«Я напружыўся крыху». Беларусы, якія сядзяць у Tinder, расказалі пра свае няўдалыя спатканні і сэкс
У эпоху актыўнага развіцця сацыяльных сетак многія ўжо прывыклі знаёміцца з дзяўчатамі і хлопцамі ў інтэрнэце. Апошнія некалькі год большасць гэта робіць праз Tinder. Пагаварылі з беларусамі, якія ім карыстаюцца, і даведаліся, колькі ў іх было няўдалых спатканняў і наколькі адрозніваецца Tinder у Беларусі і за мяжой.
09.07.2022 / 13:54
Ілюстрацыйнае фота
«У мяне дзве задачы: зносіны і пошук палавога партнёра»
Алене (імя зменена) 21 год. Упершыню дзяўчына зарэгістравалася на сайце знаёмстваў, калі ёй было 15. У 2018-м яна спампавала тындар.
Усяго за гэты час у Алены было больш за 35 спатканняў. Палова з іх няўдалыя.
«У падлеткавым узросце яшчэ няёмка знаёміцца, быў страх адмовы (не ведала, што ў такім выпадку рабіць). Але праз нейкі час я ўжо пачала разумець, што спатканне, сам чалавек, могуць не спадабацца і гэта нармальна.
Раней успрымала як трагедыю, калі спатканне праходзіла так сабе, адхілялася ад людзей, не хацела ні з кім больш сустракацца. У цэлым спатканне, зносіны — гэта вельмі энергазатратна. У падлеткавым узросце асабліва ў мяне гэта забірала рэсурсы», — расказвае яна.
Знаёміцца з хлопцамі такім чынам Алена пачала ад няўпэўненасці ў сабе.
«Калі робіш гэта ўжывую, тут больш верагоднасць, што ты атрымаеш нейкую рэзкую адмову, — кажа яна. — Мне спакайней, калі ў мяне з чалавекам, з якім я пайду гуляць, няма агульнага кола знаёмстваў, адчуваю сябе больш бяспечна.
Сам тындар мне не вельмі падабаецца, там трэба купляць падпіску, каб бачыць тых, хто цябе абраў. Але зручна ў такога роду прыкладаннях тое, што ты можаш хутка ацэньваць сімпатычны табе чалавек ці не, адразу пачынаць зносіны. Галоўнае — не займацца ідэалізацыяй партнёра перад спатканнем, па факце можна расчаравацца».
Алена кажа, што частыя спатканні на яе вельмі паўплывалі. Цяпер яна не баіцца праяўляць сябе, размаўляць з новымі людзьмі.
«Першае маё спатканне праз сайт знаёмстваў было яшчэ ў падлеткавым узросце. Нічога асаблівага, проста пагулялі з ім. Нават размовы ў нас былі вельмі прыземленыя, расказвалі адно аднаму пра сябе, дзе вучымся.
Я была наіўная і рамантычная натура, мне здавалася, што вельмі хутка такім чынам можна ўступіць у адносіны. Цяпер проста атрымліваю задавальненне ад спатканняў. Я іду добра правесці час, мне без розніцы, працягнем мы зносіны з чалавекам ці не. Калі мы адно аднаму спадабаемся, то гэта будзе проста прыемны бонус. Яшчэ я ўвесь час памятаю, што ў мяне ёсць выбар».
Да 2021 года Алена хадзіла на спатканні ў Беларусі. Потым дзяўчына пераехала ў Польшчу. Кажа, што глабальнай розніцы ў працэсе знаёмстваў няма.
«Мы першапачаткова выбіраем людзей, якія падобныя да нас, маюць такія ж каштоўнасці, — тлумачыць яна. — Тут больш адчуваецца розніца ў менталітэце. На спатканні з палякамі я яшчэ не хадзіла, але была з украінцамі. Яны вельмі адрозніваюцца ад беларусаў, нашмат свабодней усё праходзіць.
Адзначыла для сябе такую рэч, што мы, беларусы, свядома зрабілі выбар быць свабоднымі толькі зараз, а яны, у гэтай свабодзе, з самага нараджэння. Для іх гэта звычайная рэч.
Часам у нас здаралася недастатковае разуменне, чалавек казаў, што ўся гэтая палітыка глупства, не варта звяртаць на яе ўвагу. Тады я казала, што мне непрыемна, калі так гавораць, бо я пацярпела ад гэтай палітыкі».
Алена не падзяляе спатканні на правальныя і паспяховыя ў сэнсе з'яўлення адносін у будучыні. Яе крытэрый — наколькі добра яна правяла час і ці было аб чым паразмаўляць з хлопцам.
