2017 годзе ў рамках фестывалю Vulica Brazil. І адкрылі на іншых вуліцах новыя — пад прыглядам ідэолагаў.
03.07.2022 / 16:49
Мурал з'явіўся на вуліцы Ландэра, ён прысвечаны Дню Рэспублікі, пішуць «Мінск-Новості». Называецца ён «Сімвалы маёй краіны».
Фота: адміністрацыя Кастрычніцкага раёна Мінска
Па словах начальніцы ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Марыі Голуб, стрыт-арт да Года гістарычнай памяці прапанавалі зрабіць жыхары раёна. Макет дапамагаў распрацоўваць БРСМ, малюнак на сцяну наносілі камунальнікі.
Мурал бачны з МКАД, яго памер — 280 квадратных метраў.
А вось такі тэматычны малюнак з'явіўся днямі на доме па адрасе праспект Газеты «Звязда», 26-а — у памяць аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, паведамляюць гарадскія ўлады.
Фота: адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска
Фота: адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска
Мурал мастака Міці Післяка падчас зафарбоўкі. Цяпер на яго месцы шэрая сцяна з выявай афіцыйнага сцяга ў куце. Фота: сацсеткі