Плаціш 10 даляраў у месяц — і атрымоўваеш культурную праграму на святы. Беларус прапануе новы падыход
Гісторык Цімафей Акудовіч зараз жыве ў Польшчы і, як шмат іншых суайчыннікаў, часам наведвае мерапрыемствы для беларусаў. Ён прыдумаў праект «Магістраты культуры», які можа значна палегчыць правядзенне розных культурных падзей ды яшчэ і паспрыяць самаарганізацыі людзей.
07.07.2022 / 10:04
Цімафей распавядае, што ён наведаў некалькі беларускіх мерапрыемствы ў Польшчы і пабачыў агульны недахоп: у беларусаў замежжа ёсць шмат ідэй, звязаных з культурнымі падзеямі, але ж увасабляць іх звычайна няма каму. Гэта звычайная справа, бо такі ж фенамен мужчына заўважаў і ў Беларусі.
«Як мінімум у дзесяці польскіх гарадах ёсць вялікія беларускія супольнасці, і як мінімум частка з гэтых людзей ужо ўладкавалася. Больш за тое, частка з гэтых людзей — айцішнікі, тыя, хто мае магчыма і не самы вялікі даход, але стабільны. Яны хочуць пабачыць нейкія мерапрыемствы, але нешта не складваецца. Актыўнасць ёсць, але яна нейкая спарадычная, і там заўсёды чагосьці не хапае», — заўважае ён.
Таму Акудовіч прапануе паспрабаваць схему замовы або магістрату. Гэта калі людзі аб’ядноўваюцца ў нейкую супольнасць і скідваюцца грашыма, а потым наймаюць менеджара, які рэалізуе іх задумы ў канкрэтным горадзе. Абавязковая ўмова — тое, каб людзі пагадзіліся падтрымліваць такую дзейнасць сістэмна, а не проста пералічыць грошы адзін раз.
Цімафей Акудовіч. Фота: асабісты архіў
Гісторык тлумачыць, што цяпер наша грамадства шырока карыстаецца механізмам данатаў. То-бок з’яўляецца нейкая яркая асоба і кажа: маўляў, я бачу праблему і магу яе вырашыць, скіньцеся мне грашыма. Як мяркуе Акудовіч, гэта добрая схема, бо ёсць чалавек, які нечым гарыць, і на яго пераносяць адказнасць за дзеянні. Ніхто нікому нічога не вінен, то-бок гэта дамова на даверы, і схема працуе.
Але ж у гэтай схеме ёсць дзве праблемы:
«Па-першае, тут немагчыма пабудаваць нейкую стабільную дзейнасць, бо ўсё адбываецца на эмоцыях. А па-другое, той, хто атрымлівае данаты, робіць тое, што хоча ён, а інтарэсы людзей не заўсёды закрываюцца. Я прапаную іншы механізм: людзі збіраюцца, разам вырашаюць, чаго б яны хацелі ў сваім горадзе, дамаўляюцца падтрымаць гэтую дзейнасць цягам паўгода ці года і наймаюць менеджара, які можа ёй займацца».
Свой праект Цімафей называе палітыкай на самым нізавым узроўні, калі людзям трэба сесці і дамовіцца аб нечым. А яшчэ ён лічыць гэта прынцыпова іншым механізмам культурнай дзейнасці беларусаў у свеце, які можа быць добрым дадаткам да ўсіх іншых механізмаў — той жа схемы данатаў ці грантавай дзейнасці.
Што можна замовіць у такога менеджара? Ды ўсё што заўгодна, нават правядзенне простых навагодніх ранішнікаў, бо і з гэтым не заўсёды даюць рады ў беларускіх суполках за мяжой. Цімафей згадвае: «У гэтым годзе, наколькі я пабачыў, на ўсю Варшаву было літаральна 2-3 беларускія ранішнікі, пры тым што тут жывуць дзясяткі тысяч беларусаў, і шмат у каго з іх ёсць дзеці. Таму такія падзеі шмат каму трэба, і іх можна было б загадзя планаваць».
Таксама сярод меркаваных варыянтаў замовы Цімафей прапануе арганізацыю гурткоў, канцэртаў ці тэатраў, пошук грантаў, каб суполка магла атрымаць больш вялікія рэсурсы на сваю дзейнасць. У рэшце рэшт, не абавязкова засяроджваць увагу менавіта на культуры, бо камусьці можа быць больш важнай, напрыклад, сацыяльная дзейнасць.
Зараз Цімафей з паплечнікамі плануе заняцца падрыхтоўчай працай, каб зразумець, што за падзеі жадаюць бачыць беларусы і наколькі ім ўвогуле цікавая схема магістратаў.
«Думаю, што зараз на гэта гатова не так шмат людзей, бо сама ідэя на самой справе крыху складаная. Згодна з логікай магістрата, ты цягам года падтрымліваеш нешта, вынікі чаго пабачыш не адразу. Гэта не прадукт, які ты атрымліваеш, як толькі за яго заплаціў, гэта больш стратэгічная штука. Не кожны зразумее, чаму ён павінен кожны месяц выдзяляць па 10 баксаў, калі ён пабачыць вынікі толькі праз год, і тое гэта не гарантавана», — кажа гісторык.
Але справа не толькі ў колькасці. Адной з задач праекта Цімафей называе жаданне паказаць, што схема магістратаў працуе і можа даваць доўгатэрміновыя вынікі. Калі ў нейкім горадзе вакол магістрата складзецца вялікая супольнасць, такая супольнасць можа нават запланаваць цягам пяці год набыць сябе памяшканне пад сваю дзейнасць і праз данаты гэта зрабіць.
Што да юрыдычнага афармлення, гэтае пытанне пакуль да канца не распрацаванае. Акудовіч мяркуе, што чым большымі будуць супольнасці людзей, якія атрымаюцца ў выніку праекта, тым больш патрэбная будзе юрыдычная фіксацыя дамовы паміж менеджарам і магістратам. Але калі супольнасць будзе невялікай, яна зможа дзейнічаць на даверы.
«Гэты праект, з аднаго боку, пра пашырэнне беларускай культуры ў гарадах. Відавочна, што тыя падзеі, што ёсць зараз, не закрываюць ўсіх патрэбаў людзей, ёсць сэнс актывізаваць дзейнасць. А з другога боку, гэта палітычны праект, бо ён пра самаарганізацыю беларусаў. Палітыка — гэта не толькі пра нейкі парламент. Палітыка — гэта пра тое, як збіраць рэсурсы, дзяліць іх, выдзяляць іх каму-небудзь і потым атрымліваць справаздачы, не пасварыўшыся. Для мяне праект магістратаў — трэніроўка беларускага палітычнага поля на самым нізавым узроўні. Гэта будзе складаная бітва, але я думаю, што яна вельмі патрэбная», — рэзюмуе Акудовіч.