«А бывае так, што час правяла добра, але працягваць зносіны з чалавекам не хочацца. Нельга сказаць, што правальнае спатканне, проста не падышлі адно аднаму, людзі ж розныя. Спатканні, якія мне не спадабаліся, былі. На іх мы проста маўчалі, не ведалі, пра што паразмаўляць. Гэта дзіўна.
Самае лепшае спатканне было з хлопцам, які паклікаў мяне адразу пагуляць у настольныя гульні разам з яго сябрамі. Мяне тады здзівіла, наколькі людзі адкрытыя. Пасля мы гулялі ў кампліменты. Было цікава для сябе адзначаць, што думаюць пра цябе іншыя людзі. І гэта таксама вельмі моцна мяне змяніла, я стала больш давяраць людзям, з’явілася ўпэўненасць у сабе», — дзеліцца яна.
Алена ўспамінае, што ў яе было спатканне, пасля якога хлопец прапанаваў ёй пачаць адносіны. Казаў, што кахае яе.
«Я зразумела, што тут нешта не так, перастала з ім размаўляць. Адносіны праз тындар у мяне ні разу не завязваліся, няма такой мэты.
Магу сказаць, што калі вы збіраецеся рэгістравацца ў тындары ці на сайце знаёмстваў, трэба дакладна разумець, навошта вам гэта. І потым ад гэтага адштурхоўвацца. У мяне дзве задачы: зносіны і пошук палавога партнёра.
Да сэксу з хлопцам з тындара я стаўлюся спакойна. Але не на першай сустрэчы, канешне. Тут пытанне самаадчування.
Адзін з сяброў мне ўвогуле сказаў, што дзяўчатам з гэтым проста, калі захацела, то прапанавала.
Плюс такога досведу, што ты нічога не будуеш. Бывае, што адзін хоча сэксу і пасля адносіны, а другі, напрыклад, проста сэксу. А так адразу зразумела, што будзе далей», — кажа яна.
«На першым спатканні хлопец прапанаваў заняцца сэксам»
Кацярыне (імя зменена) 23 гады. Тындар дзяўчына спампавала ў 2019-м. Тады яна пакарысталася прыкладаннем некалькі гадзін і выдаліла.
«Першапачатковая мэта — знаёмствы. Гэта самы зручны спосаб. Мяне хапіла на пару гадзін. Сама канцэпцыя тындара мяне не задавальняе. Як можна выбіраць чалавека проста па знешнасці? Нагадвае краму», — кажа яна.
Так дзяўчына спампоўвала і выдаляла тындар сем разоў. Яе раздражнялі пытанні, з якіх пачыналі знаёмства з ёй хлопцы.
«Што робіш, што новага?» Чалавек не ведае, якое было старое, і ўжо пытаецца пра новае. Яны ўвогуле не затлумляюцца з нагоды таго, што выкласці ў тындар. На застаўку могуць паставіць нейкую машыну, нават не сваю. І апісанне прыкладна такое: «паглядзі на мяне, я мужык, кахай мяне», — кажа яна.
Дзяўчына схадзіла на адно спатканне. На ім хлопец адразу прапанаваў заняцца сэксам. Ёй гэта не падыходзіла, і яна сышла. Дзяўчына лічыць, што і сама сустрэча была правальнай.
У гэтым годзе Кацярына з’ехала жыць з Беларусі ў Літву. І зноў спампавала тындар.
«У гэты ж вечар мяне хлопец паклікаў на спатканне. Не было страху і ніякіх сумневаў. Мы правялі цудоўна вечар. Каталіся па начной Вільні, пілі каву, размаўлялі, смяяліся. Тут хлопцы адкрыта пішуць, калі іх цікавіць толькі сэкс. З гэтым хлопцам у нас адносіны не склаліся, але мы сталі сябрамі, маем зносіны.
Я схадзіла на тры спатканні, мне расказалі пра жыццё ў Вільні, дапамаглі адаптавацца.
Для мяне тындар — гэта магчымасць наладзіць кантакты. Таксама там можна шукаць сябровак. Проста напісаць у апісанні, што ты не прадстаўнік ЛГБТ-супольнасці, а шукаеш знаёмствы. Гэта таксама добра працуе», — раіць яна.
«У профілі сам магу вырашыць, пра якія свае бакі расказваць, а пра якія не»
Фёдару (імя зменена) 22 гады. Хлопец спампаваў тындар у 2018 годзе.
Прыкладаннем ён карыстаўся некалькі тыдняў, а потым выдаліў. Кажа, што вельмі складана людзі ішлі на кантакт, рэдка хто хацеў схадзіць на спатканне.
