У Беларусі перастаў існаваць адзін з банкаў

З 5 ліпеня Абсалютбанк змяніў назву і перастаў быць банкам. Цяпер гэта нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «ОптыКурс». Гэтае рашэнне раней было ўзгодненае з Нацбанкам.

05.07.2022 / 14:00

«Оптыкурс» зможа ажыццяўляць наступныя банкаўскія аперацыі:

— прыцягненне грашовых сродкаў юрыдычных асоб, акрамя банкаў-карэспандэнтаў, на рахункі і ва ўклады (дэпазіты);

— адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў юрыдычных асоб, акрамя банкаў-карэспандэнтаў;

— ажыццяўленне разліковага і касавага абслугоўвання фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку банкаў-карэспандэнтаў;

— валютна-абменныя аперацыі;

— давернае кіраванне грашовымі сродкамі па дамове давернага кіравання грашовымі сродкамі;

— інкасацыя наяўных грашовых сродкаў, каштоўных металаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасцяў;

— прадастаўленне фізічным і юрыдычным асобам спецыяльных памяшканняў або змешчаных у іх сейфаў для банкаўскага захоўвання дакументаў і каштоўнасцяў (грашовых сродкаў, каштоўных папер, каштоўных металаў і каштоўных камянёў і інш.);

— перавозка наяўных грашовых сродкаў, каштоўных металаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасцяў паміж банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, іх адасобленымі і структурнымі падраздзяленнямі, а таксама дастаўка такіх каштоўнасцяў кліентам банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый.

Разам з тым з-за змены юрыдычнага статусу банка на нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю ў кампаніі адклікалі ліцэнзію на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці па такіх аперацыях, як:

— прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асоб на рахункі і (або) ва ўклады (дэпазіты);

— размяшчэнне прыцягнутых грашовых сродкаў фізічных і юрыдычных асоб на рахункі і ва ўклады (дэпазіты) ад свайго імя і за свой кошт на ўмовах зваротнасці, платнасці і тэрміновасці;

— адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў фізічных асоб;

— выпуск у абарачэнне (эмісія) банкаўскіх плацежных картак;

— выдача каштоўных папер, якія пацвярджаюць прыцягненне грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты) і размяшчэнне іх на рахунках.

Раней Абсалютбанк трапіў пад санкцыі ЗША і Канады. Яго звязвалі з бізнэсменам Мікалаем Вараб'ём, які таксама знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і ЕС.

Nashaniva.com