«Лайкаеш каго-небудзь — ніхто не піша. Ты пішаш — не адказваюць. Наогул, я ў Беларусі адчуваў асуджэнне з боку знаёмых наконт гэтага. Мне было страшна свяціцца ў тындары, асабліва баяўся, што сустрэну там кагосьці са сваіх знаёмых. Некалькі такіх сітуацый было, супер няёмка. У цэлым за ўвесь гэты час у мяне было 9 спатканняў, магу сказаць, што штук 6 з іх прайшлі паспяхова», — кажа ён.
У гэтым годзе Фёдар з’ехаў з Беларусі ў Францыю. Там ён зноў спампаваў тындар.
«Хацелася падняць сабе самаацэнку, — тлумачыць хлопец. — Не было першапачаткова ў планах ні з кім ісці на спатканне. Паставіў пару сваіх фатаздымкаў, апісанне, і за пару дзён у мяне назбіралася каля 500 паведамленняў. Я парадаваўся гэтаму факту, нікому не адказаў, зноў выдаліў тындар. Самаацэнка паднялася, больш нічога не патрабавалася».
З Францыі Фёдар паехаў жыць у Літву. У чарговы раз хлопец спампаваў прыкладанне. У Вільні ў яго было мала знаёмых, ён хацеў завесці больш.
«У мяне тут ёсць знаёмыя-беларусы, але мне не хацелася заставацца ў імігранцкай тусоўцы. Як знаёміцца з людзьмі інакш у такім выпадку, я не ведаю. У парку прыставаць да людзей неяк не вельмі добра, на тусоўкі я хаджу, але рэдка.
Адразу звярнуў увагу, што людзі тут вельмі адрозніваюцца. Лайкаеш чалавека, ён цябе таксама, адразу прыходзіць нейкая канкрэтная прапанова. Напрыклад, сустрэцца адразу ўвечары ў гэты дзень. Шмат хто піша, відаць, што людзі не ламаюцца і для іх знаёмства такім чынам звычайная справа», — расказвае ён.
Фёдар успамінае, што першае яго жудаснае спатканне праз тындар было яшчэ ў Беларусі.
«Пазнаёміўся з хлопцам, спадабаўся. У перапісцы ўсё было супер, шмат чаго супольнага, нармальна размаўлялі. Але калі сустрэліся, дык на тэмы, якія мы абмяркоўвалі раней, ён нічога не мог сказаць.
Яшчэ ў мяне было спатканне з дзяўчынай. Мэта — заняцца сэксам і больш ніколі не пабачыцца. Яна таксама так хацела. Тут быў станоўчы досвед», — згадвае ён.
У цэлым хлопец кажа, што большасць спатканняў прайшлі для яго паспяхова. Ён знаходзіў супольныя тэмы для размоваў, супадаў з партнёрамі ў жаданнях у сэксуальным жыцці.
«Чым мне падабаецца тындар, што я ў профілі сам магу вырашыць, пра якія свае бакі расказваць, а пра якія не.
Вось пазнаёміўся з французам, які ўжо восем гадоў жыве ў Францыі. Мы думалі спачатку пагуляць, але быў дождж і я проста пайшоў да яго дадому. Мы пагутарылі, заняліся сэксам. Няёмка тое, што ён жыве вельмі побач са мной і мы неяк перасекліся ў краме пасля.
Калі чалавек не беларус, то я яму расказваю пра нашу краіну. І гэта адразу тэма, у якой ёсць пра што паразмаўляць.
Запыту на адносіны ў мяне няма, але калі так атрымаецца, што яны завяжуцца, то я не супраць», — тлумачыць хлопец.
На спатканні з адным літоўцам сістэма тындара, як кажа Фёдар, зламалася. Яны бачыліся ўжо чатыры разы і яшчэ ні разу не цалаваліся.
«У яго бацька святар, можа быць, гэта неяк уплывае. Але мяне напружвае гэта сітуацыя, — кажа хлопец. —
Да Тындару я стаўлюся больш як да гульні. Там адразу ставіш, што цябе цікавіць. У мяне — нічога сур'ёзнага. І лагічна, што ў працэсе вы можаце перайсці адразу да сэксу або пагуляць і забыць увогуле потым адно пра аднаго».
Страху атрымаць нейкі траўматычны досвед пры сустрэчы з новым чалавекам у Фёдара няма.
«Калі мне захочуць фізічна нешта дрэннае зрабіць, дык я магу даць адпор. Упэўненасці ў мяне дастаткова, каб сысці, калі будзе нешта адбывацца незразумелае. Але адна мая знаёмая нядаўна сказала, што яна баіцца карыстацца тындарам, бо нехта з беларускіх спецслужбаў яе можа такім чынам высачыць. Я напружыўся крыху, не думаў пра бяспеку ў такім рэчышчы».